Традыцыйна ў другой палове вясны на Ушаччыне адной з першачарговых задач становіцца барацьба з баршчэўнікам. У гэты перыяд расліна актыўна пускаецца ў рост, нельга губляць ніводнай спрыяльнай гадзіны, таму справа ў розных кутках раёна кіпела нават у святочныя дні. Сёлета, як і ў мінулым годзе, работы па яго абмежаванні на тэрыторыях агульнага карыстання вядуцца сіламі падраздзяленняў Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якое зноў выйграла адпаведны тэндар.
Зараз на хімапрацоўцы задзейнічана 15 брыгад з розных райаддзелаў, у складзе якіх каля 90 чалавек. Знішчаюць шкодную расліну і землекарыстальнікі: лесаводы, дарожнікі, энергетыкі.
На гэтым тыдні разам з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаілам Шуком мы пабывалі ў розных сельсаветах і паназіралі за работай брыгад. За фермай у вёсцы Глыбачка баршчэўнік заняў немалы ўчастак, так што апрацоўшчыкі правялі тут некалькі гадзін. У момант нашага прыезду хлопцы якраз запраўлялі ёмістасці апырсквальнікаў. “Ва Ушачах мы ўжо больш двух тыдняў: паспелі прайсці Двор Пліна, Старое Сяло, Строкты, Матырына, Салонец і іншыя вёскі, – падзяліўся з намі начальнік пажарна-выратавальнай часці №1 Шаркаўшчынскага РАНС Мацвей Аўласенка. – Узгадняем дзеянні з работнікамі Ушацкага сельвыканкама, кантактуем са старэйшынамі вёсак – у апошніх, напрыклад, удакладняем, ці ёсць у жыхароў пасекі. Усё робім у адпаведнасці з інструкцыямі, ацэньваем умовы надвор’я, рэльеф і іншыя фактары. Так, калі моцны вецер дзьме ў бок сядзіб, прылеглыя да іх участкі абмінаем, вяртаемся потым у другі раз. Прыслухоўваемся да заўваг вяскоўцаў: некаторыя падказваюць, дзе яшчэ трэба знішчыць расліну, а асобныя, наадварот, просяць не распыляць прэпарат паблізу іх агародаў, абяцаюць самі навесці там парадак”.
На барацьбу з баршчэўнікам ва Ушацкім раёне ў гэтым сезоне вылучана 610 тысяч рублёў. На ўчарашнюю раніцу было апрацавана больш 800 гектараў забруджаных плошчаў.
Пасля цяжкай змены работнікі могуць адпачыць у камфортнай абстаноўцы: іх размясцілі ў новым інтэрнаце для спартсменаў. Задаволена ўмовамі і брыгада з Браслава, якая ў той дзень шчыравала ў Вярхоўі. А выратавальнікі з бліжэйшых раёнаў прыязджаюць на аб’екты штодня. Сваю лепту ў справу ўносіць і брыгада нашага райаддзела – як і належыць гаспадарам, яна ўзяла на сябе моцна забруджаны Вяркудскі напрамак.
Учора ход работ па знішчэнні баршчэўніку быў прааналізаваны на пасяджэнні райвыканкама.Дзейнасць у гэтым напрамку атрымала станоўчую ацэнку.
“Сёлета план па апрацоўцы складае 1304 гектары – на 92 больш, чым летась, – расказвае М.Шук. – Пры гэтым новых тэрыторый амаль не дадалося, павялічылася лічба за кошт тых, што знаходзіліся на кантролі і зноў пачалі зарастаць. Што датычыцца якасці выканання работ, то яна, як заўжды, пад пільным кантролем: аплата падрадчыку паступіць толькі пасля прыёмкі камісіяй”.
Большасць жыхароў раёна з разуменнем ставяцца да правядзення работ, аднак некаторыя выказваюць занепакоенасць, што гэта нашкодзіць дамашняй жывёле. Як паведамілі нам у раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, хімапрацоўка вядзецца камбінацыяй гербіцыда “Тэрсан” і гліфасата “Спрут Экстра” (менавіта такі састаў паказаў найбольшы эфект). Абодва прэпараты належаць да ІІІ (невысокага) класа экалагічнай небяспекі і ўносяцца ў рэкамендаваных дозах – у адпаведнасці з Дзяржрэестрам. Што датычыцца пчол, то ў цяперашні перыяд, калі расліна яшчэ не цвіце, яна іх не прываблівае. Відавочна, што дбайны гаспадар не павядзе пасвіць казу ці карову на толькі што апрацаваны баршчэўнік, і хоць масавага атручвання жывёлы ў падобных сітуацыях не назіралася, у любым выпадку тыя, хто моцна непакоіцца пра сваіх гадаванцаў, могуць абмежаваць іх “прагулкі” па забруджаных шкоднай раслінай месцах.
Наталля БАГДАНОВІЧ.