Ліса прыгледзела корм у “царскім сяле”, Градзянцы і сістэматычна знішчае курэй. Такія звароты паступілі ў райвыканкам ад жыхароў названых мікрараёнаў, але адрасоў магло быць намнога больш. А вось яшчэ адзін сігнал аб нахабнасці драпежніка агучыла жыхарка, якая ўбачыла рыжую ноччу на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. І гэтым таксама нікога не здзівіць. Факты разгульвання ліс нават днём па вуліцах буйных гарадоў фіксуюцца кожны год. Летась здымкі рыжай хітруні рабіліся ў Гродна. Сёлета знаёмы масквіч сфатаграфаваў драпежніцу з балкона сваёй кватэры. І тым не менш мы спрабавалі высветліць, што рабіць, калі вас палохае блізкасць нахабнага звера. А дапамагаў нам у гэтым вядучы паляўніцтвазнаўца Полацкай міжраённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Вадзім Аляксандравіч ШУЛЬГА.
Лёгкі корм на падворках
Падобныя сігналы, толькі з вёсак, паступалі і раней. Дзікая жывёла ўвогуле перастала баяцца чалавека і за кормам усё часцей ідзе ў населеныя пункты. У нас на вуліцы Ленінскай гаспадарам сёлета давялося ставіць агароджу нават ад балот, паколькі козы сістэматычна знішчалі на градках капусту і буракі. Ну а лісіныя норы наогул па ўсім наваколлі на ўскрайку Ушач, таму бачым мы рыжую часта, прычым, прыходзіць да хлявоў нават у светлы час і калі людзі ўсяго ў пары метраў. Гэта зусім не азначае, што драпежнік шалёны. Ён проста хоча есці, а ў канцы лета, калі ўжо падрасло патомства, іх паляванне становіцца больш актыўным – маці вучыць лісянят знаходзіць здабычу. На падворках гэта зрабіць лягчэй, чым у лесе.
За мінулы год на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў Ушацкага раёна застрэлена 136 лісіц і 62 янотападобныя сабакі.
Ахова хатняй жывёлы – справа рук самога гаспадара. Загоны для курэй і хлявы трэба зрабіць недасягальнымі для пранікнення драпежніка. Прычым, на сваёй тэрыторыі дазваляецца самастойна пазбаўляцца ад няпрошанага госця нават без атрымання адпаведнага дазволу, аднак, агульнанебяспечнымі спосабамі. Напрыклад, можна ставіць пасткі з жывой прынадай, капканы, хаця ў апошнія ліса наўрад ці трапіць – у яе вельмі развіты нюх, а хатнія каты і сабакі могуць стаць лёгкай здабычай, прычым, калі гэта акажацца чужая і дарагая жывёла, вас могуць яшчэ і прыцягнуць да адказнасці. Часта наведваецца ліса на падворкі і таму, што прыкмеціла там пакінутыя рэшткі адходаў, у якіх можна пажывіцца.
Не варта падыходзіць, каб сфатаграфаваць лісіцу зблізку. Рэакцыя любога звера непрадказальная.
Паляваць у горадзе нельга
Згодна правілаў палявання дзікую жывёлу ў межах населенага пункта (як і бадзяжных сабак) адстрэльваць забаронена катэгарычна. А вось адлаўліваць і ўсыпляць адпаведнымі прэпаратамі спецыялісты могуць, хаця датычыцца гэта выключна хворай. Патэлефанаваць у такім разе можна выратавальнікам або ў міліцыю (кароткія нумары 112 і 102) і яны скаардынуюць далейшыя дзеянні. Аднак, гэта задача на перспектыву, а што рабіць непасрэдна ў момант непажаданай сустрэчы? Па-першае, ведайце: здаровая лісіца, як і іншы звер, без падставы кідацца на чалавека не будзе, а сама паспрабуе ўцячы. Калі ж ліса скаліцца і не адыходзіць, аддаляйцеся, не паварочваючыся спіной. Магчыма, блізка лісяняты і звер спрабуе абараніць патомства. Адпужваюць драпежніка гучныя гукі, яркае святло. Іншая справа, калі жывёла шалёная. Прыкмета хваробы – аблезлая скура, цячэ сліна, ліса заходзіць у двор і не пужаецца сабак ці чалавека. Каб яна не ўкусіла, можна абараніцца палкай ці іншым прадметам. Забітую аддаюць на экспертызу ў ветэрынарную станцыю, бо шалёная ўяўляе пагрозу і прымаюцца каранцінныя меры.
Вольга КАРАЛЕНКА.