Алена Іозо Маслюк на старонкі газеты трапляла неаднойчы. І кожны раз з новай нагоды: як прыёмная маці, ініцыятыўны культработнік, чыё імя летась было занесена на раённую Дошку гонару, і нарэшце – як старэйшына аграгарадка Глыбачка і старшыня ветэранскай пярвічкі гэтага населенага пункта, якой яе абралі сёлета.
Чаму выбар трапіў менавіта на яе, хоць у аграгарадку шмат ініцыятыўных маладых пенсіянераў? Па-першае, таму што сумяшчаць два гэтыя грамадскія абавязкі лагічна, бо будуюцца яны на зносінах з аднавяскоўцамі. Ну а галоўнае, з-за яе характару – неабыякавага, няўседлівага. Яна і сама лёгка адгукаецца на любую прапанову, і іншых заахвоціць. Ды і без падказак аказваецца ў гушчыні падзей, як, напрыклад, сёлета падчас адкрыцця помніка ў вёсцы Павулле. Адклала хатнія справы і прыехала самастойна з кветкамі, каб пакласці іх да імёнаў партызанаў і чырвонаармейцаў, як рабіла гэта неаднойчы, калі жыла ў Вяркудах. Калі ж я ўбачыла ў маі стыльную маладжавую жанчыну з кароткай стрыжкай – не адразу пазнала Алену.
“Старшыня савета ветэранаў Н.А.Васілеўская экскурсію для актыва ў Палац Незалежнасці запланавала, чакаю гэту падзею. А ў перспектыве мяркую падключаць да вандровак нашых глыбачанцаў – у нас многа цікаўных людзей. Ды спраў агульных заўсёды хапае. Пляж больш утульным сёлета зрабілі, і вельмі вялікі суботнік вясной правялі ў нашым культавым месцы – бярозавым гаі і на рукшанскіх могілках. Менавіта талакой і можна зрабіць нешта значнае, – расказвае жанчына і закранае хвалюючыя тэмы. – Прасілі мы падчас сустрэчы кіраўніцтва раёна з насельніцтвам аб тым, каб аўтобусны прыпынак зрабілі пры выездзе з Глыбачкі ў полацкім напрамку, каб у зваротны бок не ісці з сумкамі пры запланаванай паездцы. Паабяцалі, што летась, калі будзе асфальтавацца дарога, прадугледзяць. Хацелася б арэлі ды малыя архітэктурныя формы ля клуба паставіць, каб дзеці маглі гуляць, аднак самім зараз такое майстраваць нельга, вельмі вялікія патрабаванні да бяспекі. А падчас канікул у нас тут многа падлеткаў збіраецца. А ўвогуле асабліва няма на што скардзіцца. Вуліцы летась заасфальтавалі, аўтакрама ходзіць і магазіны прыватныя ёсць. Людзі імкнуцца навесці прыгажосць ля дамоў”.
Пацвярджэннем таму была і сядзіба Маслюкоў, вакол якой юнак касіў траву. Гэта адзін з сыноў Алены, які стаў сваім падчас яе работы прыёмнай мамай. Зараз хлопец вучыцца ў каледжы, а летам не захацеў ехаць да родных, як і раней, праводзіць канікулы ў Глыбачцы, дапамагае. А Алена Іозо і Дзмітрый Фядосавіч падтрымліваюць сувязі і дапамагаюць усім, хто аперыўся пад дахам іх двухпакаёвага катэджа, дарэчы, аднаго з блізнят, пабудаваных гаспадаркай па вуліцы Паўднёвай. Дагледжаных дамоў з шыкоўнымі кветнікамі і вялікімі парнікамі у аграгарадку шмат. Апрацоўваюць зямлю, трымаюць гаспадарку. І ў гэтым у Маслюкоў таксама можна павучыцца.
Усяго тры месяцы белым бройлерным індыкам, а па памеры яны ўжо – як звычайныя. Алена заказвала яйкі гэтай чэшскай пароды на адной з фірм, а выводзілі ва ўласным інкубатары, як і звычайных нясушак розных парод. Тэмпературны рэжым патрэбны асаблівы, таму даводзіцца павазіцца. Яшчэ ў адным з засекаў трохтыднёвыя цаплюкі вагой ужо перавышалі звычайную курыцу. Зноў жа – бройлеры, якіх нават не выпускаюць бегаць, і яны, не да канца аперыўшыся, ледзь трымаюць нарошчаныя грамы. Цяпліца ломіцца ад памідораў і перцаў, усё гэта ператворыцца ў тушонкі і салаты, зноў жа, каб было чым пачаставаць уласных і чужых дзяцей.
Не змагла не закрануць быт Маслюкоў, бо ён такі ж – як у пераважнай большасці працавітых глыбачанцаў. А гэта значыць, што жыве старэйшына аграгарадка аднымі клопатамі са сваімі аднавяскоўцамі. На суботніках першая не толькі сама, але абавязкова і Дзмітрый Фядосавіч на ўласным трактары.
Вольга КАРАЛЕНКА.