Ужо не першы год актывісткі Беларускага саюза жанчын прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі “Збяром партфель разам”. Яны маці, таму добра разумеюць, наколькі затратна і клопатна падрыхтаваць дзіця да новага навучальнага. Асабліва калі школьнікаў у сям’і некалькі. Любая дапамога ў такім разе – вельмі дарэчы, таму і паспяшаліся жыхаркі Ушаччыны аказаць яе сваім землякам.
У апошнія жнівеньскія дні прадстаўніцы грамадскага аб’яднання з прыемнай місіяй наведалі вёску Вуглы Жарскага сельсавета. Адрасатаў, якім да Дня ведаў неабходна падтрымка, падказала старшыня мясцовага сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка. Сям’я Іваніцкіх пераехала сюды з Шуміліншчыны, на новым месцы лішняй капейкі не бывае. Тым больш, што дачушку Сафію трэба адправіць у другі клас, сына Марка – у дзіцячы садок, ды і самых маленькіх – двайнят Віталя і Веру, якія з’явіліся на свет тры месяцы таму – без належнага догляду не пакінуць.
Гасцям у гэтым доме, сапраўды, былі вельмі рады. Пакуль малыя з цікавасцю разглядалі змесціва падораных ім “скрыначак для ведаў”, мнагадзетная маці Любоў расказвала, як гасцінна прынялі іх на Ушаччыне. Іваніцкія ўжо падалі дакументы на прызначэнне сямейнага капіталу, заўсёды на сувязі з імі сельвыканкам, ну а падчас прыгаданай сустрэчы начальнік ЦБП №237 у г.п.Ушачы ААТ “Белаграпрамбанк” Дзіна Міхайлаўна Садоўская расказала пра выгадныя ўмовы крэдытавання, якімі зараз можа скарыстацца сям’я.
А ў Віцебску тым часам БСЖ арганізаваў дабрачыннае свята для сямей, у якіх выхаваннем дзяцей займаюцца таты. Мы ўжо расказвалі пра Мікалая Спірыдонава і яго дачушку Кацю, якія сем гадоў таму засталіся адны. Іх і накіравалі ад раёна на мерапрыемства. “Уражанні проста перапаўняюць! – не хавалі эмоцый яны. – Розныя гульні, квэсты, прысмакі, кулінарнае шоу, у якім дзеці самі пяклі аладкі…” Дарэчы, трэцякласніца з Ушач з падобным таксама справіцца: усе дамашнія справы яны выконваюць з бацькам разам, у вольны ж час любяць схадзіць на возера, пакатацца на мапедзе.
Не маглі не завітаць актывісткі жаночай арганізацыі і да ўшачанкі Вольгі Магерка, удастоенай нядаўна Ордэна маці. З васьмярых дзяцей, якія цяпер знаходзяцца “пад яе крылом”, ажно пяцёра ходзяць у школу – альбомы ды алоўкі, іншыя канцылярскія прылады дакладна спатрэбяцца! Нагода парадавацца набліжэнню Дня ведаў была і ў самых маленькіх: госці наладзілі для ўсіх салодкі стол.
“Рабіць такія добрыя справы нескладана і вельмі прыемна, – кажа старшыня Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Д.М.Садоўская. – Далучайцеся – і іх будзе яшчэ больш!”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымках: падарункі для сям’і Іваніцкіх; Каця і Мікалай Спірыдонавы на свяце ў Віцебску.