Нести тепло и уют в дома людей — главная задача коллектива Ушачского района электрических сетей

К профессиональному празднику

Пагадзіцеся, што напэўна ёсць нейкая сімвалічнасць у тым, што Дзень энергетыка супадае з самым кароткім днём у годзе, з-за чаго сэнс працы людзей, прысвяціўшых сваё жыццё таму, каб несці ў нашы дамы святло і цяпло, у халодны снежаньскі дзень усім відавочны.

Энергетыка – унікальная галіна. У сучасным свеце яна з’яўляецца асновай развіцця грамадства, бо менавіта ад яе напрамую залежыць праца прамысловых прадпрыемстваў, дзяржаўных устаноў, школ, бальніц, цяпло і ўтульнасць любога дома, а ў канчатковым выніку – якасць жыцця кожнага чалавека. Тое, што калісьці называлася “лямпачкай Ільіча”, змянілася ззяннем прыгожых люстраў, блакітнымі экранамі тэлевізараў і манітораў, зіхаценнем вітрын магазінаў, працай шматлікай “разумнай тэхнікі”, без якой цяжка ўявіць сучасную рэчаіснасць.

У энергетычным комплексе працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія захоўваюць высокі ўзровень сацыяльнай адказнасці. Надзейнае, якаснае і бесперабойнае забеспячэнне карыстальнікаў электраэнергіяй – галоўная задача Ушацкага раёна электрычных сетак, ад іх залежыць перадача электраэнергіі і арганізацыям, і насельніцтву. Для гэтага спецыялісты прадпрыемства займаюцца эксплуатацыяй электрасетак і падстанцый, вядуць іх капітальны і бягучы рамонт, аператыўна ліквідуюць пашкоджанні і аварыйныя сітуацыі, ажыццяўляюць іншыя неабходныя тэхнічныя мерапрыемствы.

Сёння Ушацкі РЭС – калектыў з 62 чалавек, з якіх 17 – спецыялісты інжынерна-тэхнічнага персаналу. Начальнік прадпрыемства, Васіль Мікалаевіч Варанько з пакалення новых кіраўнікоў: маладых, адукаваных, валодаючых высокімі тэхнічнымі ведамі і арганізатарскімі здольнасцямі. Ушацкі раён электрычных сетак ён па праве можа называць родным, таму што працуе тут пастаянна, да таго як з лютага 2008 года ўзначаліў калектыў, пачынаў электраманцёрам, потым займаў пасады дыспетчара, старшага дыспетчара. Энергетыка для яго – не толькі прызванне, але і сямейная справа. Доўгі час аддаў раёну электрычных сетах бацька, зараз побач брат Сяргей.

– Патрэбна разумець, што электрычная энергія – справа карысная, але ўяўляючая вялікую небяспеку, асабліва калі гаворка ідзе аб высокім напружанні, аб працы на вышыні – кажа В.М.Варанько. – З-за гэтага кожны крок абслугоўваючага персаналу павінен быць максімальна вывераны.

Галоўныя аб’екты прадпрыемства – 787 кіламетраў ліній напружаннем 10 кВ, 710 кіламетраў – 0,4 кВ, 423 трансфарматарныя падстанцыі, электрычныя сеткі вулічнага асвятлення з 1300 ліхтарамі. За бягучы год сіламі прадпрыемства выкананы работы на больш чым 60 кіламетрах ліній напружаннем 10 кВ, на амаль 54 кіламетрах ліній напружаннем 0,4 кВ, планава адрамантаваны 34 трансфарматарныя падстанцыі.

Калектыву раёна электрычных сетак прыходзіцца вырашаць многа пытанняў па выкананні заявак ад насельніцтва. Даволі часта можна пачуць і нараканні ў іх адрас, у першую чаргу з-за адключэння электраэнергіі. Трэба патлумачыць: лініі электразабеспячэння Ушацкага раёна маюць значную працягласць і ахапіць напрыклад адразу ўсе пашкоджаныя бурай участкі не ўяўляецца магчымым. Неабходна таксама зазначыць, што з наступствамі нядаўняга ўраганнага ветру нашы энергетыкі справіліся сваімі сіламі на працягу сутак, хаця працаваць даводзілася і пры святле фараў, а потым дапамагалі ў аднаўленні падачы электраэнергіі і сваім калегам з Полацкага і Расонскага раёнаў, дзе стыхія разгулялася асабліва. Але ж акрамя аварыйных сітуацый на паветраных лініях электраперадачы вядуцца і планавыя работы.

– Людзі павінны разумець, што энергасістэма, як і любы іншы эксплуатуемы механізм, патрабуе рамонту, – каменціруе В.М.Варанько. – Таму пазбегнуць адключэння электраэнергіі немагчыма. 2-3 дні патрэбны для рамонту 1 падстанцыі. Канечне, мы стараемся выканаць работы як мага хутчэй, накіроўваем на гэты ўчастак некалькі брыгад. Спецыфіка нашай дзейнасці такая, што большасць простых людзей не ведае і не бачыць тую папярэднюю работу, якую праводзяць лінейныя брыгады, а ўбачыць яе вынікі можна толькі націснуўшы на выключальнік. Працаваць жа даводзіцца ў любое надвор’е, кожны дзень і круглыя суткі.

Непасрэдна з насельніцтвам кантактуюць дыспетчары. На іх ускладаецца вельмі вялікая адказнасць за энергазабеспячэнне раёна і бяспеку ўсіх брыгад, працуючых на працягу змены. Фактычна яны ажыццяўляюць аператыўнае кіраванне энергасістэмай.

Электраманцёры аператыўна-выязных брыгад – у сваім родзе авангард, “хуткая энергетычная дапамога”. Калі здараецца непрадбачаная сітуацыя, абрыў лініі электраперадачы, менавіта яны ў першую чаргу адпраўляюцца на пошук месца пашкоджання і лакалізацыі аварыі, выязджаюць на падстанцыі для выканання пераключэнняў (планавых або аварыйных). Зразумела, што гэта складаная і адказная місія, бо пры выкананні пераключэнняў неабходна строга захоўваць парадак дзеянняў, таму што любая памылка можа прывесці да трагедыі – электраманцёры аператыўна-выязных брыгад у адказе не толькі за сваё жыццё, але і за жыццё сваіх калег, уваходзячых у склад рамонтнай брыгады.Для аператыўнага і якаснага выканання работ супрацоўнікі раёна электрычных сетак забяспечаны спецтэхнікай, неабходнымі інструментамі і прыладамі, радыёсувяззю. Наогул у гэтай арганізацыі за тэхнічным прагрэсам сочаць пільна, дыспетчарская абсталявана аўтаматызаванай сістэмай кіравання сеткамі, дазваляючай у рэжыме анлайн кіраваць, весці кантроль за асноўнымі параметрамі ліній. Складаная тэхніка падпарадкоўваецца толькі падрыхтаваным спецыялістам. Падрыхтоўка і перападрыхтоўка работнікаў у РЭСе – працэс пастаянны. Наяўнасць шкодных і небяспечных вытворчых фактараў, спецыфіка і складанасць работ патрабуюць ад людзей асаблівых адносін да пытанняў аховы працы і бяспекі.

Як заўсёды, да прафесійных святаў прынята вызначаць лепшых. Але не хоча В.М.Варанько выдзяляць кагосьці з работнікаў і спецыялістаў асобна, кажа, што ўсе ў нас дзейнічаюць зладжана і адказна. Але ўсё ж адзначыў старажылаў, работнікаў, якія працуюць больш 20 гадоў у раёне электрычных сетак, складаюць амаль трэцюю частку калектыву, яго своеасаблівы касцяк. Яны здольны не толькі прафесійна выконваць свае абавязкі, але і кантраляваць дзейнасць маладых кадраў, якія паступова ўліваюцца ў калектыў, падказаць і навучыць. У першую чаргу гэта старшы майстар Леанід Сяргеевіч Лукашонак, працоўны “энергетычны” стаж якога налічвае ўжо амаль 46 гадоў, галоўны інжынер Валерый Іванавіч Лемеш, майстар Мікалай Віктаравіч Вайцяхоўскі, інжынер па эксплуатацыі і рамонце абсталявання Мікалай Аляксандравіч Казьянін, дыспетчары Васіль Уладзіміравіч Анкудовіч, Міхаіл Васільевіч Зелянко, Леанід Аляксандравіч Гаравы, электраманцёры па эксплуатацыі размеркавальных сетак Міхаіл Васільевіч Башун, Аляксандр Пятровіч Качан, Сяргей Мікалаевіч Варанько, Вячаслаў Віктаравіч Коршун, Якаў Іванавіч Бумага, Васіль Паўлавіч Шорац, вадзіцелі Уладзімір Віктаравіч Шнітко, Генадзь Васільевіч Хвошч, Аляксандр Канстанцінавіч Шчэрбік, Мікалай Мікалаевіч Міхейка, рахункавод Таццяна Паўлаўна Кісель, трактарыст Андрэй Іванавіч Сісковіч і слесар па рамонце аўтамабіляў Дзмітрый Пятровіч Прашковіч, якіх начальнік называе “залатым фондам” сваёй арганізацыі.

***

Брыгаду электраманцёраў пад кіраўніцтвам старшага майстра Леаніда Сяргеевіча Лукашонка я застаў перад выездам на раён. Пакуль вадзіцель Генадзь Лявонавіч Лукашэвіч праводзіў тэхнічны агляд і рыхтаваў аўтамабіль да выезду, брыгадзір Дзмітрый Дзмітрыевіч Шчэрбік і электраманцёры Максім Фёдаравіч Кандрацкі і Леанід Фёдаравіч Міхейка збіралі неабходныя інструменты і прылады, майстар знаходзіўся ў адміністрацыйным будынку, афармляў неабходныя для работы дакументы. “Рота № 2 – выхадзі строіцца” – пасля такой вайсковай каманды, якая сабрала брыгаду ля іх рабочай машыны, разумееш, што з дысцыплінай тут поўны парадак.“Сёння едзем на лінію напружаннем 10кВ”, – агучвае заданне Леанід Сяргеевіч. Тады дадае нумар лініі, электраманцёры з разуменнем ківаюць галовамі, бо людзі тут вопытныя, працуюць не першы год і ведаюць электрычныя сеткі раёна як свае пяць пальцаў. Асабіста для мяне майстру прыйшлося растлумачыць тое, што ён толькі сказаў.

– Будзем выконваць планавыя работы на паветраных лініях ад падстанцыі Гута ў раёне Ільюшына, – кажа Леанід Сяргеевіч. – Пасля моцных вятроў трэба высветліць, ці ўсё ў парадку, бо бывае, што завісае дрэва на правадах, здараюцца выпадкі зрываў ізалятараў, можа нахіліцца апора, якую трэба раўняць.

Правядзенне капітальнага і планавага тэхнічнага рамонту высакавольтных паветраных ліній да 10 кВ – асноўная іх задача. Гэтыя ж работнікі займаюцца і ўхіленнем на высакавольтных лініях аварыйных сітуацый. На свае вочы бачыў, як зладжана і аператыўна дзейнічалі яны на аднаўленні лініі, якую абарвала зваленая ветрам елка. На ўсіх участках, дзе ў лясных масівах ёсць пагражаючыя электралініям дрэвы, яны ўбіраюцца, бо, як вядома, надзвычайную сітуацыю лягчэй папярэдзіць, чым потым разбірацца з наступствамі. Для гэтага сумежнай прафесіяй вальшчыка лесу авалодалі Д.Шчэрбік, М.Кандрацкі і Л.Міхейка. У цеснай паўсядзённай дзейнасці з брыгадай машыніст тэлескапічнага пад’ёмніка Алег Пятровіч Рагавешка.

“Цёплым месцам” гэты ўчастак работы не назавеш. Спецыялістам брыгады часта прыходзіцца працаваць у забалочаных і цяжкадаступных месцах, куды не пад’едзе тэхніка, і ўсе работы, у тым ліку і на вышыні, выконваюцца ўручную. Напрыклад, апору, якая нахілілася, выраўноўваюць спецыяльным дамкратам, закапваюць і трамбуюць грунт. Ёсць у іх і незвычайная тэлескапічная піла для абрэзкі сукоў на вышыні і шэраг іншых спецыяльных інструментаў.

Давялося брыгадзе папрацаваць на замене правадоў ва Ушачах на лініях напружаннем 0,4 кВ. Па словах Л.С.Лукашонка, звычайна гэту замену выконвае спецыялізаваныя арганізацыі, але нашы электраманцёры рабілі яе самі, гаспадарчым спосабам. Новыя правады маюць ізаляцыю, якая выканана са спецыяльнага поліэтылену, устойлівага да атмасферных уздзеянняў, і мае гарантыю 50 гадоў.

– Калі правялі замену прававоў на ізаляваныя, знялі многія пытанні, – расказвае Л.С.Лукашонак. – Калі раней, напрыклад, часта даводзілася выязджаць за рэчку, у тую частку Ушач, што ў народзе завуць Петухоўшчынай, то ўжо два гады ад пражываючых там грамадзян званкоў не паступае, хіба што па ўводах, якія мы зараз выконваем выключна ізаляваным провадам.

Без справы яны не сядзяць, бо калі на шчасце няма аварыйных выпадкаў, то працуюць планава, падтрымліваючы сеткі ў спраўным стане, робячы ўсё, каб для нас, простых карыстальнікаў, не наступіў “канец свету”.

***

Са словамі песні “ў прыроды няма дрэннага надвор’я” з папулярнага кінафільма начальнік дыспетчарскай службы Ушацкага раёна электрычных сетак Аляксандр Аляксандравіч Калітуха можа паспрачацца, бо для яго непасрэдных падначаленых, а значыць і тым больш для яго, капрызы нябеснай канцылярыі і без таго адказную работу ўскладняюць у разы.

Ураджэнец Корсакава азы будучай прафесіі, дзякуючы якой усё жыццё аказалася звязана з энергетыкай, спасцігаў паралельна з вучобай, калі ездзіў разам з іншымі старшакласнікамі Гарбаціцкай школы ва Ушачы ў вучэбна-вытворчы камбінат. Пасведчанне электрыка другога разраду атрымаў разам з атэстатам. Вышэйшую тэхнічную адукацыю і спецыяльнасць інжынера-электрыка А.А.Калітуха набыў без адрыву ад вытворчасці, па скарочаным курсе завочна скончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, бо за плячыма ў яго ўжо была вучоба ў Гарадоцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, які Аляксандр Аляксандравіч жартоўна называе “кузняй энергетычных кадраў”. 13 гадоў адпрацаваў электрыкам на жывёлагадоўчым комплексе ПУП “Сарочына”, пасля стварэння сям’і перабраўся ў гарадскі пасёлак, дзе ўладкаваўся зноў жа электрыкам ва Ушацкі філіял Лепельскага малаказавода. У раёне электрычных сетак Аляксандр Аляксандравіч працуе амаль 10 гадоў – з лютага 2004 года, пачынаў сваю дзейнасць электраманцёрам лінейнай брыгады №1, з цягам часу стаж работы ў сферы энергетыкі і накоплены вопыт дазволілі перайсці на пасаду дыспетчара, а потым і ўзначаліць аварыйна-дыспетчарскую службу РЭСа.

Ён як ніхто іншы ведае: разгуляліся моцны вецер або снегапад, значыць, 12-гадзінная працоўная вахта дыспетчара будзе напружанай і нервовай, без адпачынку. Толькі знаходзячыся ў дыспетчарскай ля схемы электрычных сетак раёна і назіраючы за работай гэтых спецыялістаў можна зразумець і ацаніць яе маштабнасць і складанасць.

– Чалавеку недасведчанаму можа здацца, што ў дзейнасці дыспетчара асабліва цяжкага нічога і няма – адказвай на тэлефонныя званкі ды накіроўвай на месца аварый рамонтнікаў, – расказвае аб спецыфіцы работы сваёй службы А.А.Калітуха. – На самой жа справе дыспетчар кіруе ўсім механізмам электрасетак раёна, з дапамогай складанага абсталявання кантралюе стан падстанцый, каардынуе дзейнасць у час аварыйных сітуацый. Без узгаднення з ім ніхто не мае права працаваць на сетках. У час сваёй змены ён у адказе за ўсіх і за ўсё. Дыспетчар – не проста аналітык, які ведае абсталяванне, тэхналагічныя працэсы вытворчасці і размеркавання электраэнергіі. Гэта спецыяліст, якому ва ўмовах абмежаванага часу ў штатнай і, асабліва, у нестандартнай сітуацыі неабходна за лічаныя хвіліны прыняць правільнае рашэнне, даступна і зладжана даць указанні па яго выкананні.

Пра сваіх падначаленых, а гэта акрамя дыспетчараў яшчэ вадзіцелі і электраманцёры аператыўна-выязных брыгад, А.А.Калітуха расказвае ахвотней, чым аб сабе. Але не толькі сціпласць уласціва гэтаму чалавеку. Калегі і кіраўніцтва вельмі цэняць яго за адказнасць і надзейнасць, за жаданне прыйсці на дапамогу, якія праяўляюцца не толькі ў працы, але і ў паўсядзённым жыцці, у простых чалавечых адносінах. Ён з’яўляецца надзейным звяном складанага ланцуга вытворчых працэсаў, таму і не дзіўна, што прозвішча Аляксандра Аляксандравіча Калітухі па выніках работы за 2012 год занесена на раённую Дошку гонару.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *