22 марта — День работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства

К профессиональному празднику Общество Экономика и малый бизнес

Сваё прафесійнае свята адзначаюць працаўнікі адной з самых складаных, у многім няўдзячнай, але такой неабходнай галіны нашага жыцця – жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Нягледзячы на многія праблемы недаацэньваць важнасць і маштабнасць работы камунальнікаў нельга – гэта напэўна самая шматфункцыянальная служба. Цяпло і камфорт у шматкватэрных дамах, чысціня і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, утылізацыя бытавых адыходаў і асвятленне вуліц – далёка няпоўны пералік таго, над чым кожны дзень працуюць работнікі УП ЖКГ Ушацкага раёна.

За мінулы год у гарадскім пасёлку і аграгарадках праведзена замена 3,2 кіламетра цеплавых сетак і 1,5 водаправодных, абслугоўвалася больш 300 кіламетраў дарог у населеных пунктах, распачаты капітальны рамонт даху дамоў па вуліцах Фрунзе, 24 і Камсамольская, 4, які будзе скончаны сёлета, у 6 шматкватэрных жылых дамах заменены цеплаабменнікі, адрамантаваны печы лазні гарпасёлка, новы выгляд набылі 3 нумары гасцініцы, шмат зроблена па добраўпарадкаванні цэнтральнай плошчы г.п. Ушачы. У бягучым годзе прадоўжацца работы па капітальным рамонце з цеплавой мадэрнізацыяй дома № 30 па вуліцы Фрунзе, чакаюць замены цеплаабменнікі яшчэ ў 4 шматкватэрных жылых дамах, плануецца пракласці 3 і 1,5 кіламетра новых цеплавых і водаправодных сетак. Рыхтуецца праект па электразабеспячэнні былога інтэрната “Райаграсэрвіса”, перададзенага на баланс камунальнікаў, па канчатковай мадэрнізацыі цэнтральнай плошчы. Будуць працягвацца работы па рамонце вуліц, асфальтаванні і добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый.

У працаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі мноства запланаваных работ і яшчэ больш непрадбачаных клопатаў. За іх выкананнем стаіць напружаная праца, якая штогод адзначаецца на розных узроўнях. Ганаровымі граматамі ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама, райвыканкама і самога УП ЖКГ сёлета ўзнагароджаны 21 работнік прадпрыемств

СПЕЦЫЯЛІСТЫ ШЫРОКАГА ПРОФІЛЮ

Дзякуючы дзейнасці ўчастка УП ЖКГ аграгарадка Вяркуды бесперабойнае і якаснае цепла- і водазабеспячэнне атрымліваюць мясцовыя сельвыканкам і Дом культуры, цёпла і ўтульна дзецям і настаўнікам сярэдняй школы-дзіцячага сада, адзінокім пенсіянерам і інвалідам аддзялення кругласутачнага прабывання. Таксама на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі знаходзяцца адзін васьмікватэрны і два чатырохкватэрныя жылыя дамы. Здаецца, нямнога аб’ектаў, асабліва ў параўнанні з Арэхаўнам і Глыбачкай, але ж і штат працаўнікоў тут невялікі – у падначаленні майстра Аляксандра Міхайлавіча Сурынава працуе ўсяго 8 чалавек. Працуюць зладжана, адказна і як вынік, – участак з’яўляецца адным з лепшых структурных падраздзяленняў вялікага прадпрыемства.

Улічваючы спецыфіку дзейнасці, зразумела, што калектыў гэты выключна мужчынскі. Работнікі ўчастка за сезон распілоўваюць і пераносяць у топкі катлоў каля тысячы кубаметраў драўніны, са сродкаў механізацыі – толькі невялікая тачка. З усмешкай успамінаюць мужчыны здзіўленне дачніцы, якая не магла паверыць, што горы дроў, якія восенню поўнасцю закрывалі памяшканне кацельні з усіх бакоў, ім давядзецца перапрацаваць уручную.

— Зімой мы ўсе лічымся машыністамі кацельных установак, – расказвае Аляксандр Смаляк, якога калегі называюць “стараслужачым”, бо працуе мужчына на кацельнай больш за ўсіх, з тых часоў, калі яна належала школе. – З заканчэннем ацяпляльнага сезона становімся рабочымі шырокага профілю: рамантуем жылфонд, дапамагаем сельвыканкаму ў навядзенні парадку на могілках, займаемся добраўпарадкаваннем, высечкай кустоўя ля дарог, капалі калодзеж у Цётчы і клалі плітку на плошчы ва Ушачах – усё адразу і не ўспомніш.

А яшчэ кожны год рабочым участка даводзілася ўдзельнічаць у розных відах сезонных сельскагаспадарчых работ. Яно і не дзіўна, бо ў былым КУСГП “Дубраўка” працавалі ў розныя часы Мікалай Грак, Аляксандр і Віктар Іванковічы, Віталь Маковіч і Мікалай Клопаў. А іх калега Аляксандр Малахаў дапамагаў сваёй роднай гаспадарцы – гэты працаўнік участка зусім нядаўна быў адным з лепшых механізатараў у суседнім КУСГП “Глыбачаны”. Сумленна адносіцца Аляксандр Аляксеевіч да сваіх абавязкаў і на новым месцы – да прафесійнага свята будзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай УП ЖКГ Ушацкага раёна. З сельскай гаспадаркай не былі звязаны лёсам толькі самы малады ў калектыве Аляксандр Мядзведскі і майстар, які значны час працаваў у Глыбачанскім лясніцтве.

На ўчастку, які вылучаецца чысцінёй і парадкам, жывуць сабака і кот. Кормяць іх тыя работнікі, якія заступаюць на змену. Сабаку прыручылі нядаўна, а вось “камунальны стаж” ката большы, чым у некаторых працаўнікоў. Мужчыны кажуць, што “і нарадзіўся ён побач з кацельняй, у дрывах”, а за 6 гадоў так прывык да мужчынскай кампаніі, што на дух не пераносіць прысутнасць асоб слабага полу, хаваецца нават ад праходзячых міма маленькіх дзяўчат. Смяюцца работнікі ўчастка, што ў іх, як на караблі – прысутнасць жанчын з’яўляецца дрэннай прыкметай… А калі сур’ёзна, то такія адносіны да жывёлы сведчаць і аб тым, што людзі, працуючыя на гэтым участку ЖКГ, не толькі слесары і вальшчыкі, машыністы і механізатары – спецыялісты на ўсе рукі, а яшчэ душэўныя, неабыякавыя людзі.


Д.РАМАНОЎСКІ.

ЧЫСЦІНЯ НА ЎЧАСТКУ — ПАРАДАК У ЖЫЦЦІ

“Якія ў вас чыстыя вуліцы!” – усклікаюць літаральна ўсе госці з блізкага замежжа, апынуўшыся ў Беларусі. Мы ж да гэтага прывыклі і не заўсёды заўважаем працу тых, хто наводзіць на іх парадак.

Свой працоўны дзень рабочыя па ўборцы тэрыторый пачынаюць, калі ўшачане яшчэ бачаць салодкія сны, каб а палове восьмай гадзіны яны ішлі на службу па ўжо чыстых вуліцах. Вядома ж, самы ўзорны выгляд павінен мець цэнтр гарпасёлка – менавіта таму гэты адказны ўчастак замацаваны за старанным работнікам Аляксеем Васільевічам Булаўкам.

Пачынаў свой працоўны шлях ураджэнец вёскі Лазоўка трактарыстам у калгасе імя Кірава, потым давялося папрацаваць паштальёнам, а апошнія 12 гадоў Аляксей Васільевіч заняты ў сістэме ЖКГ. Прычым, выконваць ён можа любую работу – працаваў на бульдозеры, займаўся нарыхтоўкай драўніны для кацельні, а апошнія тры з паловай гады падтрымлівае чысціню на вуліцах і дварах райцэнтра. Улетку Аляксей Васільевіч абкошвае газоны мотакасой, зімой работы яшчэ больш, бо трэба чысціць участак ад снегу, пасыпаць сумессю ад галалёду. Аднак на меркаванне, што сёлетнім цёплым надвор’ем ён, напэўна, задаволены, адказвае адмоўна: “Зіма павінна быць зімой – з маразамі і снегам!”

Графік цяперашняй работы для Аляксея Васільевіча больш зручны, бо ён заўсёды знаходзіцца блізка ад дому, можа завесці ў дзіцячы сад сына, а ў другой палове дня заняцца дамашнімі справамі, якіх у галавы мнагадзетнага сямейства вельмі шмат. Акрамя трохгадовага Максімкі Аляксей і Ірына Булаўкі выхоўваюць дзвюх дачок. Сёлета ў сям’і будзе аж два выпускных: Алена заканчвае 9 клас, а Вольга – 11, марыць паступіць у педагагічны ўніверсітэт. “Вось трэба да лета набыць ноўтбук, які неабходны для вучобы”, – дзеліцца сваімі планамі клапатлівы бацька. Да слова, у іх утульнай новай кватэры камп’ютар ужо ёсць, і карыстаецца ён вялікім попытам не толькі ў дзяўчат, але і ў іх маленькага браціка. Вылучае час, каб паблукаць па інтэрнэт-прасторы, і Аляксей. Перапісваецца ў сацыяльных сетках з сябрамі і роднымі – а ў яго, між іншым, чатыры браты, так што імкненне стварыць вялікую дружную сям’ю ў гэтага мужчыны закладзена з маленства. “Нават не ўяўляеце сабе, як шумна і весела бывае ў роднай вясковай хаце, калі ўсе мы збіраемся летам, каб адзначыць дні нараджэння мамы і таты!” – расказвае Аляксей Васільевіч. Цікава, што таксама пяцёра дзяцей і ў сям’і яго жонкі Ірыны Бернардаўны, якая, дарэчы, працуе разам з мужам – менавіта яе старанным рукам жыхары ўшацкіх шматпавярховак абавязаны чысцінёй у сваіх пад’ездах.

Адказнасць, зацікаўленасць справамі роднага калектыву – характэрныя рысы гэтых працаўнікоў. На пытанне, што б ён пры магчымасці мусіў змяніць у сваёй рабоце, Аляксей Васільевіч кажа, што было б вельмі добра, каб прадпрыемства набыло пыласос для ўборкі вуліц. Такая тэхніка ёсць у арсенале гарадскіх камунальнікаў, яна дазваляе замяніць непрадукцыйную ручную працу механізаванай і больш экалагічнай. Ёсць і яшчэ адно вялікае жаданне не толькі ў Аляксея Булаўкі, але і ва ўсіх яго калег – каб людзі больш паважліва ставіліся да іх працы: “Вельмі крыўдна бачыць, калі на толькі што ўбранай вуліцы літаральна праз хвіліну з’яўляюцца акуркі і паперкі, і гэта прытым, што ў лічаных метрах стаіць пустая урна. Непрыемна, калі ледзь не на галаву табе ляціць з балкона бутэлька. А яшчэ больш крыўдна ў адказ на просьбу не засмечваць вуліцу чуць зняважлівае: “Нічога, падмяцеш – табе за гэта грошы плацяць!”

Мяне ж знаёмства з Аляксеем Васільевічам Булаўкам яшчэ больш упэўніла, што не бывае не вартых павагі прафесій. Аб гэтым сведчыць і высокая адзнака працы работніка – ён узнагароджаны Ганаровай граматай ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама.

Н.БАГДАНОВІЧ.

ЯГО КРЭДА — ХУТКАСЦЬ, ЯКАСЦЬ, ВЕТЛІВАСЦЬ.

– Як добра, што цяпер у нашым КБА можна зрабіць дублікаты ключоў! А то раней спецыяльна ў Полацк ездзіць даводзілася…

– Гэты майстар мне за хвіліну замок у куртцы адрамантаваў і зусім танна! А які ж ён прыемны, ветлівы з кліентамі!

Натуральна, што такія водгукі пра індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Падрэза, які вось ужо другі год аказвае ўшачанам шэраг бытавых паслуг, сталі падставай для нашай з ім сустрэчы. Зрэшты, пазнаёміліся мы з гэтым маладым чалавекам у пазамінулым годзе, калі рыхтавалі матэрыял пра аграсядзібу “Мікалаеўскі пасад”, гаспадаром якой з’яўляецца яго бацька Мікалай Дзмітрыевіч Падрэз. Сяргей таксама актыўна ўдзельнічае ў сямейнай справе, аднак вырашыў распачаць і сваю, тым больш што ў раёне якраз была незапоўнена ніша па аказанні некаторых запатрабаваных бытавых паслуг.

Канечне, для адкрыцця такога бізнесу трэба мець адпаведныя навыкі і абсталяванне. З першым праблем не было: яшчэ калі жыў у Мінску (адтуль пераехала ў раён сям’я Падрэзаў), малады чалавек працаваў у фірме па гэтым профілі. Нескладана было і абзавесціся ўсім патрэбным для работы: у краіне ёсць прадпрыемствы, якія арганізуюць пастаўку абсталявання для майстроў. Каб зменшыць выдаткі, дарагую мэблю Сяргей не набываў, стэлаж для ключоў, напрыклад, змайстраваў з непатрэбнай шафы. А вось самі ключы вырабляе з загатовак на высокатэхналагічнай сучаснай машынцы, прычым, робіць дублікаты не толькі звычайных, але і дамафонных, аўтамабільных – апошнія яшчэ і рамантуе: мяняе корпус, кнопкі, батарэйкі. “Гэта паслуга даволі актуальная: ключы ад многіх іншамарак, у асаблівасці “Пежо” і “Сітраенаў”, часта выходзяць са строю – відаць, не разлічаны на моцныя пальцы беларускіх вадзіцеляў”, – жартуе майстар. Яшчэ адна запатрабаваная зараз паслуга – рамонт парасонаў. Яе выкананне патрабуе часу, бо каб замяніць зламаную спіцу, трэба пакорпацца. А вось астатнія паслугі, сярод якіх замена бегункоў, замкоў, кнопак і клёпак у адзенні і сумках, заточванне і заклёпванне цэпу бензапіл і іншае, майстар імкнецца выканаць хутка ў прысутнасці кліентаў, каб ім не трэба было яшчэ раз прыходзіць у КБА за гатовым заказам. Калі ж дадаць выключную якасць, якая характарызуе работу Сяргея, становіцца зразумелым, чаму ўсе, хто звяртаўся да прадпрымальніка, застаюцца задаволенымі і рэкамендуюць яго паслугі сваім знаёмым.

Канечне, дзейнасць у сферы бытавога абслугоўвання, а тым больш у невялікім населеным пункце, не можа прынесці завоблачных прыбыткаў. Аднак і значных выдаткаў яна не патрабуе: акрамя арэнднай платы і адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва прадпрымальнік штомесячна плаціць невялікі фіксаваны падатак. Такая дзяржаўная палітыка прызвана заахвоціць грамадзян займацца падобным бізнесам, бо гэта дапамагае вырашыць адразу дзве задачы: ствараюцца працоўныя месцы, а людзі забяспечваюцца неабходным сэрвісам.

Н.БАГДАНОВІЧ.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *