«Юные спортсмены из Петрозаводска проводят учебно-тренировочные сборы на ФОК «Юность-Ушачи»

Cпорт

Калі ў сераду мы зазірнулі ў спартыўны інтэрнат на Віцебскай, тут “кіпела жыццё”: група дзяцей рассаджвалася за столікамі ў кафэ, у пакоях падлеткі збіраліся на трэніроўку, на цокальным паверсе ў пральных машынках круцілася пасцельная бялізна… Дзякуючы новаму аб’екту наш комплекс прыняў на спартыўныя зборы групу баскетбалістаў з Петразаводска, у якой каля 100 чалавек. А між тым мінулым летам такой вялікай камандзе проста адмовілі б з-за немагчымасці ўсіх рассяліць.

Разам з хлопцамі мы перайшлі на комплекс, а заадно распыталі іх пра ўражанні. “Нам тут вельмі падабаецца! Выдатны басейн, трэнажорка, а асабліва здзівіла, што ў гульнявой зале пакрыццё сусветнага ўзроўню. А як смачна кормяць! І вечарамі не сумуем: у настольны тэніс гуляем. Увогуле ў Беларусі мы як дома, але тут яшчэ і “Кока-кола” ёсць, і сацыяльныя сеткі даступныя”, – ахвотна паведамілі нам Міраслаў і Кірыл.
Хлопцы хоць і не з самай старэйшай групы, але ростам ужо пад 1.90. А ў камандзе ёсць і тыя, хто за два. Яны з гумарам прызналіся, што не любяць ездзіць поездам, бо паліцы на гулівераў не разлічаны. Затое разлічаны ложкі ў нашым інтэрнаце, што маюць даўжыню 2.10: такі нюанс прадугледзелі спецыяльна, каб камфортна сябе адчувалі прадстаўнікі гульнявых відаў – а рослыя яны не толькі ў баскетболе, а і ў валейболе, гандболе.
Не шкадавалі кампліментаў і настаўнікі Канстанцін і Анастасія Наманавы. Трэнерская сям’я, дарэчы, прыехала ва Ушачы з трыма ўласнымі дзецьмі, з якіх у баскетбол не гуляе толькі маленькі сынок. Пакуль мужчына праводзіў з юнакамі размінку ў тэнісным зале, яго жонка займалася з дзяўчатамі ў трэнажорным, а дзве іншыя групы трэніраваліся на гульнявых пляцоўках


Пра ўшацкі комплекс петразаводцы даведаліся ад калег і паспелі забраніраваць месцы на самы запатрабаваны час. “Возім дзяцей на зборы на працягу 13-ці год, таму ёсць з чым параўнаць, – дзеліцца з намі Анастасія. – У Беларусі камфортны клімат – летась былі на Чарнаморскім узбярэжжы, дык з-за спёкі большую частку дня не маглі трэніравацца. А ўмовы ва Ушачах – проста казачныя! Нават у фітнэс-клубах прэміум-класа няма такой чысціні і парадку, а тое, што пасля трэніровак можна аднавіць сілы ў СПА-комплексе, – увогуле рэдкі бонус. Персанал уважлівы, адміністрацыя ва ўсім гатова ісці насустрач. Скажу шчыра: гэта лепшае месца з усіх, дзе мы раней былі!”. “А яшчэ нам возера ваша спадабалася! Выдатна, што на пляжы выратавальны пост працуе, усё пад кантролем – гэта вельмі важна, калі прыводзіш групу дзяцей, – дадае Канстанцін. – А сёння да нас на таварыскія матчы юнакі з віцебскай каманды “Рубон” прыедуць. Прыходзьце паглядзець, чаму мы навучыліся!”
Як было адмовіцца ад шчырага запрашэння? Тым больш што разам з выхаванцамі лепшага баскетбольнага клуба Прыдзвіння ва Ушачы прыбыў яго галоўны трэнер Руслан Байдакоў. Славуты спартсмен, былы капітан беларускай “маладзёжкі”, якая ў 1994-м сенсацыйна выйграла чэмпіянат Еўропы, сёлета дадаў у сваю скарбонку і буйное трэнерскае дасягненне: віцябчане ўпершыню за 20 апошніх год заваявалі “бронзу” першынства краіны.
Карыстаючыся выпадкам, мы з дырэктарам СДЮШАР Сяргеем Кіслым ад імя ўшачан павіншавалі Руслана Леанідавіча з выдатным вынікам. Ён жа ў сваю чаргу выказаў захапленне нашым новым інтэрнатам і ўсёй спартыўнай інфраструктурай: “Жыхарам і гасцям Ушацкага раёна можна толькі пазайздросціць! Ваша зала, да слова, нават лепшая за тую, дзе гуляе “Рубон”. Зрэшты, на бліжэйшыя гады ў абласным цэнтры запланавана ўзвядзенне шэрагу спартыўных аб’ектаў”.

За першае сёлетняе паўгоддзе спарткомплекс, інтэрнат, гасцініца ЖКГ і іншыя ўшацкія аб’екты для калектыўнага размяшчэння турыстаў прынялі 5466 гасцей, у тым ліку 2163 замежных грамадзян. Гэта на 1134 чалавекі больш, чым за адпаведны леташні час.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *