Дакладна ведала, што ў Сарочыне паблізу трасы працуе вялікі дэсант, аднак не ўбачыла людзей з дарогі. Месца святой крыніцы настолькі зарасло алешнікам, што менавіта яго выразка і стала першым этапам работ на будаўніцтве. Спачатку неабходна зрабіць даступным падыход, і зараз, пасля таго як з піламі і трымерамі прайшліся два дзясяткі мужчын, праглядаецца прасторная паляна.
На суботнік пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Д.П.Цімафеева выйшлі прадстаўнікі лясгаса, райгаза, участкаў электрасувязі і электрасетак, дзвюх дарожных арганізацый і камунгаса. Вялізныя дрэвы не краналі, ну а знесены хмызняк утварыў вялікую гару. Сама крынічка ў метры ад ручая паміж двума ўзгоркамі. Ад магазіна “Родны кут”, ля якога мяркуецца зрабіць аўтастаянку, будзе пракладзены зручны спуск. Ну а непасрэдна будынак купелі задуманы, канечне, драўляным і падобным на многія іншыя.
“У нашым праекце прадугледжана істотная асаблівасць – памяшканне падзелена на тры часткі непразрыстай перагародкай: для акунання адразу мужчын і жанчын і месца для хрышчэння немаўлят, – расказвае Дзмітрый Пятровіч. – Сродкі на гэты новы аб’ект з бюджэту не выдзяляліся, узводзіцца купель будзе метадам народнай будоўлі за сродкі, якія ўшачане і не толькі пералічаць на спецыяльна адкрыты рахунак. Мы можам устанавіць там лавачкі, альтанкі, правесці асвятленне – усё залежыць выключна ад нашай зладжанасці. А паколькі месца гэта блізкае і размешчана каля трасы, перакананы, што купель будзе запатрабаваная і ўшачанамі, і вернікамі з іншых месцаў”.
Агледзелі будаўнікі і саму крыніцу, дно якой укладзена камянямі. Менавіта так і рабілася пасля кожнай чысткі: вычэрпвалі і выносілі бузу, наноў укладалі камяні і не забіралі ахвяру – манеты, якімі людзі часта плацілі крынічцы за дапамогу. Дарэчы, у зборніку “Святыя крыніцы Беларусі” змешчаны не толькі ўспаміны старажылаў аб сарочынскім ключы, але і здымак яго расчысткі. Прычым, людзі імкнуліся абавязкова прыняць удзел у добрай справе – прынесці ахвяру, каб “сіла была Бог ведае якая”. І нават цяжарныя жанчыны прымалі ўдзел у работах, ці як і іншыя, на каленках спускаліся да яе ад царквы, што стаяла праз дарогу на ўзгорку. Бо лічылася, што вада гэтай крыніцы акрамя агульнага аздараўленчага эфекту дапамагае пры родах ці складанай цяжарнасці. На Узнясенне Гасподне, ці як гаварылі раней – на Усшэсце (заўсёды чацвер шостага велікоднага тыдня) – тут праходзіла свята з хрэсным ходам.
Як бачым, святыні заўсёды падтрымліваліся выключна сіламі прыхаджан. І распачатае будаўніцтва купелі на месцы сарочынскай крыніцы – пачэсная справа. Пералічайце грошы на рахунак, удзельнічайце ў суботніках, прыцягвайце да ўзвядзення знаёмых – і мы зможам не толькі адрадзіць крынічку, але і стварыць папулярнае месца адпачынку.
Дабрачынны рахунак BY39AKBB 31320112601822300000 код AKBBBY2X, УНП 300006248 адкрыты УП ЖКГ Ушацкага раёна.
Вольга КАРАЛЕНКА.