Мы побывали на записи нового белорусского юмористического телепроекта «ДХ-шоу». В чем суть проекта, где проходят съёмки и как на них попасть — читайте в материале

Общество

Сёлета на беларускім тэлебачанні запусцілі праект “ДХ Шоу”, які стваральнікі ахарактарызавалі як “гумар ад беларусаў, пра беларусаў і для беларусаў”. Напэўна, многія ўшачане ўжо глядзелі яго выпускі, ну а тых, хто нічога пра гэта не чуў, наш аповед можа натхніць на тое, каб у наступную суботу ў 20.45 націснуць кнопку тэлеканала СТБ ці знайсці запісы шоу ў інтэрнэце.

Хоць за справу ўзяліся чэмпіёны вышэйшай лігі Клуба вясёлых і знаходлівых – магілёўская каманда “Доктар Хаус” (адсюль літары ДХ у назве праекта), некаторыя, напэўна, успрымалі ідэю насцярожана: ці па сілах будзе памяркоўным беларусам здымаць смешны і дзерзкі кантэнт, які вытрымае канкурэнцыю з “Камедзі клабам” і іншымі раскручанымі шоу, захаваўшы пры гэтым айчынны каларыт і рамкі прыстойнасці?

Прынамсі, самі стваральнікі досыць смела пажартавалі пра тое, чаму яны згадзіліся ўзяцца за справу: “Гумар у Беларусі – неаранае поле. А мы, як усе магіляўчане, заўважаем неараныя палі”.

Цікава, што на здымкі чарговых эпізодаў “ДХ Шоу”, якія праходзяць у сталічным “Прайм холе”, могуць бясплатна трапіць усе жадаючыя: трэба толькі сачыць за анонсамі ў сацсетках і своечасова падаць заяўку, бо колькасць месцаў у зале абмежавана. Чаму б не скарыстацца такой магчымасцю і не зазірнуць у закуліссе новага праекта – падумалі мы і накіраваліся ў Мінск. Цікавасць наша падмацоўвалася і тым, што ў гэты дзень у здымках удзельнічаў наш земляк Ігар Мірановіч – папулярны TikTok-блогер Гарыныч, якому арганізатары прапанавалі стаць госцем шостага выпуску шоу.

Яго фармат прадугледжвае разнастайны кантэнт: сцэнкі, якія дэманструюць удзельнікі каманды, жартоўныя ролікі, знятыя ў тым ліку з дапамогай штучнага інтэлекту, вясёлыя музычныя нумары, а таксама вядомыя людзі, якіх вядучыя ўцягваюць у жывыя дыялогі і ставяць у няпростыя сітуацыі.

Адразу скажу, што многае на здымках нас прыемна здзівіла. Здавалася, што гэта будзе рабочы працэс з запісваннем некалькіх дубляў і пастановачнымі рэакцыямі залы – а насамрэч гледачы ўбачылі паўнацэнны двухгадзінны канцэрт, які зусім не саступаў, напрыклад, гастрольным выступленням каманд КВЗ з нятаннымі білетамі. Скетчы і ролікі былі забаўнымі, так што смяяліся мы не вымушана (хоць, шчыра прызнацца, перад пачаткам вядучыя “пратэсціравалі”, наколькі гучна і зладжана зал будзе выказваць эмоцыі). Тэмы – надзённыя: ад вострай сатыры на заходнія санкцыі і бюракратыю ў асобных беларускіх установах, да жартаў пра ўсемагутнасць бабуль, што гандлююць у сталічных пераходах. Іранізавалі, напрыклад, над сэрвісам і цэнамі ў санаторыях, глыбоцкай і рагачоўскай згушчонкай – “каварнымі наркотыкамі”, на якія беларусы спрабуюць падсадзіць Расію і Кітай.
А найбольш здзівіла тое, што ў запрошаных гасцей не было загадзя падрыхтаваных рэплік: яны нават не ведалі, якія пытанні ім зададуць!

З аднаго боку, гэта рызыкоўна, але ж экспромт – вышэйшы гумарыстычны пілатаж. Таму жыва апладзіравала зала знаходлівасці нашага Гарыныча, які на пытанне вядучага, ці можна пасля яго бярозавага соку сесці за руль, тут жа адказаў, што можна… калі руль папярэдне зняць. Дастойна спраўляўся з заданнямі і яшчэ адзін запрошаны на здымкі госць – акцёр Андрэй Свірыдаў, знаёмы многім па ролі Гены ў папулярным серыяле “Універ”. Дарэчы, нямногія ведаюць, што ў маладосці ён быў паспяховым баскетбалістам і ў складзе беларускай “маладзёжкі” выйграў чэмпіянат Еўропы! Менавіта снайперскія здольнасці Андрэя праверылі вядучыя шоу, калі запрасілі акцёра на сцэну і прапанавалі патрапіць у баскетбольнае кальцо… шарыкам для пінг-понга, апельсінам, клубком нітак. Натуральна, што гэта было праблематычна, але весела!

Як аказалася, пачуццё гумару ўласціва і лепшым беларускім біятланістам Дзінары і Антону Смольскім, якія таксама былі ў зале. А яшчэ ўсе зорныя госці аказаліся простымі і дружалюбнымі – і ў нашых тэлефонах захаваны фота, зробленыя з імі пасля завяршэння здымак…

А ў душы пасля знаёмства з “ДХ Шоу” застаўся ўзнёслы настрой. Яно сапраўды добрае і пазітыўнае – якім і належыць быць творчаму прадукту, створанаму беларусамі для беларусаў. Канечне, у кожнага свае густы, але нам гэты праект адназначна “зайшоў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *