Акция «Дай лесу новае жыццё” прошла в Ушачском районе

Главное Общество

На мінулым тыдні ў лясных кварталах краіны было шумна і ажыўлена. Рэспубліканская акцыя “Дай лесу новае жыццё” аб’яднала больш 40 тысяч беларусаў, якія пасадзілі звыш шасці мільёнаў дрэў.

Работы вяліся амаль на тысячы ўчасткаў лесфонду краіны. Ушацкія ўдзельнікі акцыі дапаўнялі ляснымі культурамі бары на тэрыторыі розных лясніцтваў, а таксама аднаўлялі ўгоддзі за вёскай Шчарбёнкі, дзе на плошчы 2,9 гектара планавалася высадзіць 12 тысяч сосен і бярозак. За тыдзень тут пабывалі людзі самага рознага ўзросту і прафесій: у ліку першых да годнай справы далучыліся газавікі і культработнікі, прадстаўнікі суда Ушацкага раёна і райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Дружным дэсантам выехалі на дзялянку работнікі ЦРБ, “Белтэлекама”, РАУС, Следчага камітэта, пракуратуры, а таксама супрацоўнікі райвыканкама на чале з кіраўніком раёна Сяргеем Шамовічам.

Не засталіся ў баку актывісты РГА “Белая Русь” і аднайменнай партыі, прадстаўнікі іншых грамадскіх аб’яднанняў.

Актыўнасць праявіла і падрастаючае пакаленне. Так, з задавальненнем папрацавалі на вольным паветры вучні і настаўнікі Ушацкай школы, падлеткі з ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” – а з якім апетытам пасля завяршэння справы частаваліся яны прыгатаванай лясгасаўцамі кашай! Самымі ж маленькімі ўдзельнікамі акцыі сталі хлопчыкі і дзяўчынкі з дашкольнага лясніцтва “Лесавічок”, што створана на базе дзіцячага сада №3 гарпасёлка: трэба было бачыць, з якім стараннем яны змяшчалі ў лункі саджанцы.

Вядома ж, малышам ды і некаторым дарослым, што ўпершыню саджалі лес, трэба было паказаць, як гэта правільна рабіць – адпаведную місію ўзяў на сябе ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Падвойскі. Пасля яго інструктажу навічкі пачыналі так спрытна арудаваць мячом Колесава, што было відавочна: гэты спецыяліст праявіў бы сябе і на пасадзе выкладчыка ляснога каледжа. Пачуўшы ад ляснічага, што бярозы на гэтым участку дасягнуць спеласці праз 50 год, а сосны – толькі праз 80, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў пажартаваў, што ва ўсіх прысутных будзе добры стымул стаць доўгажыхарамі, каб пабачыць плён сваёй работы. А на пытанне ўдзельнікаў акцыі, чаму тут садзяць і бярозы, і сосны, дырэктар Ушацкага лясгаса Аляксей Апёнак патлумачыў, што змешаныя лясы лічацца больш трывалымі экасістэмамі, чым, напрыклад, чыста хвойныя, бо яны праяўляюць лепшую ўстойлівасць да хвароб, шкоднікаў, кліматычных змен.

Аляксей Мікалаевіч шчыра падзякаваў усім ушачанам, якія не пашкадавалі часу і сіл, каб даць лесу новае жыццё.

Дарэчы, шчыравалі нашы землякі не толькі на Ушаччыне. Так, вялікі аб’ём работ на пашкоджаных жнівеньскім ураганам бягомльскіх дзялянках выканала брыгада Ушацкага лясгаса.
Паводле даных Міністэрства лясной гаспадаркі, за час акцыі новы лес быў пасаджаны на 402-х гектарах угоддзяў краіны, што пацярпелі сёлета ад наступстваў стыхіі. Усяго ж было створана 647 гектараў лясных культур, паралельна дапоўнена імі 927 га.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *