“ПраЗапас”, які адкрыла ў ліпені гэтага года Полацкая нарыхтоўчая кантора, з прадуктовага магазіна штодня пераўтвараецца ва ўніверсальны і паступова пашыраецца. Тут становіцца цесна з-за пастаяннага павелічэння асартыменту, прычым, пераважна прамысловай групы тавараў. На сённяшні дзень гэта адзіная гандлёвая кропка не толькі сярод магазінаў кааператараў, але і ўвогуле ў раёне, дзе можна набыць буйнагабарытную тэхніку.
Прадавец Юлія Рамашэўская марыла пра гэта яшчэ ў дзень адкрыцця. Яе прыхільнасць да складанай тэхнікі зразумелая – колькі год яна расказвала пра мадэлі халадзільнікаў ці мікрахвалевых печаў, працуючы ў спецыялізаваным магазіне, а потым – універмагу. Але не толькі па гэтай прычыне. Як пакупніца яна ведае, што зусім іншая справа – паглядзець, памацаць тавар, чым набываць яго па апісанні праз інтэрнэт. І добра, што кіраўніцтва Полацкай нарыхтканторы эксперымент падтрымала, і ўслед за таварамі першай неабходнасці ў краме з’явіліся пральныя машыны, халадзільнікі, а таксама шмат рознай дробязі.
– Толькі ў кастрычніку завезлі прадукцыю “Атланта”, і ўжо прадалі тры халадзільнікі за наяўныя грошы і адзін – у растэрміноўку. У нас заключаны дагавор з “Белаграпрамбанкам”, на айчынныя тавары можна атрымаць крэдыт – і гэтым карыстаюцца – яшчэ адзін пакупнік зарэзерваваў тавар, – расказвае Ю.Рамашэўская. – Мы заказваем хадавыя недарагія мадэлі, аднак па каталозе можна выбраць і любую іншую, а для нагляднасці скарыстацца ўзорамі ў зале. Па райцэнтры буйнагабарытны тавар дастаўляецца бясплатна, магчыма гэта пры заяўцы і на тэрыторыі раёна. Чакаем паступлення коўдраў і падушак нашых беларускіх вытворцаў, дробных электрапрыбораў. Ушачане вымушаны набываць усё гэта ў інтэрнэт-магазінах і маркетплейсах, а любяць па-ранейшаму ўвачавідкі.
Так жа хутка перабіраюцца на кухні ўшачан патэльні, формы для запякання, і нават правераныя часам вуцятніцы і кацялкі – больш лёгкія алюмініевыя, у іх мяса тушыцца быццам у печы. З’явіўся вялікі выбар каструль, чайнікаў і наогул розныя кухонныя прылады і хатні інвентар. Выбіраючы тавар, а прадаўцы “ПраЗапаса” напрамую выходзяць на вытворцаў, абапіраюцца на пакупніцкую здольнасць ушачан. Апошнія, бачачы кошт на бялізну з бавоўны беларускай фабрыкі “Блакіт”, думалі, што памылка з цэнамі – настолькі нізкія яны аказаліся. Памылкі ніякай, проста гандляры скарысталіся аб’яўленай вытворцамі акцыяй – і сто камплектаў распрадалі за некалькі дзён.
Так што часцей заглядвайце ў магазін, тут зацікаўлены, каб і надалей здзіўляць вас.
Вольга Караленка.


