Слова “стол” у большасці з нас выклікае асацыяцыю са смачнымі стравамі, але ёсць і людзі, якія, пачуўшы яго, узгадаюць ракетку і шарык. Менавіта такія сабраліся ў суботу на спарткомплексе, каб вызначыць лепшых у раёне майстроў настольнага тэніса.
На пляцоўку выйшлі прадстаўнікі 9-ці каманд. У асабістым заліку сярод жанчын не аказалася роўных Наталлі Шунто, якая ў свой час асвойвала тэніс у Вялікадолецкай школе, а зараз працуе на прадпрыемстве “Твестуба ПРА”, другой і трэцяй адпаведна сталі Крысціна Дайлідзёнак з РАНС і Лідзія Долгая з ТЦСАН. У мужчын статус фаварыта пацвердзіў Віктар Волах з каманды выратавальнікаў, а Уладзімір Сільванёнак з “Лясных азёр” і лясгасавец Андрэй Дзмітрыеў заваявалі “срэбра” і “бронзу”.
У камандным заліку першынстваваў райаддзел па надзвычайных сітуацыях, другое месца – у зборнай раёна электрасетак і “Твестубы ПРА”, ну а “бронзу” выйграла каманда лясгаса – прадпрыемства, якое падтрымлівае літаральна ўсе і галіновыя, і раённыя спартыўныя ініцыятывы.
Падрыхтавала
Наталля БАГДАНОВІЧ.

