Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Александр Стома провёл приём граждан в Ушачах

Главное

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Стома правёў на гэтым тыдні ва Ушачах прыём грамадзян і “прамую тэлефонную лінію”.

Пытанні, з якімі ўшачане звярнуліся да парламентарыя, датычыліся выдзялення і будаўніцтва жылля для маладых сем’яў, стану дарог у сельскіх населеных пунктах і іншых тэм. Кампетэнтныя каментарыі на гэты конт далі старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Садоўскі і яго намеснік Дзмітрый Цімафееў. Звароты ўзяты на кантроль.

Жыхарка нашага раёна, мнагадзетная маці пажадала сустрэцца з Аляксандрам Мікалаевічам, каб выказаць яму шчырую падзяку за дапамогу ў вырашэнні яе праблемы – такія моманты ілюструюць дзейснасць работы народных абраннікаў з насельніцтвам і, канечне, вельмі прыемныя для іх.

У ходзе зносін А.Стомы з прадстаўнікамі раённага кіраўніцтва і грамадзянамі былі агучаны і пытанні, для рашэння якіх трэба ўдасканаліць заканадаўчую базу. У іх ліку, напрыклад, мадэрнізацыя шматкватэрных жылых дамоў: зараз, каб правесці ў іх пэўную рэканструкцыю, трэба абавязкова ўнесці аб’екты ў графік капрамонту – гэта ўскладняе працэс. Яшчэ адну праблемную сітуацыю падказаў Д.Цімафееў: “Ведаю прыклады, калі пасля заканчэння ВНУ ўшачане хочуць вярнуцца на малую радзіму, але разумеюць, што тут у іх не будзе ніякіх перспектыў на атрыманне ўласнага жылля, бо ў доме бацькоў хапае квадратных метраў”. І сапраўды, многія юнакі і дзяўчаты наўмысна размяркоўваюцца не ў свой, а ў іншыя раёны, дзе змогуць прэтэндаваць на арэндныя кватэры, або ўладкоўваюцца ў горадзе. А.Стома прымае да ўвагі і аналізуе ўсю падобную інфармацыю, каб потым ініцыіраваць яе абмеркаванне ў Парламенце.
Менавіта з такіх запытаў грамадства, напрыклад, “вырас” законапраект аб лізінгу, над якім зараз працуюць парламентарыі. Сутнасць яго ў тым, каб не надта заможныя беларусы маглі ўнесці першы ўзнос за аўтамабіль у памеры 10-40 працэнтаў і атрымаць яго ў карыстанне – з абслугоўваннем у лізінгавых кампаніях. Мяркуецца, што на працягу трох год аўтааматары будуць выплачваць пэўную суму, пасля чаго або набудуць аўто па астаткавым кошце, або возьмуць новую машыну. Такі закон дапаможа здзейсніць мару многіх сем’яў пра годны транспарт не “калісьці”, а зараз.

У прыёме грамадзян таксама прынялі ўдзел члены Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сакалоў і наша зямлячка Анастасія Гатаўская. Такая практыка дазваляе маладым актывістам набірацца вопыту, які будзе карысны ім у будучай дзейнасці. Выконваюць яны і ўласныя заданні: Аляксандр, напрыклад, у час рабочых паездак збірае інфармацыю аб маладзёжным валанцёрскім руху і такім чынам удзельнічае ў падрыхтоўцы да разгляду адпаведнага законапраекта.

Падчас рабочага візіту ў наш раён А.Стома сустрэўся з работнікамі Ушацкага лясгаса. Асноўнай тэмай размовы стала роля сям’і ў сучасным грамадстве.
“Пытанні сямейных каштоўнасцяў сёння асабліва актуальныя, бо ў свеце, асабліва ў краінах Захаду, гэтыя паняцці перажываюць крызіс, інстытут сям’і прыходзіць у заняпад, што можа прывесці да страты важных маральных арыенціраў і яшчэ большага абвастрэння дэмаграфічнай сітуацыі”, – падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч.

Дыялог з людзьмі ён як заўсёды вёў адкрыта і нефармальна, даваў парады з вышыні ўласнага ўрачэбнага і сямейнага вопыту. Прывёў, напрыклад, лічбу, што яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму беларускія дзяўчаты ўпершыню станавіліся мамамі ў 20-21, зараз жа “ідуць за малышом” ледзь не ў 30. У яго сям’і першынец з’явіўся на свет яшчэ ў студэнцкія гады – аб чым яны з жонкай ніколькі не пашкадавалі. Калі ж меркаваць, што спачатку трэба стаць на ногі, а потым думаць пра дзяцей, – можна ўвогуле спазніцца стаць шчаслівым. Тым больш што ў нашай краіне сем’і з дзецьмі маюць адчувальную дзяржаўную падтрымку.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *