Вечер встречи школьных друзей собрал в Ушачской школе выпускников разных лет

Главное Общество

Колькі б ні мінула год, і якім бы суровым не аказаўся люты, у першую яго суботу актавая зала Ушацкай школы запаўняецца выпускнікамі юбілейных гадоў. Вось і сёлета ўсё паўтарылася: пазнаванне пасталелых аднакласнікаў, абдымкі са сваімі самымі лепшымі класнымі, пажаданні… А праз ўсе выступленні, быццам клятва, гучала: “Годна несці званне выпускніка Ушацкай школы”. Дзякуючы каму вечарына і на гэты раз прайшла настолькі душэўна?

Арганізатары, напэўна, не чакалі, што на свяце акажацца прадстаўнік 1956 года выпуску. Іх зоркавы састаў Лілія Фёдараўна Сінкевіч раней збірала нават на сцэне РДК. На гэты раз прыйшоў толькі Анатоль Раманавіч Пахілка, які трымаў у руках адноўлены, павялічаны здымак іх паралелі. Хваляваўся, таму прыгадваць любімых настаўнікаў яму дапамагала дачка Вольга. Сям’я, у якой нашу школу скончыла шасцёра прадстаўнікоў, падарыла ёй сертыфікат на 200 рублёў, а ўсім прысутным – узор таго, што юным душой не падуладны гады.
Маглі прадстаўляць гэты выпуск ушачанкі Лідзія Уладзіміраўна Рубанік, Тамара Іванаўна Жылко, Соф’я Іванаўна Пугачова, але па розных прычынах устрымаліся. Дачка апошняй Алена Уладзіміраўна аказалася лідарам бадзёрых “пяцідзясятнікаў”. Былая настаўніца полацкай школы №8 яўна пасаромелася, зазначыўшы, што “в подмётки не годится” яе ўшацкім педагогам. Яна назвала літаральна ўсіх, прыгадаўшы ўрокі біялогіі ў Фаіны Пятроўны Зубцовай, гісторыі – у Ніны Ісакаўны Гайко, як з Эдуардам Фадзеевічам Багдановічам адпрацоўвалі скачкі праз каня, а Маіна Пятроўна Лях вучыла танцаваць. Гэты выпуск заслужыў званне самага вялікага. Толькі ўявіце – у 1976 годзе ў паралелі была нават літара “Ж” – сем дзясятых класаў і 213 вучняў. У гэты раз сабралася 18, сярод іх і немясцовыя – Сяргей Лапіцкі, Ларыса Лейчанка, Ірына Сарокіна, Людміла Шрубок. А яшчэ іх можна назваць самымі творчымі. Арганізатарам давялося нават карэкціраваць сцэнарый, паколькі Алена Пугачова, Тамара Ксянджук, Вольга Жукава і Наталля Шарыпенка падрыхтавалі чатыры сольныя нумары.

45-гадовыя выпускнікі, безумоўна, самыя патрыятычныя, паколькі вельмі многія, асабліва з “Б” класа, засталіся працаваць на малой радзіме: Ларыса Клопава, Генадзь Карэйша, Ніна Журко, Уладзімір Грак, Ірына Стэльмах, Генадзь Косых, Сяргей Марозаў, Мікалай і Валянціна Бабаедавы. Яна і вітала прысутных, прыгадаўшы, што сплаціла клас Тамара Паўлаўна Саднікава, якая хадзіла з імі ў паходы і пускалася ў далёкія падарожжы. А якой жа сенсацыйнай аказалася сустрэча аднакласнікаў з Наталляй Каваленка і Антанінай Спірыдзёнак, якія “згубіліся” на 45 год і ўпершыню прыехалі на вечарыну.

Колькі чорна-белых здымкаў з тых часоў ажывала на экране: арганізатары ўпершыню скарысталіся паслугамі штучнага інтэлекту, і школьнікі са статычных фота махалі рукамі, перагаворваліся і абдымаліся. Эфект уразіў літаральна ўсіх. Асаблівы “дзякуй” за гэта аператару Вользе Казловай, а таксама сцэнарысту вечарыны Маргарыце Далжонак, вядучаму Уладзіміру Хамёнку і, канечне, Святлане Галай, якая праводзіла інтэрв’ю з настаўнікамі-ветэранамі і залай.

Ну а лідарства самага вялікага класа, бясспрэчна, аказалася за 11 “В” 1991 года выпуску. У журнале, разлічаным на 40 вучняў, нават адчэрчвалі тры дадатковыя радкі (!). А з такой гарэзлівай камандай спраўлялася адна Таццяна Робертаўна Пугачова. Для свайго першага і любімага выпуску яна падрыхтавала, канечне, гістарычныя пытанні. “Школьнікі” лускалі іх як арэхі, без замінак адказвалі, што яе правай рукой і старастай класа была Алена Бараноўская, дыскаклуб вялі Руслан Даўгаполаў і Аляксандр Лабань, насценную газету малявала Валянціна Пятніца, з піянерамі любілі “настаўнічаць” Наталля Федарэнка і Людміла Белавусава, на лыжных спаборніцтвах любога ўзроўню гонар класа і школы адстойвалі Андрэй Бараноўскі, Сяргей Рэентовіч і Сяргей Васьковіч – два апошнія – срэбраны і залаты медалісты. Гэта таксама адметная паралель, якая “пераскочыла” дзявяты клас, а ў існаваўшым тады нулявым іх прыняла першая настаўніца Мая Фёдараўна Крышнёва.

Ад выпуску 1986 года залу віталі Сяргей Алабін, Юрый Варонін, Уладзімір Зуеў, Сяргей Мошкін і Жанна Пашкевіч. Таксама малаколькаснымі аказаліся “25-нікі”, ад імя якіх слова трымаў Аляксандр Мільчанін. Усё гэта падкрэслівае вялікую ролю класных актывістаў, якія шукаюць тэлефоны і па сто разоў усё ўзгадняюць. У паралелі 2006 года такім з’яўляюцца Ганна Елісеева і Таццяна Данькова, таму і аказаўся такім масавым збор. А яшчэ адна прычына крыецца ў патрыятызме. Таму і верш “Трэба дома бываць часцей” у выкананні Дзмітрыя Гардзеева гучаў, і ўшацкі гімн Таня “прымусіла” ўсіх вывучыць. Быў нават торт з лічбай 20 і запаленымі на жаданне свечкамі, а таксама мора кветак для ўсіх сваіх настаўнікаў.

І вось на сцэне 12 выпускнікоў 2016 года, сярод іх – першы старшыня раённай маладзёжнай палаты Ганна Герцык, а таксама такія ж актыўныя, незаменныя літаральна ва ўсіх конкурсах і спаборніцтвах Марына Харак, Кацярына Свідзінская, Яна Мошкіна, Улада Клімашэўская. Іх класны кіраўнік Людміла Сяргееўна Абадкова жадала ім таго, што актуальна для ўсіх часоў і ўсіх пакаленняў – шанаваць сваё сяброўства, падтрымліваць адзін аднаго, не забываць настаўнікаў. А ім, педагогам-ветэранам, як заўсёды, былі адведзены першыя рады. Людміла Рыгораўна Карабань, Святлана Канстанцінаўна Турло, Вера Васільеўна Спірчонак, Генадзь Віктаравіч Ерашоў, Надзея Аляксандраўна Васькевіч, Валянціна Пятроўна Шэлесцюковіч, Наталля Леанідаўна Корань, Алена Сяргееўна Сільчанкава, Аляксандр Мікалаевіч Фінагееў, Святлана Мікалаеўна Міхаль, Наталля Анатольеўна Шарыпа, Аляксандр Сяргеевіч Тарасеня – большасць з іх таксама выпускнікі Ушацкай школы.

Мінула свята, а ўражанні застануцца на многія месяцы. Цікаўнасць жа тых ушачан, якія не трапілі на вечар, мы таксама задаволім. Заходзьце на старонкі “Патрыёта” ў сацсетках, а таксама на сайт газеты, дзе мы размясцілі больш здымкаў.

І яшчэ раз дзякуй школе – за цікавы экскурс у гісторыю, за знаёмства “былых” з сённяшнімі зоркавымі навучэнцамі, за цёплую сямейную атмасферу.

Вольга Караленка.

Ю.Варонін, С.Алабін, Ж.Пашкевіч.

А больш за ўсё – выпускнікоў 2006-га.
Выпуск 1976 года.

11 “В” 1991 года.

11 “Б” 2016 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *