Па традыцыі напярэдадні свята аграрыяў падводзяцца вынікі раённага спаборніцтва сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу Ушацкага раёна.
Ну а мы ў святочным нумары знаёмім вас з пераможцамі ў розных намінацыях і крыху падрабязней расказваем пра асобных лаўрэатаў.
Пераможцамі спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў прызнаны:
ААТ “Ільюшынскі” (дырэктар Мікіта Васільевіч Завадскі) – за павелічэнне ўраджайнасці і прырост валавой вытворчасці зерня да ўзроўню мінулага года;
КУСГП “Вялікадолецкае” (дырэктар – Антон Уладзіміравіч Сафонаў) у дзвюх намінацыях – за павелічэнне ўраджайнасці і валавога збору масланасення рапсу, а таксама за прырост валавой вытворчасці малака.
Сярод камбайнераў:
АЛЕКСЯЁНАК Васіль Рыгоравіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 818 тон зерня;
ХАДАСЕВІЧ Дзмітрый Віктаравіч – міліцыянер-вадзіцель групы затрымання аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы, які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 812 тон зерня;
СТРЫЖОНАК Юрый Віктаравіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 712 тон зерня;
БАШУН Валерый Генадзьевіч – машыніст кацельні УП ЖКГ, які на камбайне КЗС-10К намалаціў 518 тон зерня.
Сярод вадзіцеляў, занятых на перавозцы збожжа:
грузападымальнасцю да 6 тон:
ЛЯХ Аляксандр Аляксандравіч з КУСГП “Глыбачаны”, які на трактары МТЗ-82 з прычэпам ПСТ-6 перавёз 597 тон зерня;
КУЧАРОНАК Аляксандр Максімавіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які на трактары МТЗ-952 з прычэпам ПСТ-6 перавёз 476 тон зерня;
грузападымальнасцю звыш 6 тон:
БАГДАНАЎ Мікалай Аляксеевіч з УП “Сафійскія дары”, які на аўтамабілі МАЗ-555142 перавёз 900 тон зерня.
ЛАДЗІК Яўген Валер’евіч – вадзіцель ДЛГУ “Ушацкі лясгас”, які на аўтамабілі МАЗ-5551А2 перавёз 783 тоны зерня.
РАЖНОЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч з УП “Сафійскія дары”, які нарыхтаваў 18136 тон зялёнай масы;
СТРЫЖОНАК Юрый Віктаравіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які нарыхтаваў 10672 тоны зялёнай масы;
ФІЛІМОНАЎ Рыгор Аркадзьевіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які нарыхтаваў 9317 тон зялёнай масы.
АЛЕКСЯЁНАК Васіль Рыгоравіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які на трактары МТЗ-1221 перавёз 6828 тон зялёнай масы;
БУРАК Дзмітрый Аляксандравіч з ААТ “Ільюшынскі”, які на трактары МТЗ-3522 перавёз 5566 тон зялёнай масы;
ЖАВАРАНАК Анатоль Мікалаевіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які на трактары МТЗ-3022 перавёз 4998 тон зялёнай масы.
Сярод трактарыстаў-машыністаў, якія выпрацавалі найбольшую колькасць умоўных эталонных гектараў:
на трактарах з магутнасцю рухавіка да 100 конскіх сіл (МТЗ-82):
ВУСЬКО Сяргей Міхайлавіч з КУСГП “Вялікадолецкае” – 4019;
МАРКОВІЧ Аляксандр Лук’янавіч з ААТ “Ільюшынскі” – 2081;
МАКОВІЧ Віктар Уладзіміравіч з УП “Сафійскія дары” – 2042;
на трактарах з магутнасцю рухавіка ал 100 да 250 конскіх сіл:
КАЧАН Генадзь Віктаравіч з КУСГП “Вялікадолецкае” – 4789;
СПІРЫДЗЁНАК Анатоль Дзмітрыевіч з ААТ “Ільюшынскі” – 3039;
АЛЕКСЯЁНАК Васіль Рыгоравіч з КУСГП “Вялікадолецкае” – 2924;
на трактарах з магутнасцю рухавіка звыш 250 конскіх сіл:
ХАМЁНАК Мікалай Уладзіміравіч з КУСГП “Вялікадолецкае” – 6452;
БУРАК Дзмітрый Аляксандравіч з ААТ “Ільюшынскі” – 5372.
ЯЛОВІК Мікалай Уладзіміравіч з УП “Сафійскія дары” – 4706.
Сярод аператараў машыннага даення:
БАЖАНАВА Алена Васільеўна з КУСГП “Вялікадолецкае”, якая надаіла на карову 3506 кілаграмаў малака;
ШЫРАЕВА Людміла Іванаўна з КУСГП “Вялікадолецкае”, якая надаіла на карову 3467 кілаграмаў малака;
КАСЯК Валянціна Сяргееўна з КУСГП “Вялікадолецкае”, якая надаіла на карову 3348 кілаграмаў малака.
Сярод аператараў на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы:
КОРШУН Наталля Леанідаўна з УП “Сафійскія дары”, 691 грам сярэднясутачных прываг;
БАГДАНАВА Таццяна Аляксандраўна з УП “Сафійскія дары”, 688 грамаў сярэднясутачных прываг;
ДЗІУЛЬСКАЯ Аксана Аляксандраўна з УП “Сафійскія дары”, 652 грамы сярэднясутачных прываг.
Сярод
асемянатараў:
КІМАВА Алеся Мікалаеўна з ААТ “Ільюшынскі”.
Сярод брыгадзіраў вытворчых брыгад:
БЕЛЬСКАЯ Алена Васільеўна з КУСГП “Вялікадолецкае”, якая на малочна-таварнай ферме Селішча забяспечыла прырост малака да ўзроўню мінулага года на 8 працэнтаў і надой на карову на 326 кілаграмаў.
“Мальчык, мальчык! Вось убачыце, зараз пакажа сябе”, – выклікала з натоўпу па мянушцы агульнага любімца загадчык комплексу “Маяк” М.Л.Шарлей. – Мы яго, хворага, з ветурачом Янай Логінавай ледзь выхадзілі, збалавалі ласункамі, цукеркі вельмі любіць, вось і нясецца на голас”. І сапраўды, чорны ў яблыкі бык высунуў галаву амаль на праход і матаў ёю, вітаючыся. “Ён з групы Наталлі Коршун, а ў іх звяне ўсе цяляткі ручныя і на імёны адгукаюцца. Адрозніваюцца ад іншых, калі перадаюць, бо за імі індывідуальны падыход”, – дадае Марына Леанідаўна і праводзіць на першы перыяд – так называюць цэхі з гадаванцамі, што прыняты на дарошчванне. Самыя юныя з іх тут усяго тыдзень, аднак не палохаюцца і ахвотна ідуць да рук. Гэта свае, сафійскія цяляткі, якіх перасялілі з прафілакторыяў ферм. У секцыях Н.Коршун іх пад 600 – па сутнасці дзве групы, якіх пазменна даглядаюць толькі тры чалавекі – акрамя звеннявой яе муж М.М.Коршун і Таццяна Аляксандраўна Багданава.
Такім складам працуюць ужо некалькі год, хоць раней Мікалай Мікалаевіч займаўся выключна вялікімі быкамі. Аднак кожны скажа, як цэняць даглядчыцы менавіта мужчынскія рукі, паколькі на доглядзе з малымі нават больш ручной працы, чым на адкорме. Таму і абавязкі ў аператараў хоць і аднолькавыя, аднак дзеляцца па сілах: загрузка подсцілу, сена звычайна на мужчыне, а раскладванне кармоў – на жанчынах.
Нагрузка тым не менш вельмі вялікая. Некалькі разоў накарміць столькі гадаванцаў, пачысціць станкі, а са з’яўленнем новенькіх абавязковая сарціроўка і больш уважлівы догляд – не ўсе малыя развіваюцца аднолькава. Таму нягледзячы на тое, дзе б ні жылі аператары, а многія вельмі блізка – у Двор Пліне ці Угрынках – на паўтарагадзінны абед ніхто з іх не ходзіць, а хуценька перакусіўшы, зноў рушаць да сваіх груп.
На “Маяку” пастаянна ўсё ў руху і даведзена да аўтаматызму найперш таму, што тут – пастаянныя кадры. Дзесяцігоддзямі працуе менавіта на першым перыядзе Т.А.Багданава, а Н.Л.Коршун займалася і ўзроставымі быкамі. Мяняецца толькі “поле бою”: па чарзе пераходзяць ад секцыі да секцыі. Аднак руцінная праца толькі здаецца такой, яна мае і сваю рамантыку – іх гадаванцы растуць, прывыкаюць, усё адчуваюць, радуюцца, калі бачаць раніцай знаёмую постаць, і пяшчотна ліжуць рукі шурпатымі языкамі.
“Пасеяў пад 500 гектараў зерневых і 400 – кукурузы. Перайшоў на адвозку кармоў, але “Пім” давялося памяняць на касілку, таму на маім рахунку і 300 га траў, а потым іх, толькі правяленых, зноў перавозіў да сянажных ям. Прычэпы мы нарасцілі высокія, у халастую не хадзілі. Аднойчы за раз нават 11440 тон перавёз. Мой трактар МТЗ-1221 не самы цяжкі, часта не граз, хаця вельмі няпроста было сёлета “рвануць” з месца”, – пералічае перадавік віды работ толькі на старце сезона. Замацаваныя за ім дзве сеялкі, касілку і камбайн мяняў, калі скажуць, хаця самае няўдзячнае ў іх справе – гэта здымаць і ставіць прычапныя агрэгаты. Толькі з плугамі вось год як не выходзіць у поле. “Сорамна было б, – жартуе, – ім жа больш чым мне гадоў: атрымліваў не новымі яшчэ калі “Сельгастэхніку” расфарміроўвалі, столькі разоў “латаў”, а цяпер у нас нават васмімятровыя ёсць”, – тлумачыць свой няўдзел ва ўзворванні механізатар экстра-класа. Ён з тых працаўнікоў, якога можна пасадзіць на абсалютна любую тэхніку – як трактары, так і машыны. Яшчэ ў лепельскім вучылішчы атрымаў тры прафесіі, у тым ліку экскаватаршчыка, а потым павышаў кваліфікацыю, на пэўны час нават пакідаў гаспадарку і працаваў дальнабойшчыкам.
Столькі рэальных тон і ўмоўных эталон-гектараў у Васіля Рыгоравіча яшчэ і таму, што летам не было выхадных нават падчас дажджоў – каб не губляць дарагіх хвілін, надвор’я чакалі ці на мехдвары, ці ў полі. Ды хутка сезон водпускаў і стаўшы любімым адпачынак – зімовая рыбалка.
На пытанне, як удалося стаць пераможцам на адвозцы зерня, глыбачанскі механізатар Аляксандр Лях адказаў проста: “Дык я ж практычна адзін абодва нашы камбайны абслугоўваў, хіба што на пэўны час Саша Баратынскі ды Валодзя Кішчанка падключаліся”.
Зімой ён рупліва падрыхтаваў свой старэнькі МТЗ-82, памяняў задні мост, перабраў вузлы і агрэгаты – і трактар на працягу сезона не падводзіў. І на сяўбе быў заняты, і ўгнаенні ўносіў, і з граблямі на касавіцы шчыраваў.
Жніво ж на глыбачанскіх нізінах выдалася суперскладаным. “Іншы раз палову дня чакаеш, пакуль поле прасохне, а потым у максімальным тэмпе наганяеш страчаны час. Ля Якавак такая пшанічка ўрадзілася, а камбайны Сашы Малахава і Максіма Целепня з адным вядучым мостам на поле заехаць не могуць – дапамаглі калегі з “Сафійскіх дароў” на поўнапрывадным КЗС. Праўда, і іх тэхніка там загразла – “Амкадор” не справіўся, давялося “Кіравец” выклікаць, – прыгадвае экстрэмальныя жніўныя будні Аляксандр. – Удзячны мы і звяну чашніцкіх памочнікаў – увогуле гэтая ўборачная стала сапраўдным прыкладам працоўнага братэрства”.
Аграрнай сферы лаўрэат раённага спаборніцтва прысвяціў большую частку кар’еры. “Снег сышоў – у плугі, і да новага снегу”, – коратка і трапна апісвае ён механізатарскую справу. Прыйшоў у мясцовую гаспадарку ў пачатку 90-х, кіраваў трактарам, грузавіком, 13 год правёў у кабіне экскаватара. Папрацаваў, праўда, пэўны час у лясной брыгадзе ўчастка ЖКГ і ў кацельні, але потым зноў вярнуўся ў сельгаспрадпрыемства.
Гэтыя ж лістападаўскія дні Аляксандр праводзіў… на рыбалцы. За апошнія гады назбіралася некалькі водпускаў, вось і вылучыў нарэшце час для любімага занятку. Дзе працягне кар’еру – пакуль не вырашыў, але відавочна, што такому прафесіяналу і рупліўцу будуць рады на любым прадпрыемстве.
Дзмітрый Хадасевіч – унікальны малады чалавек. Не толькі тым, што сёлета сам папрасіўся за штурвал камбайна, а ў сваім пастаянным імкненні развівацца. Будаўнік па спецыяльнасці, ён у свой вольны час і за свой кошт адвучыўся і атрымаў правы катэгорыі “А”, а потым і ўсе астатнія трактарныя “допускі”, а сёлета “сеў і паехаў, быццам меў багатую практыку”.
Менавіта так ахарактарызаваў работу добраахвотнага памагатага Дзмітрыя Хадасевіча аграном “Вялікадолецкага” Аляксандр Зянюк, калі ўбачыў першыя прагоны. Пэўны вопыт супрацоўнік Дэпартамента аховы меў. Яшчэ студэнтам лепельскага меліярацыйнага каледжа падчас канікул дапамагаў швагру, перадавому камбайнеру ААТ “Агра-Селішча” Юрыю Юркевічу.
“Працавалі мы тады да апоўначы, Юра ехаў да сям’і ва Ушачы, а я – да бацькоў у Селішча, а ў 6 раніцы ўжо чысціў камбайн і змазваў агрэгаты, так што працавалі без прастояў. Інспектар дзяржтэхагляду І.М.Пухальскі заўсёды хваліў стан нашай тэхнікі. У нас сямейны экіпаж быў у шырокім сэнсе слова – на адвозцы – мой бацька Віктар Часлававіч, з якім з маленства катаўся ў кабіне трактара”, – такім чынам Дзмітрый не проста расказвае пра біяграфію, а тлумачыць, як нарадзілася заўзятасць да жніва. Ён з дзяцінства любіць і тэхніку, і хлебную ніву, таму сёлета і хацеў паспрабаваць уласныя сілы. І нягледзячы на тое, што працаваў менш за іншых па часе, у яго атрымалася абысці па намалотах і швагру, і практычна ўсіх іншых – усяго 6 тон – адзін бункер аддзяляе яго і ад абсалютнага лідара.
Ці імкнуўся апынуцца на першых радках? Безумоўна! Тым больш што асабістай матэрыяльнай зацікаўленасці ў танажы не меў – атрымліваў Дзмітрый Віктаравіч сярэдні заробак міліцыянера. Калі заставаўся ў роднай селішчанскай зоне, малаціў пры святле фар і з блізкіх палёў на камбайне адвозіў зерне на сушыльны комплекс. А калі аднойчы спатрэбілася замяніць кола, а як і ўсе працаваў без памочнікаў – выручыў цесць. Дзмітрый імкнуўся максімальна эфектыўна выкарыстоўваць час.
Хоць і жыве ва Ушачах, часта бывае ў родным Селішчы, дапамагае бацькам, ці, правільней сказаць, разам з імі плануе ўсе гаспадарчыя справы. Ён – тата траіх дзяцей. Малодшы Міша яшчэ не пайшоў у сад, затое Вася ўжо асвойваў разам з бацькам новую тэхніку – атрыманы ў падарунак за жніво скутар.
Юрый Стрыжонак хоць і адзін з самых маладых камбайнераў, аднак да дапамог калег ужо не прыбягае. Наадварот, сам у дробязях раскажа і як скласці дзесяціметровыя граблі на дробным полі, і як адрэгуляваць даўжыню рэзкі травы на КВК, і з якой перыядычнасцю тачыць нажы.
26-гадовы механізатар хутка пяройдзе на трэці курс сельскагаспадарчай акадэміі і мае такое патрэбнае і даволі рэдкае спалучэнне тэорыі і практыкі. Яе ён атрымліваў яшчэ ў Лепельскім каледжы, а потым набіваў руку на палях гаспадаркі. Спачатку на дыскаванні і ўзворванні, а ўжо некалькі год – на корма- і зернеўборачным камбайнах. Хаця апынуўся на іх, можна сказаць выпадкова. “Дзед працаваў на КВК, бацька ў “Кублічах” на “Доне”, таму ускоснае ўяўленне аб тэхніцы меў, – гаворыць Юрый. – А аднойчы хлопцы “падгледзелі”, як я пераганяў камбайн і падказалі дырэктару, кім можна папоўніць дэфіцытныя вакансіі. Па-сутнасці, паўгадзінная практыка пад кіраўніцтвам А.У.Сафонава і стала вучобай, не лічачы, канечне, курсаў павышэння кваліфікацыі. Сяргей Вусько потым дапамагаў з рэгуліроўкамі, як у свой час Мікалай Хамёнак – араць”.
Цяпер ён вяртае атрыманы аванс. Абавязкова дапаможа з наладкай, пошукам запчастак, ды і характар мае настолькі добразычлівы, што да яго першага прыйдзеш па дапамогу. А яна сёлета патрэбна была вельмі часта. Граз КВК – выцягвалі трактары на адвозцы, буксавалі яны – выручаў ён. А на жніве зусім не лішнім быў “Амкадор”. Юрый смяецца, што з гэтага лета мае самыя экзатычныя здымкі з палёў.
Ю.В.Стрыжонак сёлета вызначыўся ў дзвюх вельмі важных намінацыях, хоць па часе работы яны і перакрывалі адна адну. Не дагнаў абсалютных лідараў жніва, бо пяць дзён правёў на травах і прыватных агародах сяльчан. Хаця ўбіраў сёлета літаральна ўсё – азімы ячмень, рапс, іншыя зерневыя і травы. І, канечне, папоўніў практычны багаж да наступнай сесіі.
На ферму “Цыганок” мы прыехалі перад вячэрняй дойкай, і хоць ужо згушчаліся прыцемкі, паспелі ацаніць стан тутэйшай тэрыторыі і памяшканняў. Пабеленыя сцены, абноўленыя вароты і агароджа, чыстыя выгульныя пляцоўкі, неблагі пад’езд – канечне, яшчэ шмат чаго трэба прыбраць, аднак бачна, што работа праведзена немалая. Выконвалі яе ў асноўным сваімі сіламі, бо хоць і ёсць тут, як і паўсюдна, кадравы дэфіцыт, аднак у цэлым калектыў на аб’екце баяздольны.
Дарэчы, менавіта добрыя адносіны паміж калегамі, узаемавыручку і адказнасць назвалі важнымі фактарамі свайго сёлетняга лідарства па раёне даяркі Алена Бажанава і Людміла Шыраева. На жаль, не было на ферме яшчэ аднаго лаўрэата спаборніцтваў – Валянціны Касяк: у пачатку восені ў яе ўзніклі праблемы са здароўем, і даглядаць яе групу згадзілася Яўгенія Алексяёнак, якая ўжо на заслужаным адпачынку. Калі ж захварэла яшчэ адна іх калега Валянціна Хамічонак, даяркі ўзялі пад апеку і яе каровак, павялічыўшы сваю нагрузку. Так тут прынята: дапамагаць адзін аднаму.
“Абавязкова прыгадайце нашых старанных хлопцаў-жывёлаводаў Мікалая Рагіню, Дзмітрыя Аўдзеенку, Сяргея Клачка, Уладзіміра Лося, механізатараў Сяргея Вусько, Аляксея Рэута, Ра Вутха, якія абслугоўвалі статак. Добра ведаюць сваю справу асемянатар Міхаіл Кляпацкі, замацаваны за намі спецыяліст райветстанцыі Кацярына Бялко – вядома ж, і мы за каровамі ўважліва сочым, аператыўна вызначаем тых, хто ў ахвоце ці мае прыкметы хваробы. І кіраўніцтва наша адзначце – загадчыка фермы Таццяну Клачок, дырэктара гаспадаркі Антона Сафонава. З агульных намаганняў і склаўся неблагі вынік”, – разважаюць Алена і Людміла. І дадаюць, што хацелі б, канечне, большых лічбаў дасягнуць, да чаго і будуць імкнуцца.
Абедзьве яны мясцовыя, адна – са Старыны, другая – з Забалацця. У маладосці пасля замужжа спрабавалі гарадское жыццё – ды не прыйшлося яно даспадобы. Вярнуліся ў вёску і ўвесь час працуюць у жывёлагадоўлі. Алена Васільеўна – сапраўдны старажыл “Цыганка”: шчыруе тут ужо амаль два дзесяцігоддзі. Сёлета ў кампаніі мужоў, дзяцей і ўнукаў яны адсвяткавалі 55-гадовыя юбілеі. Дарэчы, на падораным з гэтай нагоды электраскутары Алена ездзіла са сваіх Вялікіх Долец летам на работу, падобны транспарт атрымала ў парадунак ад сына і Людміла – і таксама збіраецца яго асвоіць. Жанчыны ў нашай глыбінцы не толькі працуюць годна, але і ў быце ідуць у нагу з часам!
У кожнай гаспадарцы ёсць касцяк нязменных старанных работнікаў, якіх штораз сустракаем, адпраўляючыся на палеткі раёна. А таму многія з аграрыяў для журналістаў газеты становяцца добрымі знаёмымі. У “Ільюшынскім” у ліку такіх рупліўцаў, напрыклад, Дзмітрый Аляксандравіч Бурак.
Гэты сельскагаспадарчы сезон стаў 25-м у кар’еры механізатара. Аўтарытэт жа і давер мужчына заваяваў з першых гадоў работы, бо якую б справу яму не даверылі – можна не пераправяраць. На пасяўной Дзмітрый звычайна заняты на падрыхтоўцы глебы, вось і сёлета на старце сяўбы працаваў з дыскатарам, а потым давялося падмяніць вопытнага калегу і ветэрана гаспадаркі Анатоля Усовіка і зачапіць за трактар пасяўны агрэгат. Але і з гэтай місіяй ён справіўся бездакорна.
Улетку Д.Бурак шчыраваў на яшчэ адным важным этапе аграрнага года – корманарыхтоўцы, перавёз з палёў больш за 5500 тон зялёнай масы.
– У сельскай гаспадарцы не бывае лёгкіх сезонаў, – падкрэслівае механізатар. – Леташні год запомніўся небывалай засухай, а сёлета працаваць перашкаджалі моцныя дажджы: буксавала тэхніка, складана было насушыць сена, а потым сабраць вырашчанае зерне. На давераным мне МТЗ-3522 выконваю розныя работы, але “каронны” і самы любімы від, хутчэй узворванне глебы, асабліва на шматгектарных участках.
У сельгаспрадпрыемстве зазначаюць, што за такімі спецыялістамі, як Дзмітрый Бурак, не патрэбны ніякі кантралёр, а мужчына ў сваю чаргу кажа, што інакш працаваць не ўмее. Таму і ўздымаецца падчас кожнага свята аграрыяў на сцэну за ўзнагародамі – у раённым спаборніцтве сёлета ён стаў пераможцам адразу ў дзвюх намінацыях.
Падрыхтавалі Наталля БАГДАНОВІЧ, Вольга КАРАЛЕНКА, Вольга Камаркова.








