Из Германии в ушачское Лисичино. Рассказываем о Саиде Абузярове, который переехал в Беларусь и считает её страной для жизни.

Общество

Працягваем нашу рубрыку, у якой знаёмім з замежнымі грамадзянамі, што пасяліліся ва Ушацкім раёне ці назаўсёды, як прадстаўнікі з Латвіі, ці толькі ў летні час, як Саід Абузяраў. Распачыналі мы праект менш года таму з гутаркі з маладой жанчынай, якая ў дзяцінстве стала жыхаркай Германіі, а на чацвёртым дзясятку перабралася ў Беларусь. Саід жа – наадварот, прыкладна ў такім узросце пакінуў Казахстан і паехаў шукаць шчасця на Нямеччыну. Правёў там трыццаць гадоў, усяго дабіўся, аднак тым не менш вырашыў памяняць пастаяннае месца жыхарства. Матывы гэтага сталага паспяховага чалавека, пераканана, дазволяць і нашым чытачам па-іншаму паглядзець на сваё жыццё.

Саід Абузяраў абжываецца ў Лісічыне – прыдбаў дачу ў ціхім месцы Кубліцкага сельсавета з “неабмежаванай” колькасцю зямлі, на якой і гаспадарыць. Пасадзіў маладыя грушы і яблыні, у роўных гранках стаіць бульба, цвітуць гарбузы і паднялі галовы сланечнікі. Цяпліца, градкі, нават каза – усё як і ва ўсіх, ды і гаспадарчы вынік у мужчыны, які з усім спраўляецца сам, не горшы, чым у заўзятых агародніц. У гэтым адна з прычын набыцця нерухомасці на Ушаччыне – любіць хутарское адасобленае жыццё на зямлі.
У Германіі, пад Дзюсельдорфам, у яго не толькі кватэра, але і дача. І месца таксама прыгожае, і плошча немаленькая – 30 сотак. Толькі не хутар – уся тэрыторыя краіны вельмі шчыльна заселена. На загарадным памесці растуць грушы, слівы, выспяваюць арэхі, а на Новы год нават упрыгожвае ўласную елку ў двары. Трымаў атару баранаў на шашлык і перапёлак з курамі – для экалагічнага харчавання. Аднак гэта толькі частка яго асобы. Другая – дзелавая і ініцыятыўная. Інжынер па адукацыі, які ў Алма-Аце быў заняты ў водаканале, на шахце і нават распачынаў сваю справу, без праблем раскруціўся і грошы “прымусіў” працаваць на сябе. Рацыянальны прагматык і ў 68 не збіраецца сядзець без справы, таму і кватэру (пастаяннае, а не летняе жыллё) мяркуе адшукаць побач з горадам з развітай інфраструктурай, каб і ў кафэ павячэраць схадзіць, і да аэрапорта без праблем дабрацца. Бо падарожнічаць ён любіць і не збіраецца адмаўляцца ад знаёмства з новымі краінамі. Як стапрацэнтна дзелавы чалавек, пралічвае варыянты на дзесяцігоддзі наперад.
Пабачыць на свае вочы – гэта жыццёвае крэда Саіда. Менавіта таму ён і апынуўся ў Беларусі, з якой нічога не звязвае. Аднак падыходзіць палітыка дзяржавы, у якой галоўнае менавіта для яго – стабільнасць. Па гэтай прычыне і мяркуе адмовіцца ад наладжанага быту ў Германіі, што вельмі многае там імкліва мяняецца, і зусім не ў лепшы бок.
“Раней быў добры ўзровень медыцыны, хоць і платны. Зараз – недахоп кадраў, чэргі. Слабая юстыцыя – крымінальная становішча ўсё пагаршаецца. Вельмі дрэннай стала і якасць прадуктаў – хутка не адшукаеш нічога натуральнага. І ўвогуле адчувальна падаражэў узровень жыцця. Ёсць людзі, якія атрымліваюць пенсію на ўзроўні пражытачнага мінімуму, а пасля выплаты падаткаў, камунальных плацяжоў на жыццё застаецца каля 200 еўра – гэта вельмі мала пры існуючых цэнах. Масава закрываюцца прыватныя магазінчыкі. Як чалавек, які на свае вочы назіраў распад Саюза, я бачу падобныя працэсы ў сучаснай Германіі. Ды і многія мае знаёмыя, нават карэнныя немцы, выязджаюць у краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Іспанію, Расію, Казахстан, Беларусь”, – рассказвае С. Абузяраў.
Мой суразмоўца адзначае вялікую розніцу ў менталітэце немцаў і народаў з былога Саюза. І прыклад прыводзіць па ўтрыманні жылля, у прыватнасці, на нічыйных, і зразумела, струхнелых дамах. Такога няма ў Германіі, хоць стан жылля таксама розны і залежыць ад даходаў. Там хутка прымусілі б ці прадаць, ці падтрымліваць. Ці знеслі б самі, наняўшы выканаўцаў, а вам рахунак прыслалі і гэту суму з вас абавязкова ўтрымалі. Таму якім бы ні быў даход сям’і, яна ведае, што павінна памяняць агароджу, франтон. Зразумела, і Саіду трэба даглядаць сваю дачу ў Германіі, і каб не наймаць садоўніка, ён проста здае яе на летні час у арэнду.
“Ведаю, што некаторыя маладыя беларусы выехалі ў Польшчу ці іншыя краіны. Вельмі недальнабачна – падымаць эканоміку чужой дзяржавы. Нікому вы там не патрэбны, ніхто не чакае і ніколі не будзеце адчуваць сябе як дома. Мы часта не цэнім тое, што маем. А Беларусь лічу краінай для жыцця”, – перакананы чалавек, які пабачыў свет.

Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *