“У мяне адходаў няма: складваю ў кампост, спальваю ці закопваю. Мне ваш вываз смецця непатрэбны!” Такія словы нярэдка чуюць работнікі камунгаса, калі аб’язджаюць падворкі, угаворваючы вяскоўцаў заключыць дагавор на ўстаноўку кантэйнераў. Калі чвэрць стагоддзя назад у такое яшчэ можна было паверыць, то зараз – наўрад ці.
Скарб, які не абрадуе
У той час у нашым смеццевым вядры аказваліся ў асноўным шкло ды тэкстыль, зараз жа ільвіную частку ў структуры смецця складаюць пластыкавая тара, палімерная ўпакоўка, іншыя рэчы, паліць якія ўвогуле нельга.
А калі хаваць усё на ўчастку, дык і для градак хутка месца не застанецца. Ды і няправільна гэта: кожная куча смецця – своеасаблівая хімічная лабараторыя, што вырабляе шкодныя таксіны, якія атручваюць глебу і падземныя воды.
У камунгасе расказваюць, што да іх звярталіся людзі, якія набылі ўчасткі ва ўшацкіх вёсках, а калі пачалі іх распрацоўваць, знайшлі пад зямлёй такія “смеццевыя скарбы”, што давялося заказваць тэхніку, каб вывезці іх на палігон.
Крытэрый свядомасці
Чаму ж у асобных населеных пунктах складана сабраць 10 заяў ад жыхароў, якія патрэбны для ўстаноўкі скрыні? Напэўна, справа ў недастатковай свядомасці: некаторыя вяскоўцы мяркуюць, што гэта – залішнія грашовыя выдаткі, бо смецце можна выкінуць у бліжэйшыя кусты. А дачнікі запэўніваюць, што бываюць тут наездамі і забіраюць адходы з сабой. Ва ўсялякім разе, менавіта так аргументавалі нядаўна сваю просьбу ўбраць з іх вуліцы пастаўлены раней кантэйнер дзве гараджанкі, што маюць дамы ў адной з вёсак Сарочынскага сельсавета.
“Асабіста для мяне гэта падаецца дзіўным: навошта вазіць у багажніку брудныя пакеты, калі можна выкінуць іх на месцы? Зрэшты, іншыя жыхары той жа вёскі якраз выказалі жаданне, каб на іх вуліцы з’явілася скрыня – такія супрацьлеглыя ў людзей запыты, – расказвае нам майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Алена Халімоненка. – А таму разам з прадстаўнікамі сельвыканкамаў мы вядзем карпатлівую тлумачальную работу, угаворваем заключыць дагавор на вываз смецця, стараемся, каб у кожнай вёсцы была магчымасць правільна ўтылізаваць адходы”.
“Ёсць вёскі, дзе ўсе свядомыя, арганізаваныя, – далучаецца да размовы кантралёр па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Ірына Маскаленка. – Узорны ў гэтым плане Гарадзец, дзе аж пяць скрынь. У мінулым месяцы з просьбай пра іх устаноўку звярнуліся жыхары Крошына – калі мы прывезлі кантэйнер, яны нас сустрэлі, дапамаглі яго выгрузіць. У Адворню мы па просьбе людзей прыехалі ў выхадны: у грамадскай альтанцы сабраліся вяскоўцы і дачнікі на чале са старэйшынам, сумесна абралі месца для пляцоўкі – у сярэдзіне вуліцы, са зручным разваротам для машыны… Нядаўна паставілі скрыні ў Рацькаве, Янове. У маланаселеных пунктах прапануем іншы варыянт: збіраць смецце ў мяшкі, за якімі па графіку будзе прыязджаць трактар. На такую схему, у прыватнасці, пагадзіліся ў Роўбах, Пліне, Папоўцы, Двор Жарах, Вуглах. А вось ад жыхароў Завячэлля, Машчон, Новага Сяла хацелася б большага разумення, ёсць пытанні ў вялікадолецкім Замошшы і нават у вёсцы Горы-1, дзе жывуць заможныя людзі, але шкадуюць патраціць 2,58 рубля ў месяц – такі зараз тарыф на вываз смецця”.
Калі хочаце заключыць дагавор на паслугу па вывазе смецця, тэлефануйце на нумар 8-033-612-45-24.
Плаціць усё роўна давядзецца!
Такім чынам, некаторыя гаспадары домаўладанняў лічаць, што за вываз і ўтылізацыю смецця яны могуць не плаціць. Але гэта не так! Як паведаміла нам юрысконсульт УП ЖКГ Валянціна Анкудовіч, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, спажывец абавязаны заключыць дагавор на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП), да якіх належыць і вываз цвёрдых камунальных адходаў. Выключэнне складае выпадак, калі іх неаказанне чалавеку тэхнічна магчыма (п.7 арт.15 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”). А ў Жыллёвым кодэксе краіны пазначана, што адмова ад заключэння дагавора на аказанне асноўных ЖКП не вызваляе ўласнікаў жылых і (або) нежылых памяшканняў ад унясення платы за фактычна аказаныя прыгаданыя паслугі (п.5 арт.29). Такім чынам, калі ў населеным пункце, дзе на вас зарэгістраваны дом, ёсць кантэйнер ці туды прыязджае за смеццем трактар, вы павінны ўносіць плату – і тое, што лічыце гэтую паслугу непатрэбнай, нічога не мяняе, бо яе вам фактычна аказваюць. Скрыня стаіць – значыць, у любы момант ёй можна скарыстацца. Нават калі ў доме ніхто не прапісаны, падразумяваецца, што вы прыязджаеце сюды і ўтвараеце смецце.
“А калі я ўсё ж не згодны і проста не буду плаціць?” – напэўна, скажуць на гэты конт некаторыя домаўладальнікі. У Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь (арт.415)прапісана, што калі адзін з бакоў ухіляецца ад заключэння абавязковага для яго дагавору, другі бок можа звярнуцца ў суд з патрабаваннем аб прымусовым заключэнні і ўскладаннем на спажыўца судовых выдаткаў. Пры гэтым паняцці “адсутнасць адходаў” і “ў мяне смецця няма” заканадаўствам не замацаваны – усе фізічныя і юрыдычныя асобы з’яўляюцца яго стваральнікамі. Пакуль механізм да канца не адладжаны, але відавочна, што з цягам часу парадак у гэтым пытанні будзе наведзены. Таму падумайце: можа лепш заключыць дагавор і плаціць невялікую суму, чым займець патэнцыяльныя праблемы.
Варта прыгадаць, што ёсць катэгорыя грамадзян, для якіх прадугледжаны льготны 50-працэнтны тарыф. Як патлумачыла нам работнік разлікова-касавага цэнтра па Ушацкім раёне Таццяна Пашута, да такіх належаць інваліды 1 і 2 груп, якія не маюць працаздольных членаў сям’і, абавязаных па законе іх утрымліваць, і пражываюць адны або з інвалідамі ці непрацуючымі пенсіянерамі. Да слова, такіх ільготнікаў у нашым раёне нямала.
Таемнае стане яўным!
А якія меры будуць прымаць да грамадзян, што выкідваюць смецце “пад куст”? Пра гэта запыталіся ў начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіла Шука.
“Калі такі факт даказаны, на фізічную асобу накладуць штраф да 30 базавых велічынь і дадаткова вылічаць памер нанесенай навакольнаму асяроддзю шкоды за кожны метр забруджанай адходамі плошчы, – тлумачыць спецыяліст. – І падобныя выпадкі фіксуюцца. Парушальнікі прыродаахоўнага заканадаўства нярэдка трапляюць у фотапасткі, ды і мы пастаянна праводзім рэйды – бывае, што ловім іх “на месцы злачынства”, апазнаць гаспадара можна і па рэчах – у вёсцы ўсе ведаюць, хто нядаўна зрабіў рамонт і вынес адходы ў лес!”
Як “прыбрацца” пасля рамонту?
Летам многія наводзяць парадак на сядзібах, рамантуюць дамы, таму варта нагадаць, што адходы пасля такіх работ трэба вывезці на палігон, а для гэтага неабходна атрымаць у ЖКГ суправаджальны пашпарт. Кошт – 22,58 руб. за тону. Калі свайго транспарту няма, магчыма заказаць трактар камунгаса – гэта абыдзецца прыкладна ў 70 руб. за гадзіну работы (падрабязнасці раскажуць па нумары 5-88-20).
Ці запатрабаваныя ва ўшачан гэтыя паслугі? “За першую палову бягучага года за суправаджальным пашпартам да нас звярнулася 11 чалавек, – тлумачыць галоўны эканаміст УП ЖКГ Вольга Жданава. – Перыядычна адпраўляем да жыхароў раёна і МТЗ з прычэпам: паслугу па вывазе смецця пасля рамонту заказваў, напрыклад, жыхар Вашкова, выпісвалі трактар і ў Белае”.
А вось вывезці на палігон старую мэблю ці іншае буйнагабарытнае смецце можна і самім. Увогуле камунгасаўцы плануюць абсталяваць у гарпасёлку пляцоўку для яго часовага складзіравання, а пакуль просяць грамадзян не змяшчаць старыя крэслы, рамы ды матрацы ў кантэйнеры! Пагрузіць іх у смеццявоз немагчыма, і работніку даводзіцца вымаць усё гэта са скрынь. Таму проста пакладзіце буйнагабарытныя рэчы побач – перыядычна пляцоўкі аб’язджае трактар, каб усё гэта загрузіць і вывезці на палігон.
***
Досыць аб’ёмным атрымаўся наш артыкул, у якім, зрэшты, мы закранулі нават не ўсе нюансы злабадзённай тэмы звароту з адходамі. У Год добраўпарадкавання яна на асаблівым кантролі, і з цягам часу ўвага да яе не зменшыцца, бо Беларусь і надалей плануе ганарыцца сваім брэндам чыстай краіны.
Наталля БАГДАНОВІЧ.