Усе гаспадаркі раёна масава вядуць уборку дзвюх азімых культур – рапсу і ячменю.
Ці, дакладней, гатовы з максімальнай аддачай уключыцца ў жніво. Толькі надвор’е ніяк не спыніць свой дажджлівы цыкл і наносіць рэальную шкоду ключавой кампаніі года. Як працякаюць звычайныя будні хлебаробаў, мы пабачылі на палетках “Сафійскіх дароў”, правёўшы з механізатарамі больш гадзіны.
Гэта аказаўся той рэдкі выпадак, калі журналісты камбайнерам не заміналі. Зрабіўшы круг, Артур Карабань (на здымку) спыніў “Нью-Холанд”. Ну а Юрый Юркевіч наогул праехаў пару соцень метраў і заглушыў рухавік “Палесся”. Такі загад даў кіраўнік гаспадаркі Гурамі Буркенадзэ, які сачыў за пачаткам уборкі новага рапсавага поля. Агранома ў “Сафійскіх дарах” няма, таму і даводзіцца часта дырэктару самому хадзіць за камбайнамі, мацаць, правяраючы спеласць, каласы, разграбаць салому, каб вылічыць страты. Вось і зараз ён у чарговы раз нахіляўся і падымаў на далонь здрабнёныя рэшткі тоўстых сцяблін, прыглядаўся і прыняў рашэнне – чакаць.
Наколькі гэта лёгка, калі над галавой ярка пячэ сонейка і ўцякае такі чаканы пагодлівы час? Калі ты спадзяешся, што збажына прасохне, а з захаду ўжо набліжаюцца чорныя хмары? Рытарычныя пытанні. “Навальнічныя, ідуць супраць ветру”, – з сумам канстатуе Юрый, які паспеў у чарговы раз перагледзець жняярку, паспрабаваўшы мінімальна скараціць зазоры, каб не прасыпаліся драбнюткія зярняты. Ён зрабіў усё, што мог, аднак яны губляліся і нічога немагчыма змяніць. Нездарма кажуць, што чакаць і даганяць – самае складанае.
Трэба дадаць, што вялізнае 90-гектарнае поле за Мосарам – проста выдатнае. Той выпадак, калі рапс пайшоў і ў рост, і ў масу. Механізатары на вока гарантавалі за 20 цэнтнераў, тым больш што было з чым параўноўваць. Перад гэтым убіралі 100-гектарныя палеткі былога “Дземенца” ля Глыбачкі. Там толькі асобныя невялікія ўчасткі прынеслі падобную аддачу, у асноўным жа далі па 15 з круга. Былі пасевы даволі рэдкія, таму і прасыхалі хутчэй. Тут жа шчыльнай сцяной стаяла чвэрць усяго рапсу гаспадаркі, самай выгаднай культуры, і бясспрэчна, рэнтабельнай, калі ўрадзіла яна на ўзроўні зерневых. Нават пасля аднаго круга ў бункеры Артура было дзве тоны. Вырасла, адгукнулася на падкормкі і догляд! А паспрабуй забяры…
Абсалютна чыстае – суцэльным залатым морам выглядала поле ў маі, яно і пасля праліўных дажджоў не паспела зарасці. Аднак шэрасць спелых сцяблін усё ж прабівалі адзінкавыя “каробачкі” высокай травы. Яна таксама перашкаджала абмалоту, асноўнай жа прычынай страт заставалася павышаная вільготнасць. Хоць і рухаліся камбайны вельмі марудна, з кіламетр у гадзіну, а сцябліны ўсё роўна не клаліся раўнамерна на жняярку, а збіваліся ў цэнтр, і барабан не мог выцерабіць такую масу. Зрабілі адзінае магчымае ў такіх умовах – Нью-Холанд “разбіў” поле на ўчасткі (убіраў палоскі памерам са жняярку), каб маглі хутчэй прабіцца ветрык і сонца.
Пакутліва проста сядзець і паглядаць на неба яшчэ і таму, што кожны з прысутных – не навічок ва ўборачнай і рэальна разумее, што з кожным днём страты толькі павялічацца. “Тут палегліца невялікая ёсць, аднак не бяда, сцеблападымальнікам выправім, галоўнае, каб не пасыпалася на зямлю, – разважаў Артур. “А ля Старога Сяла на ўгноенай глебе які высокі вырас, калі навальніцы – дакладна абтрасе, – перажываў Андрэй Лапо, што зараз разам з Паўлам Казачонкам заняты на адвозцы, а мінулым жніўнем рыхтаваў пад сяўбу палеткі, якія зараз убіраюцца. “Напэўна, і верасень прыхопім, пакуль ні аднаго дня не было, каб жалі з раніцы да вечара. А восенню будзем губляць намнога больш”, – улічваючы за 2 тысячы гектараў толькі зерневых і рэальны стан тэхнікі, канстатаваў Г.Буркенадзэ.
Так, не новыя камбайны, ну а “МАЗы” гаспадаркі даўно можна было б спісаць, калі б было чым замяніць. Падняты капот машіны П.Казачонка красамоўна гаварыў пра гэта, не лепшая, толькі неаднойчы перабраная руплівымі рукамі і тэхніка Уладзіміра Зеленіка і Мікалая Багданава, што замацаваны за іншымі камбайнамі і ўбіралі азімы ячмень. Як і рапс, ён не можа супраціўляцца навальніцы – “пацячэ”. І хоць і былі яшчэ 4 адзінкі зусім у іншай частцы раёна, аднак так жа з непакоем прыслухоўваліся да блізкіх раскатаў грому. А рапсавае поле за Мосарам у пятніцу паменела ўсяго на 12 гектараў, хаця магчымасці толькі “Нью-Холанда” дазвалялі павялічыць гэтую лічбу ўдвая.
Вольга Караленка.