Демографическая ситуация в Ушачском районе

Демография Официально

За снежань-кастрычнік мінулага года ў раёне нарадзілася 126 чалавек. І калі ў вобласці нараджальнасць павялічылася на 4,6 працэнта, то ў нас зменшылася на 6,7. Па розных прычынах памерла 305 чалавек. На жаль, смяротнасць павялічылася на 10,5 працэнта (у вобласці знізілася на 0,2), не пазбеглі і дзіцячай смяротнасці – 3 выпадкі. Зарэгістравана 106 шлюбаў (109 працэнтаў да ўзроўню мінулага года), 41 развод (іх колькасць зменшылася на 16,3 працэнта).

Асноўнымі прычынамі смяротнасці па-ранейшаму застаюцца захворванні сістэмы кровазвароту – 120 чалавек, павялічылася колькасць смярцей ад новаўтварэнняў – 29 чалавек ці 138 працэнтаў да ўзроўню мінулага года і знізілася ад захворванняў органаў дыхання і страўнікавай сістэмы. Па іншых прычынах памерла 116 чалавек: 108 з іх – па старасці. І калі эліксіру вечнай маладосці, як і вечнага жыцця, так і не прыдумалі і смерць па старасці – абсалютна нармальная з’ява, то вось 142 ушачаніна старэй працаздольнага ўзросту яшчэ маглі жыць, ну а 52 працаздольнага – проста павінны былі радаваць родных. Цяжка бывае перамагчы хваробу, але па-ранейшаму людзі страчваюць блізкіх па самых недарэчных прычынах. Толькі падумайце – 26 чалавек памерла з-за так званых знешніх прычын: тры ў выніку забойстваў, столькі ж атруцілася алкаголем, два загінулі ў выпадку дарожна-транспартных здарэнняў, адно самагубства. Натуральныя страты склалі 179 чалавек, у мінулым годзе 141.

Міграцыйны прырост за 10 месяцаў склаў 15 чалавек (у раён прыехала 300 і выбыла 285 чалавек). У выніку ў гарпасёлку стала больш на 81 чалавека, а ў сельскай мясцовасці меней на 66.

Гэта статыстыка. Змяніць якую можа падаўжэнне жыцця насельніцтва, змяншэнне смяротнасці, асабліва па знешніх прычынах, павелічэнне нараджальнасці. Ну а як мы з вамі канкрэтна можам паўплываць на сітуацыю? Вельмі проста: цаніць сваё жыццё і здароўе, як і сваіх блізкіх.

Хварэць не хоча ніхто. А што мы для гэтага робім? Многа часу праводзім на свежым паветры? Штораніцы робім зарадку, не курым, не замацоўваем градусам кожную падзею і няўдачу? Адказваць на пытанні не трэба, добра, каб хоць на хвіліну задумаліся і паспрабавалі рабіць усё тое, да чаго прывучалі нас змалку.

У 2015 годзе будзе завершана будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу і мы зможам плаваць, што так выдатна ўмацоўвае імунную сістэму. Хоць і сёння, здаецца, хапае трэнажорных і спартыўных залаў. Было б жаданне, а малая колькасць каманд падчас спаборніцтваў сведчыць пра яго адсутнасць. Хоць у кожнага з нас былі любімыя віды спорту, як зараз ёсць у нашых дзяцей. Ва ўстановах адукацыі на фарміраванне здаровага ладу жыцця накіравана работа 42 гурткоў, 89 факультатываў, у якіх займаецца 1210 вучняў. Ушацкай ДЮСШ у 2013-2014 годзе адкрыта 15 секцый у гарпасёлку і сямі населеных пунктах, яе філіялы працуюць у Вялікадолецкай, Ільюшынскай, Касарской, Вяркудскай, Арэхаўскай школах. Фізкультурна-спартыўны клуб “Ураджай” вядзе бясплатныя заняткі па футболе па дзвюх узроставых групах.

Не атрымліваецца ў саміх весці здаровы лад жыцця? Дзяржава рублём прымушае нас павярнуцца тварам да “сябе любімага”. Хварэць зараз стала проста нявыгадна. Мы друкавалі на старонках газеты змены ў аплаце бальнічных лістоў, якія адбыліся з 1 ліпеня гэтага года, а зараз прывядзём цікавую статыстыку ўшацкіх рэкардсменаў-арганізацый, якія лідзіруюць па колькасці бальнічных лістоў. Статыстыка ў фондзе абароны насельніцтва вядзецца так, што колькасць працуючых не мае значэння. Такім чынам, хто з нас часцей за ўсё быў на бальнічным: аказалася, супрацоўнікі Арэхаўскай школы. Сумніўнае лідарства па колькасці бальнічных лістоў маюць таксама ПУП “Ушацкая аўтабаза”, “Райаграсэрвіс”, “Харчгандаль”, Ушацкая школа, агароднінасушыльны завод. У асобным матэрыяле мы паспрабуем прасачыць нейкую заканамернасць паміж бальнічнымі і родам заняткаў людзей. Хоць, магчыма, гэтага і не атрымаецца, паколькі сярод арганізацый з самай меншай колькасцю “прагулаў па ўважлівых прычынах” як школы: Кубліцкая, Дубраўская, так і сельгасарганізацыі: “Кублічы”, “Дземенец”, “Агра-Селішча”.

Як заўсёды сваю справу робіць зялёны змій. Літаральна ўсе забойствы здзейснены падчас сумесных п‘янак, у агні ўшачане, а сёлета гэта 6 чалавек, пазбавіліся жыцця пераважна па адной прычыне: курэнне ў нецвярозым стане. За 11 месяцаў 2013 года на тэрыторыі раёна ў стане алкагольнага ап’янення здзейснена 25 злачынстваў. З пачатку года супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў канфіскавана 5435 літраў фальсіфікаванай алкагольнай прадукцыі. За распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 571 грамадзянін. Інспекцыяй дзяржаўнага пажарнага нагляду абследавана 4133 домаўладанні, устаноўлена 497 пажарных апавяшчальнікаў. У тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паступіла 14 інфармацый аб неабходнасці накіравання састарэлых грамадзян на “сацыяльныя ложкі”, а 87 родным – аб неабходнасці аказання ім дапамогі, у 56 домаўладаннях выкананы работы па рамонце ацяпляльных прыбораў, у тым ліку 12 – ільготнай катэгорыі грамадзян, у 40 дамах заменена праводка.

На ўліку ва ўрача нарколага стаіць 501 чалавек, 84 з іх на прафілактычным уліку, на дыспансерным – 417, на ўліку ўрача псіхіятра – 669 чалавек, з іх на прафілактычным – 363, сярод іх на спецыяльным (асобы, схільныя да супрацьпраўных дзеянняў) – 8.

Усе гэтыя мерапрыемствы, праводзімыя рознымі службамі раёна, накіраваны на зніжэнне смяротнасці ад знешніх прычын і працягласць жыцця насельніцтва. Аднак як бы ні была наладжана работа ўстаноў, здароўе і жыццё чалавека застаецца перш за ўсё ў яго руках.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *