Алена Антонаўна Бойчанка толькі на хвілінку задумалася, колькі год таму атрымала ордэн Маці. Падказка круцілася побач — золатавалосая прыгажуня, быццам папялушка з казкі, якую ў сям’і ўсе называюць «фея». «Віялеце зараз 4 гады, а тады я была цяжарная ёй». Прыцягнуўшы да сябе малодшанькую, жанчына сумнавата ўсміхнулася…
Справа ў тым, што феі магло і не быць. Урачы забаранялі Алене Антонаўне нараджаць. Ускладненні былі яшчэ падчас пятай цяжарнасці. Яна было ўжо і пагадзілася на аборт, а потым перадумала. «Я заўсёды хацела дзвюх дзяўчынак і двух хлопчыкаў. І на пятае дзіця рашыліся, чакаючы другога хлопчыка. Шостае ж было пазапланавае. Час для мяне вельмі цяжкі. Толькі памёр тата — быццам паловы мяне не стала. І падумалася тады, што абавязкова павінен быць хлопчык. Ды і чым гэтае ненароджанае дзіця горш за тых, што ўжо ёсць».
Даючы жыццё новаму чалавечку, сваё яна падвяргала смяротнай небяспецы. Аднак спадзявалася на лёс. Калі наканавана памерці ў 35, значыць так таму і быць… І добра выхадзіла цяжарнасць. Дзіцё таксама нарадзілася здаровым, прычым з зусім немаленькай, асабліва для дзяўчынкі, вагой. І вялізнымі блакітнымі вачыма, гледзячы зараз у якія, дакладна ўяўляеш, як права была Алена Антонаўна, захаваўшы дадзенае Богам жыццё. Усе ж члены сям’і зараз проста не ўяўляюць, як яны маглі жыць без сваёй феі. «Гэта Хомка», — знаёміць мяне дзяўчынка з рыжым хамяком. «А гэта Пушок, — працягвае чорненькага. — Мабыць і маленькіх патрымаеце?» У прасторным калідоры новай кватэры, якую Алена Антонаўна атрымала як мнагадзетная маці, бязвыплатна, іх многа. Разводзяць і даглядаюць дзеці, хоць здаецца, што без падказкі маці іх надоўга не хапае, бо дзверы кухні штохвілінна адчыняліся і гучала чарговае: «Мама, дзе флэшка, калі мы будзем есці торт, можна я пайду на вуліцу ў прыгожай сукенцы». А жанчына, абвёўшы мяне па ўтульных пакоях, не прамінула адзначыць, што атрымалі кватэру дзякуючы рэальнай дапамозе намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Іванаўны Карчэўскай і галоўнага архітэктара раёна Галіны Віктараўны Дымман.
— Вось у гэтых паўсядзённых справах я і забываюся на крыўды і цяжкасці. Хоць мяне адной на іх, канечне, мала, — усміхаецца Алена. — Жэнька хоць і хлопчык, але падыдзе прытуліцца, потым пойдзе параіцца да старэйшых Лізы ці Вікі, ці праверыць урокі. Алеся, Злата і Віялета так і заснуць побач пад чытанне кніжак, потым пераносіш іх па ложках.
Падрыхтаваць адзенне да школы і сада, прыгатаваць ежу, праверыць пасля работы ўрокі… Размеркаваць сямейны бюджэт, каб засталося на салодкі стол, прымеркаваны да Дня ведаў, да якога сёлета рыхтавала адразу трох — Жэню, Алесю і Злату. Віка год таму скончыла любімую Вялікадолецкую школу, хоць і давялося ездзіць туды з Ушачы пасля атрымання кватэры. Зараз на другім курсе каледжа мастацтваў. Старэйшая Ліза атрымлівае эканамічную спецыяльнасць, перавялася на завочную форму Віцебскага тэхналагічнага, каб самой зарабляць сабе на хлеб. Жэню — 11, Алесі — 8, Злаце — 6 гадоў — менавіта ёй даверылі сёлета даць першы званок ва Ушацкай школе. Матэрыяльнае становішча застаецца, канечне, вельмі складаным, асабліва з гэтага года, калі не сталі выплачваць дапамог па доглядзе на дзіця старэй 3 гадоў. Мільён 500 тысяч зарплаты атрымала Алена Антонаўна, якая зараз працуе прыбіральшчыцай у школе, ад 1100 да 1500 — аліменты. Яшчэ 600, а з гэтага месяца, калі памяняўся бюджэт пражытачнага мінімуму — 900 — адрасная дапамога. Бясплатнае харчаванне ў школе, палова кошту платы за падручнікі і бясплатнае навучанне ў музычнай, якую наведваюць усе школьнікі сям’і — Жэня і Алеся абралі скрыпку, а Злата — фартэпіяна. Што застаецца пасля выплаты крэдыту за мэблю, усіх абавязковых плацяжоў — нямнога. І невядома, як бы яны звадзілі канцы з канцамі, калі б не вялікая і дружая сям’я Алены Антонаўны.
Іх у маці дзесяць, а на сёння яшчэ ўжо 32 ўнукі і 22 праўнукі. Алена была малодшанькай любіміцай. Здаецца, зусім нядаўна бацькі адзначалі залатое вяселле. Толькі Віялету не паспеў пабачыць бацька з усіх унукаў. Нягледзячы на салідны ўзрост, ён дапамагаў іх даглядаць. З такім болем прыгадвае Алена Антонаўна свайго тату, напэўна, яшчэ і таму, бо лічыць, што не адчуваюць такой жа цеплыні яе дзеці. «Мы атрымалі статус няпоўнай сям’і — крыўдны, з нядобрым адценнем, быццам бы нехта з бацькоў злоўжывае спіртным. Аднак гэта не так, вельмі клапатлівым бацькам быў былы муж, калі жыў у сям’і, сярэднія дзеці нават засыпалі з ім, цяпер канечне сумуюць, таму і бегаюць да яго ў госці. Я лічу, што ўсе сем’і павінны мець не адно-два дзіця. Я сама з мнагадзетнай і як ніхто магу адчуць перавагі таго, што нас многа. Браты прыязджаюць — не спускаюць малых з плячэй. Мая старэйшая сястра Валя — наша хросная — наогул моцна дапамагае. Мы ўмеем разам весяліцца, ну а ў бядзе адзін не справіўся б наогул». Перакананнем слоў гаспадыні было і ўбранне малых — літаральна ўсе бальныя святочныя сукенкі дзяўчынак — падораныя. І менавіта яе блізкія дапамаглі выправіцца ад псіхалагічнай траўмы, калі распалася сям’я.
Так, Алена пакуль не даравала крыўды. Ды і больш за матэрыяльныя цяжкасці гэтай мнагадзетнай маме і зараз патрэбна падтрымка, падбадзёрванне, разуменне і проста адпачынак, замена яе рук хоць на які час.
Канечне, імкнуцца аберагчы, як умеюць, дзеці. «Сюрпрыз на дзень нараджэння ў выглядзе смажанай курыцы, штодзённыя падарункі ад малых: малюнкі, ружы з лісця, вершаванае віншаванне праз газету, прычым пераробленае спецыяльна пад маму, проста SMS з жартоўным зместам, каб узняць настрой. І канечне торт, які лёгка спячэ ці 21-гадовая Ліза, ці 18-гадовая Віка. Калі пякуць — то адразу вялікі, калі купляюць — адразу два. Дарэчы, з двух тартоў, якія былі ў дзень майго наведвання на стале, дзеці ахвотней елі менавіта свой, а не куплёны, упрыгожаны клубніцамі і чарэшняй. Каб мець сваю агародніну і садавіну, трымаюць домік у Вялікіх Дольцах, куды выязджаюць усе і дзе яшчэ зусім нядаўна трымалі вялікую гаспадарку.
Развітваліся мы ўжо добрымі знаёмымі. Дзеці разбягаліся па сябрах і секцыях, якія актыўна наведваюць. Жэня, напрыклад, ухітраецца хадзіць на футбол, стральбу, дзюдо і ў музычную школу, ды і ў дзяўчынак не адзін запіс. Алеся ж, пераапрануўшыся ў спартыўнае, папрасіла ў мамы два кавалачкі торта, каб пачаставаць трэнераў. Нясквапнымі растуць дзеці, калі і самім усяго хочацца. Было ў мяне і два пытанні да іх. На адно — хто мацней за ўсіх любіць маму — дзяўчынкі ўскінулі рукі і раздалося ўпэўненае мужчынскае — «я». Так і павінна было быць. А вось на другое, ці будзе ў іх сям’і многа дзяцей, уразіў адказ Вікі: «Не, я не такая адказная, як мама. Ну а трох дзяцей усё ж хачу».
В.КАРАЛЕНКА.