Начальник отдела ЖКХ Ушачского райисполкома С.П.Дымман: «Основная наша функция — контроль за исполнением Жилищного кодекса»

Выясняем ситуацию Калейдоскоп Официально Правовая консультация

Напэўна, чалавек недасведчаны можа палічыць, што функцыі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама заключаюцца ў кантролі за дзейнасцю адпаведнага раённага прадпрыемства, ды ўліку тых, хто марыць аб уласных квадратных метрах. Аб памылковасці такіх меркаванняў яскрава сведчаць наступныя лічбы: 34 віды адміністрацыйных працэдур ажыццяўляе сёння названы аддзел па заявах грамадзян, 14 — па заявах юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяжка нават пералічыць усё, чым даводзіцца займацца яго спецыялістам. Як сведчыць статыстыка, жыллёва-камунальная сфера знаходзіцца ў эпіцэнтры ўвагі грамадзян, таму мы папрасілі начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Сяргея Пятровіча ДЫММАНА расказаць на старонках газеты аб тым, што было зроблена за прайшоўшы год, прааналізаваць пытанні, з якімі звярталіся ў аддзел ўшачане.

— Сярод асноўных функцый аддзела ЖКГ — кантроль за выкананнем Жыллёвага кодэкса і іншых заканадаўчых актаў, якія датычацца жыллёва-камунальнай сферы, забеспячэнне комплекснага развіцця жыллёвага фонду. Мы вядзём улік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, займаемся пытаннямі прыватызацыі, выдаём дазволы на знос будынкаў, пераабсталяванне і перапланіроўку памяшканняў, выдаленне аб’ектаў расліннага свету, рэгіструем дагаворы найму жылых памяшканняў, вырашаем шэраг іншых пытанняў.

Калі вызначаць, па якой з працэдур у наш аддзел актыўней за ўсё звярталіся ўшачане ў 2013 годзе, то гэта будзе, напэўна, уключэнне ў спісы на атрыманне льготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылля. Як вядома, такую магчымасць даў жыхарам населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №75, і ўшачане ахвотна ёю карыстаюцца. Так, за мінулы год 120 жыхарам раёна было выдадзена каля 200 крэдытаў для названай вышэй мэты на агульную суму 2,885 мільярда рублёў.

Новы Жыллёвы кодэкс Беларусі, што ўступіў у сілу 2 сакавіка 2013 года, прымусіў грамадзян, якія ў свой час не паклапаціліся аб прыватызацыі жылля, тэрмінова заняцца гэтым працэсам. Як і па ўсёй краіне, актывізаваўся ён і на Ушаччыне: за мінулы год былі выдадзены дазволы на прыватызацыю 156 жылых і 7 службовых памяшканняў.

Як і штогод, звярталіся ў наш аддзел жыхары райцэнтра, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: у 2013 годзе на ўлік было прынята 55 чалавек, з іх маладых сямей — 20, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў — 12. Акрамя таго, на ўлік грамадзян, якія маюць права на атрыманне жылля сацыяльнага карыстання, прыняты адзін непрацуючы інвалід ІІ групы і адзін непрацуючы адзінокі пенсіянер. У мінулым годзе для некаторых грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, гэтае пытанне было вырашана станоўча: так, аднапакаёвыя кватэры атрымалі дзіця-сірата і дзіця, якое засталося без апекі бацькоў, яшчэ адной грамадзянцы названай катэгорыі асоб выдзелены пакой сацыяльнага карыстання без зняцця з чаргі. Тры прыбыўшыя ў раён спецыялісты атрымалі службовае жыллё.

На жаль, мінулы год не стаў для жыхароў райцэнтра багатым на наваселлі. У сувязі з адсутнасцю рэсурсаў, якія выдзяляюцца для льготнага крэдытавання будаўніцтва, фарміраванне спісаў грамадзян, якія жадаюць будаваць жыллё з выкарыстаннем ільготных крэдытаў, часова прыпынена.

Аддзел ЖКГ каардынуе ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў, якія забяспечваюць рэалізацыю патрабаванняў пунктаў 15 і 16 Дэкрэта №18. Нашы спецыялісты складаюць акты абследаванняў, на падставе якіх аналізуецца магчымасць здачы ў арэнду жылля абавязаных асоб, якія маюць запазычанасць па кампенсаванні дзяржаве выдаткаў на ўтрыманне дзяцей. Дарэчы, у мінулым годзе жыллё адной з такіх асоб, змешчаных у ЛПП, было здадзена ў арэнду.

Таксама наш аддзел з’яўляецца каардынуючым па выкананні мерапрыемстваў, акрэсленых Указам Прэзідэнта краіны №100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці». Мы вядзём адзіны рэгістр пустуючых дамоў. Каб уключыць у яго пабудову, у складзе спецыяльнай камісіі абследуем яе стан, складаем адпаведнае заключэнне, прымаем меры па пошуку ўласнікаў жылля (у тым ліку праз органы МУС), публікуем з гэтай мэтай у сродках масавай інфармацыі звесткі аб намечаным уключэнні пустуючага дома ў рэгістр.

У мінулым годзе мы шмат увагі ўдзялялі кантролю за навядзеннем парадку на тэрыторыі гарпасёлка і размешчаных тут арганізацый. І трэба сказаць, што гэтыя намаганні прыносілі пэўны плён: практычна ўсё працоўныя калектывы сачылі за станам сваіх тэрыторый — хочацца спадзявацца, што і сёлета гэта агульная работа будзе працягвацца.

Пытанні, звязаныя з дзейнасцю жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пастаянна паўстаюць у працэсе нашага жыцця, таму не дзіўна, што з ліку 187 пісьмовых і вусных зваротаў, якія паступілі за мінулы год ад насельніцтва праз службу «Адно акно», 45 датычыліся менавіта камунальнай сферы. Пры гэтым у параўнанні з 2012 годам колькасць зваротаў па тэме ЖКГ зменшылася на 9 працэнтаў. Самым праблемным для насельніцтва было пытанне водазабеспячэння — па ім паступіла 16 зваротаў, у большасці з якіх утрымліваліся просьбы аб рамонце калонак, водаправодаў. Два звароты датычыліся гарачага водазабеспячэння, столькі ж — затаплення кватэр, 5 — рамонту жылога фонду. Па адным звароце паступіла па пытаннях добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонту каналізацыі, магчымасці пераносу ў іншае месца кантэйнераў для збору смецця, аплаты камунальных паслуг, будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Толькі аднойчы грамадзяне скардзіліся на работу камунальных службаў. Усе звароты, якія паступілі на рэагаванне ў наш аддзел, былі ўсебакова разгледжаны, і прыняты меры па аднаўленні парушаных правоў заяўнікаў. Увогуле гэты прынцып — з увагай і адказнасцю ставіцца да кожнай справы, да кожнага пытання — лічу асноўным у нашай рабоце.

Напрыканцы хачу нагадаць, што звярнуцца ў аддзел ЖКГ райвыканкама з хвалюючымі вас пытаннямі можна, патэлефанаваўшы па нумары: 2-72-32.

Падрыхтавала Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *