Организация фронтального метода выпаса скота — реальная возможность для увеличения надоев молока

Сельское хозяйство

Для таго, каб надой па гурце фермы Матырына за два дні павялічыўся на 170 літраў, не спатрэбілася нейкіх фінансавых укладанняў – не купляліся канцэнтраваныя кармы і лішніх “галоў” ніхто не завозіў. Дастатковай мерай стала арганізацыя нармальнага выпасу жывёлы, для чаго, праўда, некалькі дзён прыйшлося папрацаваць не толькі самім жывёлаводам райаграсэрвіса, але і спецыялістам райветстанцыі, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Узначальваў “антыкрызісную” каманду першы намеснік старшыні райсельгасхарча Леанід Аляксандравіч Лісоўскі.

З вышыні матырынскіх пагоркаў на пашы паміж аднайменным возерам і дарогай на Заазер’е сям-там сярод зелені лугу, нібы на касмадроме пасля старту ракет, бачны чорныя пралысіны. На самой справе паходжанне іх зусім не касмічнае, а самае што ні на ёсць зямное – брудныя вытаптаныя ўчасткі ўтварыліся на тых месцах, дзе каровы гурту фермы Матырына чакалі дойкі.

— Вось вам яскравая дэманстрацыя парушэння тэхналогіі выпасу жывёлы і несумленных адносін да справы, – кажа намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна В.У.Даўгаполаў. – Зразумела, што адбіць загон 15 на 15 метраў хутчэй і прасцей, ды і кароў прапусціць праз даільныя ўстаноўкі зручней, не трэба заганяць. Але ж пасля таго, як праз такі абмежаваны ўчастак праходзіць 148 галоў жывёлы, бачыце, што застаецца – потым на гэтых выбітых тэрыторыях расці будзе толькі пустазелле.

Між тым, якасць травастою на пашы, якая так нядбайна траціцца, пакідае жадаць лепшага, перазалужэнне тут праводзілася вельмі даўно, таму травы лугавыя, дзікарослыя. Пакуль мы з Віктарам Уладзіміравічам аглядалі загон, у якім жывёла пасвілася пасля абедзеннай дойкі, Ірына Браніславаўна Луканевіч праверыла наяўнасць вады ў бочцы і солі ля карыта – тут заўваг не было.

– Гэта як спёка стаіць, тады вада хутка разыходзіцца, – на хаду намотваючы на катушкі дрот, да нас падыходзяць пастухі. – Зараз жа п’юць мала, часта вазіць не трэба.

Крытыку ў свой адрас мужчыны не прынялі, на заўвагі аб неадпаведнасці тэхналогіі выпасу рэагавалі вельмі эмацыянальна, казалі “заўсёды так пасвілі і было нармальна!” Пасля таго, як спецыялісты райветстанцыі і Л.А.Лісоўскі за некалькі спроб літаральна на пальцах растлумачылі ім недахопы, усё ж пагадзіліся, што загон перад дойкай трэба рабіць большы, выпас весці франтальным спосабам, ды і дапамагаць даяркам заганяць кароў да перасоўнай даільнай устаноўкі, але знайшлі іншыя апраўдальныя аргументы: “за мільён гэтак працаваць не будзем” і “дык каб нам адразу так растлумачылі!”.

“Сапраўды, заробкі невялікія, дык чаму ж вы не хочаце зразумець, што яны непасрэдна залежаць ад вас, вашай працы, бо няма надояў – няма і грошай на зарплату”, – напэўна, у соты раз тлумачыць відавочнае Л.А.Лісоўскі.

Зразумела, што калі раней пастухі абгароджвалі электрапастухом, умоўна кажучы, участак 150 на 150 метраў і каровы маглі там пасвіцца гадзінамі, пры гэтым штосьці з’ядаючы, а большасць топчучы, то зараз пры захаванні тэхналогіі франтальнага выпасу працы ў жывёлаводаў прыбавілася. Участкі сталі меншымі і выкарыстоўваюцца яны паэтапна, таму электрапастухі да і пасля паўдзённага даення ў залежнасці ад травастою перасоўваць неабходна 6-8 разоў. Такім чынам памяншаюцца плошчы выкарыстоўваемай пашы, а жывёла атрымлівае доступ да зялёнага корму, з’ядае яго раўнамерна і поўнасцю. Дасягаецца асноўная задача – каровы не бегаюць па полі, а пасуцца, што прыводзіць да павышэння надояў. Нічога складанага ў арганізацыі такога выпасу няма – усё залежыць ад пастухоў, якія павінны адказваць не толькі за перагон жывёлы, але і за тое, каб яе накарміць і напаіць, арганізаваць нармальнае даенне і адпачынак.

Да вячэрняй дойкі з дапамогай спецыялістаў райветстанцыі загоны былі выстаўлены. Гурт планавалася перагнаць у суботу на іншыя ўчасткі з лепшым травастоем. Якім жа было здзіўленне Л.А.Лісоўскага, калі ў суботу раніцай ён застаў статак на суседнім полі, але не на зялёнай траве, а… на ўскрайку ў баршчэўніку! Такое месцазнаходжанне статка пастухі, якія ўчора быццам бы зразумелі ўсе асаблівасці тэхналогіі выпасу, растлумачылі жаданнем “спасвіць поле падрад”. Зноў прыйшлося пераганяцца на траву, занава разбіваць загоны…

– І толькі ў нядзелю, калі ў чарговы раз наведаў гэты гурт, арганізацыя выпасу была здавальняючай, – кажа Леанід Аляксандравіч, які асноўнай прычынай такіх парушэнняў бачыць як нядобрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў пастухоў, так і адсутнасць адпаведнага кантролю за дзейнасцю жывёлаводаў, што прыводзіць да “самадзейнасці” і парушэнняў дысцыпліны. – Чалавечы фактар тут рашаючы. Працуем з тымі людзьмі, што ёсць, кантынгент у большасці нядобранадзейны, пасля палучкі могуць і “захварэць”. Таму неабходна паказваць, растлумачваць, а дзе-небудзь і самому дэманстраваць правільнасць тэхналогіі. І, канечне, кантраляваць якасць выканання, бо надзеі на сумленне працаўнікоў, на жаль, часта аказваюцца дарэмнымі.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *