После реконструкции фермы в Загорье в ОАО «Ушачский райагросервис» появится современный телятник

Сельское хозяйство

Жывёлаводчыя аб’екты ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” раскіданыя амаль што па тэрыторыі ўсяго раёна – ад Матырына і Старога Сяла да Вяркуд і Хадакова. Розны стан памяшканняў, умовы ўтрымання жывёлы, бо, пагадзіцеся, нельга параўнаць будынкі сучаснага комплексу “Завячэлле” з невялічкай фермай у Ліпаўцы. Менавіта з-за таго, што не на ўсіх фермах маюцца нармальныя ўмовы для догляду за маладняком, было вырашана стварыць адзін аб’ект з камфортнымі ўмовамі для росту і развіцця цялят, каб максімальна знізіць страты пры іх выхадзе. Таму ў Загор’і распачата рэканструкцыя былой малочнатаварнай фермы пад сучаснае памяшканне для ўтрымання цялят.

Жыхарамі новага цялятніка стануць зусім маленькія цяляты. Каб падтрымаць імунную сістэму, яны будуць знаходзіцца на фермах райаграсэрвіса толькі тыдзень пасля нараджэння, а потым звозіцца ў Загор’е.

Жыхар Полацка Ігар Шакур – адзін з рабочых, рукамі якіх закінутае памяшканне старой фермы ператворыцца ў “яслі” для цялят.

– Ужо сем гадоў займаюся будаўніцтвам ці рэканструкцыяй аб’ектаў жывёлагадоўлі, – расказвае малады мужчына. – За межы вобласці не выязджаў, але выконваў работы ў многіх раёнах Віцебшчыны, у тым ліку і ў вашым. Умовы працы нармальныя, хіба што з матэрыяламі перыядычна ўзнікаюць праблемы. У нашых інтарэсах скончыць работы хутчэй, так як разлік прадугледжаны пасля здачы памяшкання.

Усяго на аб’екце па дагаворы працуе 4 чалавекі. Жывуць тут жа, у Загор’і – здымаюць дом у мясцовых жыхароў. Зараз брыгада шчыруе над стварэннем клетак для цялят у адным крыле будынка. Яны невялікія – на 6 галоў, ідуць работы па іх абсталяванні і раздзяленні кармавога стала. Піламатэрыялы набываюць у ААТ “Ушачы” і ТАА “Лес”. Работы на цялятніку яшчэ шмат, бо зіхацяць пустымі вачніцамі аконныя праёмы, неабходны дэмантаж старых канструкцый у другім крыле памяшкання. Пасля ўстаноўкі клетак і там, цялятнік зможа прымаць каля 150 галоў жывёлы.

Дарошчванне цялят для далейшай пастаўкі на комплекс “Маяк” – такім будзе прызначэнне памяшкання пасля рэканструкцыі. І хоць да адкрыцця аб’екта яшчэ далёка, ужо зараз набываецца неабходнае абсталяванне. Аб будучых асаблівасцях і тэхналогіі ўтрымання жывёлы паведаміў намеснік старшыні райсельгасхарча па жывёлагадоўлі Леанід Аляксандравіч Лісоўскі, якога рабочыя называюць “галоўнакамандуючым”, бо непасрэдна ён курыруе ход работ, дапамагае вырашаць арганізацыйныя пытанні:

– Да 20-дзённага ўзросту цялят будуць карміць малаком. У гэтых мэтах закуплена малочнае таксі з функцыяй пастэрызацыі, якая вядзе да абеззаражвання малака. Потым рацыён маладых гадаванцаў зменіцца, але гатаваць яго будзе ўсё тая ж разумная машына, у якой дзякуючы наяўнасці міксера замяняльнік цэльнага малака даводзіцца да неабходнай кансістэнцыі і тэмпературы. 60 мільёнаў рублёў каштуе такая машына айчыннай вытворчасці аб’ёмам у 200 літраў.

Пакінуць цялятнік у Загор’і гадаванцы, калі дарастуць да 60 кілаграмаў. Як для чалавека – дык і немалая вага, а для жывёлы – толькі пачатак нармальнага дарошчвання і адкорму.

Ёсць на ферме ў Загор’і і яшчэ адно памяшканне, прызначанае для ўтрымання кароў. Пакуль што яно не выкарыстоўваецца, бо пагалоўе ў гаспадарцы за апошнія гады значна зменшылася. Зараз у райаграсэрвісе налічваецца 2360 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 1026 – каровы, хаця ў недалёкія часы толькі на комплексе “Маяк” утрымлівалася больш дзвюх з паловай тысяч. У райаграсэрвісе спадзяюцца, што ажыццяўленне планаў будаўніцтва новага цялятніка з сучаснай тэхналогіяй утрымання маладняку дапаможа гаспадарцы не толькі папоўніць быкамі комплекс, але і вырашыць праблемы ўзнаўлення дойнага статка.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *