КУСХП «Великодолецкое» на старте посевной задает лидерский темп

Сельское хозяйство

Перад уездам у Вялікія Дольцы сімпатычны саламяны трактарок са зробленай да леташніх “Дажынак” дэкаратыўнай кампазіцыі вязе зерне на млын ужо не па белым, а па зазелянеўшым полі. Выйшла на палеткі і сапраўдная тэхніка мясцовага прадпрыемства: напрыканцы мінулага тыдня ў глебу лягло першае збожжа сёлетняй пасяўной.

А.Рэут, В.Алексяёнак.

Запрацаваў яго на невялікай сеялцы СЗ-4,2, зачэпленай за МТЗ-1221, ветэран гаспадаркі Васіль Алексяёнак – і ў тым, што на старце сяўбы вялікадальчане задаюць лідарскі тэмп, у многім яго персанальная заслуга. У панядзелак, калі мы пабывалі на палетках прадпрыемства, агрэгат працаваў толькі трэці дзень, а засеяна ўжо было пад 80 гектараў – механізатар больш чым удвая перакрывае дзённую норму. Не адзін дзясятак сезонаў за плячыма Васіля Рыгоравіча. “За гэты час хіба толькі самалёт не вадзіў! Ды і то таму, што не было яго ў далецкім парку!” – усміхаецца хлебароб.

Працоўны дзень механізатары зараз пачынаюць а шостай гадзіне і шчыруюць да цёмнага. Графік, канечне, напружаны, але ўсе разумеюць, з якім спазненнем сёлета выйшлі ў поле. У дзень нашага візіту В.Алексяёнак дасяваў авёс на 64-гектарным участку ля Царкавішча, праўда, некалькі тутэйшых вымачак давялося пакінуць “на пасля”. Механізатар падкрэсліў, што на агульны вынік працуе ўвесь іх калектыў. Залішне, напрыклад, казаць, як важна дакладна настроіць сеялку: над прыгаданым працэсам чаравалі галоўны аграном Аляксандр Віктаравіч Зянюк і дырэктар гаспадаркі Антон Уладзіміравіч Сафонаў. На гэтае поле паступае насенне з касарскіх складоў, а падвозіць збожжа Аляксей Рэут. Механізатарскую кагорту былы слесар МТФ “Новае Жыццё” папоўніў толькі ў мінулым жніўні, падвозіў на трактары ваду на фермы, а зараз далучыўся да палявых работ. Трэба сказаць, што Аляксея чакае асабліва няпростае выпрабаванне, бо ён тата аж семярых дзетак, так што не надта адпачнеш у час паміж падоўжанымі працоўнымі зменамі.

На ўчарашнюю раніцу ў раёне яравымі культурамі было засеяна 312 гектараў плошчаў, а ў лідзіруючай тройцы разам з далецкімі сейбітамі знаходзіліся іх калегі з “Сафійскіх дароў” і “Агра-Селішча”.

Тым часам на далецкія палеткі выйшла і “першая скрыпка” мясцовай пасяўной кампаніі – энерганасычаны “Беларус” Сяргея Філімонава з АПП-6, бункер якога ў панядзелак запоўніў ячмень. Тэхніка з прыкметна большым вытворчым патэнцыялам, канечне, дадасць сяўбе тэмпу – вельмі неабходнага для вырашэння сур’ёзнай задачы, што пастаўлена сёлета перад гаспадаркай: яравымі культурамі тут плануюць засеяць 1310 гектараў.

Канечне, да кульмінацыі гадавога аграрнага цыклу, што адлюстравана ў прыгаданай вышэй саламянай кампазіцыі, зараз яшчэ вельмі далёка, але няма сумненняў, што старанныя далецкія работнікі прыкладуць усе свае сілы, каб іх трактары і машыны праз колькі месяцаў павезлі на камбінат хлебапрадуктаў важкі збожжавы груз.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *