Благодаря ответственной и качественной работе операторов машинного доения КУСХП «Великодолецкое» наращивает объёмы производства молока

К профессиональному празднику Наш современник Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Колькі памятаю сябе і ведаю сваю зямлячку і цёзку па прозвішчы Марыю Іванаўну Раманоўскую, усё яе жыццё звязана з сельскай гаспадаркай, з нялёгкай справай жывёлавода. «Гэта ж трэба, пад старасць выбілася ў перадавікі! Пішы ўжо лепш пра маладзейшых, вось пра Таццяну, ім на пенсію яшчэ не скора», — саромеецца жанчына ўвагі да сябе і паказвае на калег Таццяну Міхайлаўну Карабань і Таццяну Сцяпанаўну Пую.

Гэтыя тры жанчыны — розныя знешне, па характары, узросце і месцы жыхарства. Але агульная рыса, якая аб’ядноўвае іх — старанныя і адказныя адносіны да працы, дзякуючы чаму вялікадолецкія аператары машыннага даення сёлета сталі лепшымі не толькі ў роднай гаспадарцы, але і трымаюцца на верхніх радках раённых зводак па вытворчасці малака. І хоць па ўмовах раённых спаборніцтваў прызавыя месцы прысуджаюцца толькі пры наяўнасці росту вытворчасці, а Таццяна Сцяпанаўна сёлета крыху «не дацягнула» да надояў 10 месяцаў мінулага года, на працягу ўсёй працы ў «Вялікадолецкім» яна на вядучых ролях — за дванаццаць год чатыры разы была сярод пераможцаў.

Усяго 167 кілаграмаў малака раздзяляюць паказчыкі лідараў: 3827 кілаграмаў за 10 месяцаў бягучага года надаіла ад кожнай каровы Т.М.Карабань і 3760 — М.І.Раманоўская. Трэба адзначыць і тое, што менавіта «мінус» валоўкі да ўзроўню мінулага году не дазволіў уклініцца паміж вялікадолецкімі даяркамі майстрам высокіх надояў з «Ільюшынскага», дзе на групах Веры Міхайлаўны Карабань, Галіны Сямёнаўны Палонскай і Рыты Анатольеўны Була атрыманы паказчык у 3772 кілаграмы малака ад каровы.

У сярэднім па 50 галоў жывёлы ў кожнай з работніц. М.І.Раманоўская працуе на комплексе «Цыганок», яе калегі — лепшыя даяркі малочнатаварнай фермы «Міхалкаўшчына». Менавіта гэтыя аб’екты з’яўляюцца асноўнымі «малочнымі крыніцамі» КУСГП «Вялікадолецкае», а працаўнікі — флагманамі вытворчасці і гарантам высокай якасці малака, якое гаспадарка амаль цалкам рэалізуе сортам «экстра». Дасягаецца гэта правільнасцю выканання ўсіх аперацый ад праверкі даільнага апарата, падрыхтоўкі жывёлы да непасрэдна самога даення. У Т.М.Карабань стаж у параўнанні з М.І.Раманоўскай меншы ў разы, але і за тыя 11 год, што працуе даяркай, Таццяна Міхайлаўна дасканала авалодала прафесіяй, галоўным у якой лічыць акуратнасць і любоў да жывёлы.

— У маладосці, калі 4 гады працавала ва Ушачах на філіяле фабрыкі мастацкіх вырабаў, даводзілася шыць цацачных каровак, — усміхаецца жанчына. — Тады і не думала, што прыйдзецца займацца сапраўднымі.

Пасля закрыцця філіяла Таццяна Міхайлаўна з мужам вярнуліся на малую радзіму, уладкаваліся ў мясцовае сельгаспрадпрыемства даяркай і даглядчыкам. Так і працуюць побач, а падчас апошняга водпуску муж падмяняў Таццяну Міхайлаўну на яе групе. «Пакуль ты з водпуску вернешся, я траплю на бальнічны!» — казаў ён жанчыне, бо сумавала жывёла па гаспадыні, не прызнавала «новую» і нават наравіла лягнуць.

«Цяжка прачынацца сярод ночы, а ўсё астатняе — справа майстэрства і старання», — кажуць працаўніцы, для якіх адказнасць і дысцыпліна, разам з вытрымкай і павагай да працы сваіх калег сталі не проста словамі, а рысамі характару.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *