Начальник отделения охраны правопорядка и профилактики РОВД Сергей Шарипенко человек слова и дела

К профессиональному празднику

Работнік органаў унутраных спраў павінен быць універсалам. У гэтым упэўнены маёр міліцыі Сяргей Аляксандравіч Шарыпенка. Ёсць у яго цвёрды прынцып: заўсёды памятаць, што за сказаным і зробленым ім – вырашэнне праблем не аднаго жыхара Ушаччыны. Магчыма, у гэтым і хаваецца сакрэт поспехаў на службе і шчырай павагі ад людзей.

Пра тое, што стане праваахоўнікам, ураджэнец г.п.Ушачы не думаў. Добра разбіраючыся ў гісторыі і філалагічных навуках, у 1994 годзе выпускнік Ушацкай сярэдняй школы без ваганняў падаў дакументы ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і меркаваў стаць настаўнікам. Пасля заканчэння ВНУ юнака прызвалі на тэрміновую службу ў 377-­ы гвардзейскі зенітна­ракетны полк, што ў Бароўцы. Там ён і адчуў, што звязаць свой лёс хоча выключна з “мужчынскай” прафесіяй. Таму, вярнуўшыся на малую радзіму, прыйшоў ва Ушацкі раённы аддзел унутраных спраў.

Службу пачынаў з пасады інспектара па справах непаўналетніх. Пазней выдатна спраўляўся з абавязкамі ўчастковага інспектара міліцыі, а зонай яго адказнасці быў спачатку Сарочынскі сельсавет, а потым гарпасёлак. Прымаў паведамленні, накіроўваючы нарады міліцыі ў любыя куточкі раёна, калі працаваў старшым аператыўным дзяжурным аператыўна-­дзяжурнай службы. Зараз жа Сяргей Аляксандравіч займае адказную пасаду начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.

– Адзін з галоўных навыкаў – уменне будаваць зносіны з людзьмі, як з законапаслухмянымі, так і з правапарушальнікамі. Да кожнага патрэбны свой падыход, – адзначае С.А.Шарыпенка. – Участковы павінен умець разглядзець чалавека: у адной сітуацыі – паднаціснуць, у другой – схітрыць, дзесьці падысці да грамадзяніна больш лаяльна, а са злоснымі злачынцамі дзейнічаць цвёрда.

– А ці памятаеце свой першы выезд на сямейна­бытавы канфлікт? – пытаюся ў Сяргея Аляксандравіча.

– Сітуацыя была радавой. І ўсё ж па дарозе пракручваў у галаве тактыку дзеянняў, бо не ведаў, чаго чакаць і як правільна сябе весці, якія меры трэба прыняць тэрмінова, а з чым разабрацца пазней. Калі ж прыгадаць самы страшны эпізод у прафесійнай дзейнасці, то гэта выпадак, што адбыўся ў гарпасёлку. У аддзел міліцыі паступіла паведамленне, што ў доме па суседстве прагучала некалькі стрэлаў. Прыехаўшы на месца, давялося ўбачыць адразу два акрываўленыя трупы. Як аказалася, муж застрэліў з паляўнічай зброі сваю жонку, а пазней і сябе пазбавіў жыцця.

Так, работу ўчастковых інспектараў простай не назавеш. І ўсё ж, як прызнаецца Сяргей Аляксандравіч, адна справа – адказваць за даручаны табе ўчастак, іншая – аналізаваць, планаваць, кантраляваць дзейнасць усіх участковых. А іх зараз на Ушаччыне 11. Сярод найбольш вопытных – Сяргей Аркадзьевіч Падвойскі, Уладзімір Васільевіч Ляхоўскі, Сяргей Іосіфавіч Чэрвоны. Менавіта яны разам з С.А.Шарыпенкам перадаюць вопыт маладым супрацоўнікам: участковым інспектарам А.Піскуну, А.Барадульку, І.Бугрову і іншым. У прыватнасці, вучаць іх тактоўнасці, псіхалагічнай устойлівасці. Бо, як вядома, людзі ў стане алкагольнага ап’янення не разумеюць ні заўваг, ні просьбаў. Міліцыянеру ж трэба быць спакойным, адэкватна рэагаваць на сітуацыю і ў той жа час прадухіляць, выяўляць правапарушэнні, караць вінаватых.

– Я ўдзячны ўсім сваім падначаленым за добрую службу, – кажа Сяргей Аляксандравіч. – Сплаў вопыту і маладосці ў нашым аддзяленні прыносіць плён – ушачане нам давяраюць, а аператыўная абстаноўка ў населеных пунктах раёна застаецца дастаткова спакойнай.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *