Татьяна Михайловна Малак удостоена звания «Человек года Витебщины-2014» в номинации «Общественная деятельность»

Общество

Да канцэртнай залы «Віцебск» адзін за адным прыбываюць аўтобусы з усіх раёнаў вобласці, прыгожыя і з лёгкім хваляваннем у вачах ідуць людзі, якія ў гэты дзень не на сваіх прывычных рабочых месцах, а на адной з галоўных канцэртных пляцовак абласнога цэнтра. Паступова ў зале не застаецца свабодных месцаў і пануе самая што ні на ёсць святочная атмасфера. Напэўна, вы ўжо здагадаліся, што гэта чарговая ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Пачатак лютага па традыцыі азнаменаваны прыемнай падзеяй – ушаноўваннем лепшых працаўнікоў Прыдзвінскага краю. Вось і ў мінулую пятніцу ў абласным цэнтры віталі лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны-2014”. Галоўныя героі мерапрыемства – 100 прадстаўнікоў розных прафесій і сфер жыццядзейнасці: прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, будаўніцтва, транспарту, праваахоўных органаў і іншых. Гэта людзі, якія вызначаюцца асаблівым падыходам да сваёй справы, забяспечваюць дынамічнае развіццё рэгіёна. Мала сказаць, што хвалявалася наша Таццяна Міхайлаўна Малак – старшыня раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” – калі ехала на цырымонію ўзнагароджвання, ёй да апошняга не верылася, што яна ўдастоена гэтага звання ў намінацыі “Грамадская дзейнасць”.

Адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў прыпомніў народную мудрасць:

– З майстэрствам не народзяцца, а добрым рамяством ганарацца – дакладней і не скажаш. І ва ўмовах, калі ў суседзяў узнікаюць узброеныя канфлікты, асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць мір і дабрабыт на нашай зямлі, адзінства народа, яго працавітасць. У 2014 годзе ў вобласці было забяспечана выкананне большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, ажыццяўляўся шэраг інавацыйных праектаў. Хлебаробы сабралі рэкордны ўраджай зерневых – 1 мільён 200 тысяч тон. Былі ўведзены ў строй важныя аб’екты адукацыі, аховы здароўя, у ходзе падрыхтоўкі да “Дажынак” змяніўся Гарадок. Мы ўступілі ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі і Год моладзі, мы абавязаны зберагчы гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Ветэранаў засталося вельмі мала, мы павінны ім дапамагаць, каб у іх не было крыўды на нашу няўважлівасць.

Вельмі сімвалічна, што менавіта ў гэты год грамадская дзейнасць Т.М.Малак была заўважана і ацэнена на такім узроўні. На працягу амаль 15 гадоў яна ўзначальвае раённую арганізацыю “Беларускага фонду міру” і ўвесь гэты час займае вельмі актыўную пазіцыю, шмат зроблена добрых і карысных спраў. Устаноўлены мемарыяльны знак камандзіру партызанскай брыгады “Дубава” Ф.Ф.Дуброўскаму, у рамках раённага праекта “Ты загінуў на вайне – мы зберажом тваю памяць” у гонар загінуўшых у гады вайны землякоў пастаўлены чатыры знакавых помнікі, пералічаны сродкі на будаўніцтва музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, аказана дапамога сям’і бежанцаў з Украіны, не застаюцца без увагі Фонду дзеці-інваліды, дзеці з сацыяльнага прытулка гарпасёлка, а таксама пацыенты сацыяльных палат. Гэта далёка не ўвесь пералік мерапрыемстваў з удзелам грамадскай арганізацыі. Магчымым гэта ўсё стала дзякуючы нашым з вамі ахвяраванням раённай арганізацыі “Беларускага фонду міру” і актыўнасці яе старшыні: сабраць грашовыя сродкі – адна з нялёгкіх задач, але па суме ахвяраванняў Ушаччына традыцыйна займае перадавыя пазіцыі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Уручаючы ўзнагароду нашаму лаўрэату, губернатар вобласці сказаў: “Так трымаць, Таццяна Міхайлаўна, малайчына, не збаўляйце пазіцыі!” Канечне, яна не збавіць і ўжо выношвае новыя планы і ідэі. Сваёй дэлегацыі, якая прыбыла ў Віцебск у якасці групы падтрымкі, Т.М.Малак таксама паабяцала, што гэтак жа актыўна будзе займацца грамадскай дзейнасцю, пакуль дазволяць сілы і здароўе.

Дэлегацыі раёнаў не шкадавалі шчырых апладысментаў для кожнага працаўніка, які ўздымаўся на сцэну. Лаўрэаты звання “Чалавек года Віцебшчыны” былі названы ў 20 намінацыях, як і раней, самая прадстаўнічая – “Аграпрамысловы комплекс”, у ёй 15 чалавек. Кожны раён вылучае сваіх намінантаў, можна не сумнявацца, што ўсе яны бездакорныя працаўнікі. І напэўна, больш за ўсё ўдача залежыць ад таго, наколькі моцныя прэтэндэнты на званне ў гэтай жа намінацыі з іншых раёнаў. Вельмі складана вылучаць лепшых з лепшых і ў кожнага адзначанага ў гэты дзень дыпломам, нагрудным знакам і грашовай прэміяй у памеры сто базавых велічынь вельмі дастойныя дасягненні.

Сярод узнагароджаных былі як вядомыя імёны, напрыклад, генеральны дырэктар СТАА “Белвест” Ю.Г.Суманееў, генеральны дырэктар ААТ “Нафтан” У.К.Трэцьякоў, так і простыя радавыя працаўнікі: майстар-повар з Пастаў, машыніст аўтагрэйдара з Шуміліна, механізатар з Дубровеншчыны, шкловар з “Полацк-Шкловалакно” і многія іншыя. Прыемна было бачыць сярод лаўрэатаў і ўраджэнца Ушаччыны С.У.Аніскевіча – урача-хірурга, загадчыка аперацыйнага аддзялення Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Многія ўшачане не проста знаёмы з Сяргеем Уладзіміравічам, а і абавязаны гэтаму ча­лавеку, хірургу ад Бога, жыццём і здароўем.

Кожнаму “Чалавеку года Віцебшчыны” ёсць чым ганарыцца, не важна ці яны займаюцца вытворчасцю, сельскай гаспадаркай, вучаць дзяцей, лечаць хворых або ахоўваюць парадак. Усе яны сваёй працай паказваюць прыклад іншым. Стаць жа ўладальнікам гэтага звання і важкай узнагароды можа кожны старанны і сумленны працаўнік, кожны, хто не шкадуе сваіх сіл для росквіту нашага цудоўнага краю.

Пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі адбыўся вялікі святочны канцэрт з удзелам лепшых калектываў Віцебска і вобласці, а таксама народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, іх дачкі Анастасіі. Уразіў усіх прысутных сваім моцным голасам саліст опернага тэатра “Камунале” ў Фларэнцыі Уладзімір Александровіч. Упэўнена, што ва ўсіх галоўных герояў мерапрыемства і тых, хто прыехаў падтрымліваць іх, гэты святочны дзень надоўга застанецца ў памяці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *