Заседание клуба «Молодой специалист» прошло в районном центре культуры и творчества

Образование и молодежь

Штогод ва ўстановы і арганізацыі раёна прыходзяць маладыя спецыялісты. Тыя, хто ў далейшым узбагаціць яго плённай працай і ўпіша сваё імя ў старонкі гісторыі Ушаччыны. Тых жа юнакоў і дзяўчат, якія папоўнілі калектывы нашага краю ў 2013 і 2014 гадах, запрасілі нядаўна ў раённы цэнтр культуры на традыцыйнае пасяджэнне клуба “Малады спецыяліст”.

Прысутных вітала на­чальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Васільеўна Азевіч, якая расказала пра спецыфіку нашага раёна, яго геаграфічную, культурна­гістарычную значнасць, выказала спадзяванне, што для ўраджэнцаў іншых рэгіёнаў Ушаччына стане другой радзімай. З рэалізацыяй у раёне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі прысутных пазнаёміла галоўны спецыяліст аддзела Н.І.Гардзіёнак. Надзея Іванаўна расказала, як фарміруецца перспектыўны кадравы рэзерв, трапіць у які ёсць шанц у кожнага, хто пачынае працоўную дзейнасць, пры ўмове старанных адносін да работы.

Як вядома, самае вострае і актуальнае пытанне практычна для кожнага маладога чалавека – жыллёвае. Яно таксама не засталося па­за ўвагай арганізатараў – прысутным растлумачылі, як стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, хто мае на гэта права.

На новым месцы маладому спецыялісту, безумоўна, трэба абжывацца, і адчувальнай падтрымкай дзяржавы з’яўляецца льготны крэдыт на набыццё тавараў беларускай вытворчасці. Крэдыт выдаецца тым, хто размеркаваны не па месцы жыхарства бацькоў. Атрымаць яго можна адзін раз на працягу двух гадоў пасля заканчэння навучальнай установы.

Н.І.Гардзіёнак падкрэсліла, што з усімі пытаннямі юнакі і дзяўчаты могуць звяртацца ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама для сумеснага іх вырашэння. Дарэчы, з кастрычніка мінулага года тут арганізавана работа “гарачай лініі” (тэлефон 2­75­96). Праўда, скарысталіся магчымасцю задаць пытанні Надзеі Іванаўне, якая курыруе пытанні маладзёжнай палітыкі, пакуль толькі трое чалавек.

Цікавую, насычаную праграму для маладых спецыялістаў падрыхтавалі ў гэты дзень работнікі раённага цэнтра культуры. Прысутныя паглядзелі відэафільм пра Ушаччыну, атрымалі асалоду ад музычных нумароў. Самым жа яркім этапам сустрэчы стала знаёмства з непасрэднымі віноўнікамі ўрачыстасці. Маладыя людзі невялікімі групамі выходзілі на сцэну, дзе арыгінальна расказвалі пра свае прафесіі, дэманстравалі творчыя здольнасці, удзельнічалі ў невялікіх спаборніцтвах на кемлівасць. Напрыклад, на просьбу вядучых назваць тры словы, якія найбольш поўна характарызуюць прафесію, старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі райаддзела міліцыі Аляксей Шлупакоў прыгадаў твор Ф.Дастаеўскага і назваў “преступление” і “наказание”, а рэзюмаваў сказанае непазбежным у рабоце праваахоўніка словам “статья”. На пытанне, хто з’яўляецца настаўнікам і першым памочнікам маладых людзей на іх першым працоўным месцы, трэнер ДЮСШ Дзмітрый Гардзіёнак назваў кіраўніка ўстановы Сяргея Іванавіча Ціханёнка. Усміхнулася ўдача Аляксею Клопаву з ААТ “Ільюшынскі”: падчас гульні накшталт “гарадоў”, дзе маладым людзям трэба было па чарзе называць назвы прафесій, яму дасталася літара “т” – вядома ж, не ўспомніць “трактарыста” галоўны інжынер проста не мог! Дарэчы, за ўдзел у мерапрыемстве і на памяць пра гэты дзень усім юнакам і дзяўчатам былі ўручаны памятныя падарункі ад аддзела райвыканкама – насценныя гадзіннікі з выявай Ушацкага краю.

– Шчыра кажучы, ідучы на мерапрыемства, чакала ад яго значна меншага, – прызналася таваразнаўца райспажыўтаварыства Ірына Хамёнак. – Аднак вельмі спадабалася, усё было цікава і карысна. Узнялі настрой конкурсы – ну як не пасмяяцца з намаляваных моладдзю “чупакабрыуса” ці “дліннавухахвосціуса”? Увогуле ж тое, што мы мелі магчымасць пазнаёміцца, наладзіць кантакты – ужо выдатны вынік!

Як мне падалося, прысутныя зразумелі, што іх чакалі ў раёне, што ім рады і гатовы зрабіць усё, каб яны тут замацаваліся, стварылі сем’і, пабудавалі жыллё і ўвогуле пусцілі глыбокія карані. Гэта – галоўнае. Невыпадкова выразы “Сардэчна запрашаем у наш раён!” і “Ушаччына – добры плацдарм для паспяховай працы” гучалі на мерапрыемстве неаднаразова.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *