Ушачский «Прорыв» сравнивают с Дворцовой площадью в Санкт-Петербурге

70-годдзе Перамогі

Прафесар, выкладчык факультэта мастацтва БДУ Юрый Міхайлавіч Градаў – адзіны з застаўшыхся ў жывых аўтар мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Зусім нядаўна архітэктар зноў далучыўся да свайго чацвёртага па ліку знакавага аб’екта. Разам з галоўным інжынерам Васілём Пятровічам Макарэвічам прыняў удзел у штабе, на якім абмяркоўваліся варыянты рэстаўрацыі “Прарыву”, і расказаў, як ствараўся праект мемарыяла,  падзяліўся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў мерапрыемстве.

– Хатынь, помнік Якубу Коласу і Янку Купалу, Прарыў… Вы можаце вылучыць нейкую са сваіх работ асобна?

– Не, яны мне ўсе дарагія, спачатку яшчэ была Кацюша ў Оршы, так што да мемарыяла ўшацкім партызанам мы прыступалі, маючы імя і важкія работы. Аднак “Прарыў” – адзін з самых знакавых аб’ектаў. У мяне ва ўніверсітэце зараз выстаўляецца экспазіцыя, дзе ўшацкі мемарыял займае ключавое месца. “Прарыў”, як і “Хатынь”, з цягам часу не састарэлі, выглядаюць так жа актуальна, так жа красамоўна перадаюць атмасферу, настрой таго, у імя чаго яны ўзводзіліся, як і сорак гадоў таму, калі ўзводзіліся. А гэта самая высокая ацэнка для аўтара – праверка часам.

– Ці праўда , што спачатку Уладзімір Лабанок запрасіў для праекта Заіра Азгура, які і перадаў вам, маладым аўтарам, заказ?

– Не, мы адразу пачалі працаваць над праектам, ва ўсялякім выпадку нам ніхто нічога не перадаваў. Пачыналі ўдвух – я і Міхаіл Левін, а вось скульптара Анатоля Анікейчыка запрасілі, калі праект быў поўнасцю гатовы.

– Уладзіміру Елісеевічу Лабанку – ініцыятару стварэння помніка партызанам Ушацкай партызанскай зоны – праект спадабаўся?

– І яму, і ўсім іншым партызанам, якім мы паказвалі праект, ён спадабаўся.

– Як нарадзілася менавіта такая ідэя, ці многа было іншых эскізаў?

– Не. Нешта мянялі ў працэсе будоўлі (няма яшчэ адной скалы, пад’езду для тэхнічных мэт), аднак асноўная задума была менавіта такой. Я б нічога не памяняў, нават калі б заказ паступіў зараз. Ды і як інакш паказаць разарванае кальцо блакады, якое сімвалізуюць бетонныя глыбы, што звісаюць над праходам. Бетон парэзаны наўмысна на такія вось завужаныя да праходу паміж глыбамі фрагменты, каб пасля праходу наадварот адкрыць прастору, неба. Аляксей Марэсьеў, які быў на адкрыцці, ацаніў гэты ход як лётчык, які падымаецца, вырываецца ў неба. А расійскі журналіст у нядаўнім інтэрв’ю параўнаў ансамбль “Прарыў” з  Палацавай плошчай у Санкт-Пецярбургу. Там такі ж эфект, яе прастору ацэньваеш, толькі калі мінаеш вузкі праход. А комплекс невыпадкова назваў ансамблем – ён такім ёсць – з картай у падножжы, плошчай, дубовай алеяй…

– Як часта Вы бываеце на ўшацкім мемарыяле?

– Калі запрашаюць. Апошні раз гады тры таму.

– Як ацэньваеце стан комплексу?

– Гэта цудоўна, што ён так захаваўся на працягу 40 гадоў. Аднак вечнага нічога няма, гэта зараз матэрыялы намнога больш трывалыя, тэхналогіі, а тады арматуру глыб варылі са звычайнага металу, зразумела, што пайшоў працэс карозіі. Гэта непазбежна. Таму зараз трэба прадугледзець лаз для тэхнічнага абслугоўвання і праверкі стану аб’екту. Ну а наогул гэта абсалютна натуральны працэс. Рэстаўрацыя прайшла і на комплексе “Хатынь”, там таксама зроблена падсветка, замянілі матэрыял, аднак я лічу, што абавязкова трэба захоўваць натуральнасць. Ледзь удалося пераканаць перасадзіць адтуль туі, бо гэта дрэва не расло ў беларускіх вёсках. Усе тое ж датычыцца і “Прарыву”.

– Як Вы ўспрынялі прапанову стаць навуковым кіраўніком?

– Я лічу гэта лагічным, каб аўтар і быў навуковым кіраўніком падчас рэстаўрацыі яго работы. Упэўнены, што мы з праектантамі і заказчыкамі  без супярэчнасцей знойдзем правільнае рашэнне ў межах выдзеленых сродкаў.

– Як Вам у 80 гадоў удаецца так цудоўна выглядаць?

– Я многа працую. Да гэтага часу выкладаю, маю зносіны са студэнтамі. А гэта маладзіць. Вось і з сучаснай тэхнікай павінен быць на ты (Юрый Міхайлавіч усміхаецца і дастае з кішэні смартфон.)

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *