История семьи Данилёнок, Зимницких

70-годдзе Перамогі В памяти их имена Наши земляки

 

 Нялёгка знайсці словы, каб перадаць на паперы пачуцці, што ахапілі мяне, калі некалькі дзён запар амаль не адрываючыся, учытвалася ў скупыя радкі хронікі “Памяць. Ушацкі раён”.

 

 У невялічкай вёсачцы з прыгожай назвай Есяновікі нараджаліся і жылі мае продкі і я. 

Бабулі Пелагеі Пракопаўны Зімніцкай не стала, калі мне было ўсяго 12 гадоў. А пра дзеда я ведала толькі тое, што ён быў рэпрэсіраваны. Гэта была закрытая для дзяцей тэма ў сям’і. І вось нядаўна я рашыла больш падрабязна даведацца пра лёс свайго дзеда. Зрабіла запыт у Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці.

“Паважаная Ларыса Іванаўна! У кнізе “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка. Ушацкі раён” у спісе ахвяр палітычных рэпрэсій значыцца Зімніцкі Рыгор Іванавіч, 1889 года нараджэння. Нарадзіўся і жыў у вёсцы Бабрына (перад вайной яна была знесена ў вёску Есяновікі. Заўвага аўтара) Ушацкага раёна, беларус, селянін, беспартыйны, малаадукаваны, член калгаса імя Кірава Вялікадолецкага сельсавета, арыштаваны 14 ліпеня 1938 года па неабгрунтаваным абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Польшчы. 30 верасня прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 13 кастрычніка 1938 года. Рэабілітаваны 18 ліпеня 1964 года”.

Скупыя радкі архіўнай даведкі. А за імі жыццё, яго цана. Жыццё дзеда абарвалася на 49 годзе…

Бабуля адна выводзіла ў людзі шасцярых дзяцей, малодшай з якіх на той час ішоў пяты гадок.

Усе яны сталі добрымі, сумленнымі грамадзянамі, атрымалі адукацыю. ДВОЕ сыноў – Макар і Васіль у гады Вялікай Айчыннай вайны абаранялі Радзіму ад фашысцкай навалы. Васіль Рыгоравіч Зімніцкі з пачатку лютага 1942 года да вызвалення раёна ваяваў у партызанскай брыгадзе Дубава, вызваляў Ушаччыну ад немцаў, быў некалькі разоў цяжка паранены, меў шмат дзяржаўных узнагарод. Пасля вайны працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Чашніцкай сярэдняй школе. Памёр у 2005 годзе.

Яго ўзнагароды і асабістыя рэчы захоўваюцца ў Віцебскім гісторыка-краязнаўчым і Чашніцкім музеях, у музеі Вялікай Айчыннай вайны ў сталіцы нашай рэспублікі г.Мінску.

АДОБНЫ лёс напаткаў і сям’ю майго мужа. Яго дзед Данілёнак (па чыёйсьці неадукаванасці прозвішчы ў сям’і ў двух варыянтах: Данілёнак і Даніленка) Барыс Сямёнавіч, ураджэнец вёскі Забалоцце, калгаснік калгаса “Звязда” таксама быў расстраляны па абвінавачванні ў сувязі з польскай разведкай у лістападзе 1937 года. Быў яму на той час 51 год.

Два яго сыны Фёдар і Сцяпан ваявалі ў партызанскай брыгадзе імя Сталіна. Малодшы Міхаіл, бацька майго мужа, быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Ваяваў радавым на Заходнім, Сталінградскім фронтах, камандзірам узвода на 1-м Беларускім, дайшоў да Берліна. Быў двойчы паранены. Вайна для Міхаіла Барысавіча закончылася ў Патсдаме ў студзені 1946 года (у часці рэзервовых войскаў). Яго лейтэнанцкія пагоны і зараз захоўваюцца ў нашай сям’і.

І самае цікавае ў нашым дамашнім архіве – пажаўцелы лісток са школьнага сшытка з вершамі, прысвечанымі каханай. Яны датаваны жніўнем і кастрычнікам 1943 года. Пад адным, акрамя даты, пазначана месца напісання – г.Клінцы. Гэты расійскі гарадок зусім побач з Хоцімскам. Так што, магчыма, Мілаіл Барысавіч прымаў удзел у вызваленні першага населенага пункта Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 26 верасня 1943 года.

РОМ братам Данілёнкам пашанцавала – яны вярнуліся з вайны жывымі.

У мірны час Сцяпан па-ранейшаму жыў і працаваў у Забалоцці. Фёдар – у Вялікіх Дольцах. Міхаіл вярнуўся ў 1946 годзе ў Докшыцкі раён. А ў пачатку пяцідзесятых перабраўся з сям’ёй у Дольцы, дзе і працаваў да канца жыцця. Яму, як і яго бацьку, не давялося пабачыць сваіх унукаў. На жаль, няма яго імя ў кнізе “Памяць”, відаць па той прычыне, што прызываўся на службу Глыбоцкім райваенкаматам і вярнуўся з вайны не ў свой раён. Але ж большую частку жыцця пражыў у Дольцах, працаваў бухгалтарам, пчаляром у саўгасе “Вялікадолецкі”.

Вось такія перапляценні лёсаў…

 У дзяцінстве я неяк не задумвалася, чаму ў нашай вёсачцы ў два з лішнім дзесяткі двароў было ўсяго некалькі мужчын. Пражывалі там амаль адны ўдовы. Яны аралі, сеялі, касілі, адны падымалі і адпраўлялі ў жыццёвы шлях дзяцей, таму што не вярнуліся з вайны мае аднавяскоўцы Іван Ісакавіч Грыгор’еў, Марк Кірылавіч Журко, Іван Мікітавіч Тычына, Пётр Ануфрыевіч Тычына, Іван Якаўлевіч Хадан, Рыгор Лявонавіч Хадан, Фёдар Якаўлевіч Хадан, Захар Пятровіч Дрозд, Аляксей Міхайлавіч Зімніцкі, Цімафей Сямёнавіч Раманоўскі, Аляксей Аляксеевіч, Уладзімір Гаўрылавіч, Уладзімір Ісакавіч Хаданы. Гэта мы абавязаны ім сваім жыццём, гэта мы павінны шанаваць іх памяць і не забываць іх імёны. Я сваімі вачыма бачыла, як нялёгка жылося іх маці, жонкам, дзецям. У росквіце сіл, а было ім на той час ад 21 – самаму малодшаму, да 36 – самаму старэйшаму, яны аддалі свае жыцці, каб жылі ў міры мы, іх унукі і праўнукі, якіх яны так і не пабачылі. Перад іх светлай памяццю мы павінны схіляць галовы і вучыць гэтаму сваіх дзяцей. Бо памяць — гэта адзінае, чым мы можам аддзячыць гэтым гераічным людзям, аддаўшым свае жыцці за нашу будучыню. Светлая ім памяць і нізкі паклон.

* * *

Праз газету хачу выказаць самую шчырую ўдзячнасць дырэктару Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка Мікалаю Мікалаевічу Кірпічу, які зрабіў нам з мужам неацэнны падарунак – кнігу “Памяць. Ушацкі раён”.

З яе мы даведаліся аб лёсах нашых родных і аднавяскоўцаў, аб многіх цікавых фактах з жыцця нашай малой радзімы.

Нізкі паклон і вялікі дзякуй Вам, Мікалай Мікалаевіч, ад усёй нашай сям’і.

Л.ДАНІЛЕНКА (Журко), г.Хоцімск.
 
 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *