Единственный житель деревни Заполье Ушачского района приютил у себя пораненого аиста и живёт с ним под одной крышей

Наши земляки

Пра гэтага дзіўнага чалавека мне расказаў Валянцін Юшчанка з Вялікіх Долец. Маўляў, жыве ў вёсцы Заполле адзіны жыхар, былы электрык саўгаса. Увесь час дапамагае людзям: звернешся да яго, ён падумае, паразважае і абавязкова дасць згоду. А яшчэ гэта незвычайны аматар прыроды. Вось і некалькі месяцаў назад падабраў бусла з перабітым крылом і цяпер даглядае яго.

Праігнараваць такое цікавае паведамленне было немагчыма, і мы з вадзіцелем узялі курс на Заполле. Ад асноўнай дарогі на Вялікія Дольцы звярнулі направа, даехалі да Стаек, а за імі і вёсачка, што нам патрэбна.
Ля аднаго з дамоў – расчышчаны ад снегу падыход, след чалавека далей, да суседняга дома. Пачалі пошук адзінага жыхара і ніяк не маглі знайсці. Толькі чорны кот, баязліва азіраючыся, перабег дарогу, ды рознакаляровая сіваваронка ўскочыла на дрэва непадалёк. Ну што рабіць, вымушаны былі вяртацца ў Стайкі (добра, гэта зусім побач), каб дакладна распытаць, дзе ж той адзіны жыхар. А паміж вёскамі ўбачылі лыжны след, пракладзены па снежнай цаліне ў напрамку Міхалкаўшчыны. Няўжо ў такім бязлюдным кутку ёсць нехта малады, хто так далёка ходзіць на лыжах?
У Стайках зайшла ў невялікі, але прыкметны дом на ўзгорку. Гаспадыня аказалася дваюраднай сястрой Мікіты Ігнатавіча Тычыны, патрэбнага нам. Яна расказала, што брат на пенсіі, яму ўжо 75, таму павінен быць на месцы. Учора прыходзіў да яе, гаварыў, што ката мінскага дачніка корміць, ды і бусел набіраецца сілы.
– Мікіта купляе яму рыбку невялікую, а бусел яе абавязкова абаўтне ў ваду, тады толькі з’есць, і мае дзеці, якія прыязджаюць, тое-сёе прывозяць, – расказала Соф’я Пятроўна Самсоненка. – Нядаўна дачка курыныя крылцы купіла, дык дужа спадабаліся бацяну…
Праз нейкія мінут дваццаць мы былі зноў у Заполлі.
– А я толькі што з’явіўся, – растлумачыў выйшаўшы з двара гаспадар. – Ездзіў на лыжах у Міхалкаўшчыну. Там жанчына адзінокая, як і я, жыве, мы з ёю адзін аднаму дапамагаем.
– У сваім узросце і на такую адлегласць ездзіце? Напэўна, даўняя практыка, – пацікавілася ў субяседніка.
– У свой час, гэта пасля вайны, мне трэба было хадзіць у школу ў Вялікія Дольцы, – расказаў ён. – А гурбы зімой такія намятала. Бацькі не стала, маці толькі, бедната. Вось і вырашыў я малы зрабіць сабе лыжы. Нейкія зрабіў і ездзіў на іх, усё ж не па калена ў снезе.
Як прыгадвае Мікіта Ігнатавіч, цяжка было жыць увесь час. Падрастаў, трэба было вучыцца і замяняць дарослага мужчыну, бо сям’я, а гэта акрамя маці яшчэ і цётка, трымала гаспадарку, доўгі час нават каня… Аднак зарэзаць парсюка ці курыцу ўсё ж ніяк не мог, шкада было.
Наогул да жывых істот у Мікіты Ігнатавіча свае адносіны. Ён лічыць абавязкам чалавека выратоўваць жыўнасць і ўжо тым больш не шкодзіць ёй. Сініц, соек корміць бульбай, зернем. А аднойчы ішоў на работу і знайшоў на дарозе параненага дразда, якога потым некалькі дзён выходжваў.
Цяпер увесь клопат шчырага аматара прыроды – яго бацян, ці, як яго называе, Буцік. Расказвае, як падабраў яго, бездапаможнага.
– Трымаю дзве курыцы, ды адна ўвосень недзе згубілася. Пачаў яе шукаць, амаль да падстанцыі дакрочыў. Чую, што недзе ля яе нехта такім дзікім мэтам крычыць. Здаецца і не чалавек, але і каб жывёла так крычала – ніколі не чуў. Аказалася, бусел. Закорпаўся ў траве, крыло паранена. Вызваліў яго з палону, прынёс дадому. Спачатку мой Буцік нічога не еў, пакуль з сажалкі рыбкі яму не налавіў. І мышэй любіць. Увосень іх было нямала, дык так ласаваўся.
– А што мурліку Вашаму даставалася? – спытала ў мужчыны, калі мы ўжо сядзелі ў яго хаце і невялікі каток паціху выйшаў з печы, дзе да гэтага грэў свае бакі.
– Яму ў другую чаргу даставалася… Цяпер жа кармлю свайго бацяна тым-сім куплёным.
– У магазін куды ездзіце?
– Аўтакрама ж прыязджае рэгулярна. Бачыце, як дарога расчышчана, хоць каціся. ДРБУ-105 вельмі добра працуе.
Пры гэтым Мікіта Ігнатавіч прыгадаў ранейшыя часы, калі ўсё складаней было. Вось і электрыкам працавалася няпроста, але любіў ён сваю работу. Аддаў ёй 34 гады, агульны ж стаж занятасці ў сельскай гаспадарцы – больш за сорак. За няпросты ўчастак работы адказваў. І днём, а часам і ноччу даводзілася аднаўляць электрычнасць на фермах і іншых участках сельгасвытворчасці. Асабліва клопатна было, прыгадвае былы электрык, у сямідзясятыя, калі пачалі з’яўляцца малакаправоды. За іх работу, а таксама халадзільнікаў трэба было адказваць.
Адышоў той час, бязлюднымі сталі такія вёскі, як Заполле. Праўда, Мікіта Ігнатавіч не лічыць, што ён адзін. Выязджаючы, мы таксама ўбачылі прыехаўшага з Полацка дачніка, які расчышчаў снег. Ды і той жа бусел не дае сумаваць. Мужчына расказвае, як штодзень разам глядзяць тэлевізар. Кухню, дзе знаходзіцца птушка, ён адгарадзіў ад асноўнага пакоя нізкай перагародкай, дык бусел увесь час, пакуль свеціцца экран, уважліва глядзіць перадачы. І толькі калі гаспадар выключыць тэлевізар, заласкочыць і засынае стоячы.
Галіна ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *