“Што сёння за свята?”, – убачыўшы фотакамеру, запытаўся самы малады работнік раёна электрычных сетак Іван Багданаў. Ён толькі трэці дзень на прадпрыемстве, аднак агучыў агульнае меркаванне. Сапраўды, у аб’ектыў ушацкія энергетыкі традыцыйна трапляюць у снежні, на сваё прафесійнае свята. І вельмі рэдка – у іншы час. Чаму? Ды таму што іх традыцыйныя будні звычайна праходзяць па такім маршруце, што на машыне не даедзеш, а пешая прагулка будзе нагадваць пераадоленне паласы перашкод. Ды і ўвогуле няпроста адшукаць іх месца дыслакацыі, бо часта гэта непраходныя лясы і балоты, як тое, ля вёскі Бальбінава, дзе мы сустрэліся. І толькі ў самым пачатку работ па замене ліній электраперадач на “нулявой” апоры гэтай прасекі Глыбачанскага сельсавета і рэальна было зрабіць здымкі брыгады.

Калі назірала, як Міхаіл Лісіца імгненна “ўзяў” чарговую вышыню, падумалася, што электраманцёры зарадку раніцай не робяць. І майстар брыгады Дзмітрый Дуброўскі пацвердзіў маё меркаванне: “Навошта, калі нагрузкі за дзень нам хапае як прафесійным спартсменам і на розныя віды мышцаў. Так што загартоўваемся мы якраз на рабоце. Ну а слабыя фізічна наогул не затрымаюцца”. Ён сам колькі гадоў таму таксама абуваў дадатковыя прылады, якія энергетыкі клічуць лазамі, і працаваў на вышыні. Зараз “страхуе” калег з зямлі – сочыць за бездакорным выкананнем тэхнікі бяспекі пры правядзенні работ. Аднак гэта зусім не азначае, што можа выязджаць на раён у белым каўнерчыку. Не атрымаецца, як і згубіць набытую загартоўку. Бо перад тым як прыступіць да замены ліній з усёй неабходнай тэхнікай і прыладамі, спачатку маршрут пройдзе майстар, як і ў канцы года, калі робіцца рэвізія ўсіх ліній і вызначаюцца ўчасткі на замену.Наогул абавязкі энергетыкаў можна падзяліць на экстранныя, як ухіленне парываў і аднаўленне падачы энергіі, так і планавую замену ліній. Апошнія якраз і нацэлены на мінімізацыю вынікаў навальніц, ураганаў, ды і іншых сюрпрызаў надвор’я. Канечне, паваленае вялікае дрэва не ўтрымае ніякі провад, але і наледзь, моцны снег можа стаць прычынай абясточвання. На падставе аналізу ўчасткаў з найбольш частымі пашкоджаннямі, а таксама тэрміну эксплуатацыі апор і правадоў і праводзіцца іх замена, а замест звычайнага дроту пракладаецца ізаляваны.
Паветраныя лініі нумар 503 ад падстанцыі Краснае з 10-кілавольтнымі правадамі адносяцца да зоны абслугоўвання брыгады Сяргея Маковіча. Як і практычна ўсе лініі Ушацкага раёна электрасетак на тэрыторыі Глыбачанскага і Вяркудскага сельсаветаў. Гэта ён прайшоў напярэдадні пад лініямі ўсе 1728 метраў, каб выявіць глыбіню балота, наяўнасць “акон” і наогул рэальную даступнасць. Хаця адлегласць вылічана дакладна, усё ж яна “папяровая” – столькі спатрэбіцца правадоў на замену ліній, якія пракладзены па прамой. А колькі насамрэч складзе пешы маршрут энергетыкаў, ніхто і не падлічвае. “Здараецца, што каб абысці ручай, рачулку толькі ў адным месцы, каля двух кіламетраў наматаеш. А каб прабрацца да апор – і рыбацкія боты не дапамогуць. Неаднойчы было, што кідаеш у машыне і тэлефон, і паперы, каб не замачыць, бо даводзілася з галавой пад ваду акунацца і з дапамогай галін дрэў перашкоды пераадольваць. А то і наогул гаць масціць, як у мосарскім баку”, – расказвае Дзмітрый Дуброўскі. У глыбачанскай старане яго брыгада аказалася ў якасці памочнікаў. Для таго каб завяршыць аб’ект за адзін дзень, перакінулі на падтрымку, вось і рухаліся энергетыкі з супрацьлеглых бакоў насустрач.

Усе 50 вяршынь-апор давялося “ўзяць”: спачатку зняць старыя, а потым падключыць новыя правады, каб у вёсачцы Бальбінава, дзе святло запальваецца толькі ў адной хаце, не адчувалі нязручнасцяў пасля непагадзі. Каб як мага радзей яно адключалася ў дачнай Двор Усвеі і іншых блізкіх і таксама не густа заселеных пунктах. Каб радзей у такі дальні бок выязджала іх спецтэхніка, такая, напрыклад, што падымае люльку са спецыялістам да самага верху апоры – звычайна толькі так можна выканаць складаныя работы.
Ну а на спартыўных пляцоўках спецыялісты Ушацкага раёна электрычных сетак усё ж бываюць. Рабочыя будні дазваляюць ім падтрымліваць выдатную фізічную форму, а таму ў розных відах на раённых і галіновых спаборніцтваў ушацкія энергетыкі традыцыйна на вышыні.
Вольга Караленка.