В музее народной славы работает выставка инситного искусства

Калейдоскоп

На працягу жніўня ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка будзе працаваць выстава інсітнага мастацтва, прысвечаная 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аднак далёка не ўсе карціны, выстаўленыя на суд гледачоў, датычацца тых трагічных часоў. Наадварот, гэта выкананыя абсалютна ў рознай тэхніцы пейзажы, нацюрморты, сюжэтныя палотны. Хаця такія паняцці як тэхніка да аўтараў карцін можна прымяніць хіба з нацяжкай, паколькі ніхто з іх не мае акадэмічнай адукацыі. А незразумелае слова “інсітны” можна замяніць на “наіўны”, менавіта так, адкрываючы 1 жніўня экспазіцыю, называла стыль галоўны захавальнік фондаў музея Святлана Турло. І сіла работ пераважна ў поглядзе аўтара, у большасці выпадкаў сапраўды наіўным, аднак вельмі шчырым.

Таму і верыш у непапраўнае гора жанчыны з павіслымі рукамі, што сядзіць на лаўцы з пахавальнай, атрыманай 9 мая 1945-га. “Паглядзі, яна чакала, што вернецца жывым, дапаможа, ёй стане лягчэй”, – развівае сюжэт драмы адна з прысутных. Быццам на танцы ў савецкія часы вярнулася. І помнік Леніну ля клуба. Ёсць тут і Васіль Быкаў – фатаграфічнага падабенства, нам, ушачанам, добра ведаючым выгляд земляка, не адшукаць, а вось прастату вялікага чалавека аўтар перадаць сумеў. А ў яркіх пеўнях з палотнаў сенненскага бібліятэкара можна адшукаць падабенства з работамі Марка Шагала, які лічыцца заснавальнікам інсітнага напрамку. Ёсць тут і маляваныя дываны. Дарэчы, з гэтым відам наіўнага мастацтва ўшачане ўжо знаёмы – прывозілі раней выставу слуцкай майстрыхі, якая ў часы, калі фабрычныя дываны было не купіць, распісвала землякам тканіну кветкамі ці лебядзямі і такім чынам зарабляла сабе на жыццё.

“Погляд мастака” – гэта сумесны выставачны праект Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея па інсітным мастацтве. На суд гледачоў прадстаўлены работы народных клубаў і студый як Віцебска, так і практычна з усіх раёнаў Прыдзвіння.


Убачыўшы ж драўляныя фігуркі Глеба Рабізы з Глыбоччыны, я адразу прыгадала нашага мясцовага разьбяра Паўла Андрэйчыка.Нічым не горшыя ў яго сюжэты і выкананне. Наогул, многія гледачы падчас адкрыцця выставы казалі пра тое, што варта было б сабраць работы ушацкіх майстроў, сярод якіх таксама шмат таленавітых самавучак. Напрыклад, як работнік бібліятэкі Валерыя Касцючэнка, якая з цікавасцю разглядала карціны, зусім не падобныя на яе сучасны стыль.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *