В чём секрет богатого урожая томатов? Узнали у опытной хозяйки Людмилы Тарасевич

Калейдоскоп

У чарговы раз завіталі на сядзібу Людмілы Тарасевіч, што ў самым канцы вуліцы Кастрычніцкай у гарпасёлку, каб паглядзець на небывалы ўраджай таматаў.

“Што робіць нармальны чалавек на агародзе пасля дажджу?” – Запыталася з парога ў мяне Людміла Міхайлаўна. І сама ж адказала: “Градкі поле. А такі як я – пашырае клумбы”.

Плошчы на іх участку, канечне, хапае, і кожны год усё даўжэй на ўзмежкі забіраюцца кветнікі і малыя архітэктурныя формы, што ствараюць разам з мужам Віктарам Васільевічам Каваленкам. Ліліі, самых розных гатункаў – метровай вышыні, петуніі і іншыя адналетнікі радуюць пышным цветам. І гэта ў такую суш! А сакрэт не толькі ў паліве. Дарэчы, пад вазоны з адтулінамі гаспадыня паставіла ёмістасці, у якія налівае ваду – такім чынам частка раслін сілкуецца сама. А вось здаровай квецені Людміла Міхайлаўна абавязана падкормцы, якую выкарыстоўвае з гэтага года. Называецца яна “Прафіт метарызіум”, кілаграму якога хапіла на ўсе кветкі і агародніну.

Колькі год таму мы расказвалі нашым чытачам пра сорт “Палярны”, плады якога Тарасевічы смакавалі ў канцы мая. Сёлета таксама даўно на стале ўласныя памідоры, першымі радавалі невялікія балконныя, якія нават ужо выдалілі з парнікоў. Людміла Міхайлаўна – эксперыментатар па натуры, і гатункі пастаянна мяняе. Хіба што высакарослы “Алтайскі мёд” з пладамі пад кілаграм затрымаўся на трэці год.

“Памідоры заўсёды родзяць, але такога ўраджаю як зараз, яшчэ не было. Нашатырны спірт ды ёд пасля сёлетняга эксперыменту лічу ўчарашнім днём, – дзеліцца сакрэтам Л.Тарасевіч. – Пры пікіроўцы я пад каліва клала 1-2 гранулы прыгаданага вышэй угнаення. Гэта грыб, які потым сам расце і далей сілкуе расліны. Далучала яшчэ і “Біяпаг” ад хвароб. Прэпараты нятанныя: 200 грамаў апошняга каштуе 20 рублёў, а кілаграм “Прафіта” – 30, але не хімічныя, а гэтага аб’ёму хапіла на дзве цяпліцы і плюс вулічныя расліны. Усю зіму слухала блогера, кандыдата сельскагаспадарчых навук Івана Рускіх, ад яго пераняла і яшчэ адну навінку. Вось гэтаму каліву дала метровую прастору, не пасынкавала і не падвязвала, сцябліны з пладамі ляжаць на падсцілцы з сухой травой – і бачыце, колькі іх. На наступны год і іншым дам свабоду, выгадна – менш работы, а пры такім цяжары давялося б падвязваць кожную галінку, і расады патрэбна меней. Дарэчы, яе не варта сеяць рана. Лепш маленькай высадзіце – яна ў зямлі сваё возьме, чым перарасце.

На кожным каліве – не меней вядра памідораў, а вялікія і не ўмесцяцца. Аблепленыя кусты і пасля падвязкі схіліліся да зямлі. З-за гэтага, а таксама лістоты, якую гаспадыня таксама не ўбірае, паколькі ўсё сілкаванне плады атрымліваюць менавіта з іх, складана перадаць ураджайнасць на здымку. Хіба што фіялетавы “Найд-крым” кідаецца ў вочы невялікімі, аднак большымі за чэры памідоркамі. Лячэбнымі, дыетычнымі лічацца ўсе сарты баклажаннага колеру. Парадавалі гаспадыню і навінкі кампаніі “Партнёр”: “Ладья”– такія ж буйныя, на ўсю далонь, як і “Алтайскі мёд”, даўгаватая “Любаша”. Другі год запар садзіць і гатункі з японскай калекцыі – выпісвае, вось толькі назву не назаве, яны проста пад нумарамі.

Прыгаданых вышэй падкормак няма на нашым рынку, аднак ёсць на інтэрнэт-пляцоўках, такіх, напрыклад, як Вайлдберыз. “Ну вось, усе сакрэты свае выдала”, – усміхнуўся муж. Але Людміле Міхайлаўне не шкада, тым больш што дапамогуць яны толькі працалюбіваму чалавеку.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *