Механизаторы «Сафийских даров» завершают полевой сезон

Сельское хозяйство

 

А.Баратынскі, М.Яловік.

Сёлета, у вельмі непагодлівы сезон, ушацкія гаспадаркі даволі аператыўна скончылі жніво, убрана і кукуруза, а значыць – ёсць час грунтоўна пашчыраваць на завяршальным працэсе палявога цыкла, тым больш што і надвор’е гэтаму пакуль спрыяе. Штораніцы ў розныя бакі раёна выязджаюць трактары з плугамі: перадзімовае ўзворванне глебы трэба правесці на 5500 гектарах.

2150 з іх – у планах “Сафійскій дароў”, а адказваюць за працэс вопытныя механізатары Мікалай Яловік і Аляксандр Баратынскі. У дзень, калі мы дамовіліся аб сустрэчы, яны працавалі на аддаленых палетках за Жывалакай, дзе апошнім часам раслі травы. На наступны ж год у кіраўніцтва гаспадаркі на гэтыя плошчы іншыя планы, вось і ўздымаюць зябліва, каб вясной пусціць тут культыватары і сеялкі. На поле мы выехалі ўжо напрыканцы працоўнага дня, але гэта офісныя работнікі ў пяць гадзін вечара зачыняюць кабінеты – хлебаробы ж на працягу ўсяго палявога сезона шчыруюць да цёмнага. “Завершым гэтыя кавалкі – тады і рушым па дамах. Паедзем, праўда, у супрацьлеглыя бакі”, – паведамілі нам механізатары.

Зараз у гаспадарках раёна заданне па ўздыме зябліва выканана прыкладна на 30 працэнтаў.

Абодва яны далучыліся да калектыву сафійцаў толькі сёлета. Мікалай тут з вясны: былы перадавік “Дземенца” зачапіў за “Кіравец” плугі і менавіта на ўзворванні быў заняты большую частку сезона, хіба што разнастаіў яго ў чэрвені-ліпені адвозкай зялёнай масы. Да базы “Сафійскіх дароў” з роднай вёскі Глыбачка дабіраецца на ўласным аўтамабілі – шлях недалёкі, так што на лагістычныя нязручнасці не скардзіцца, ды і да новага калектыву прывыкаць не прыйшлося, бо ў гэтую гаспадарку ўладкаваліся дземянецкія калегі, на час масавых работ далучыліся знаёмыя хлопцы-камунгасаўцы.

А вось Аляксандр пасля змены пры выездзе на віцебскую шашу паверне ў бок другой Глыбачкі, бо жыве ў Вяркудах. У штат сафійцаў ён трапіў нядаўна. Стараннага работніка на новым месцы сустрэлі прыхільна, тым больш што прыбыў ён з “Глыбачан” з нядаўна атрыманым МТЗ-1221. Знайшлася справа і для яго калегі Андрэя Літвіна з замацаваным за ім “Амкадорам” – такім руплівым майстрам рады на любым прадпрыемстве. Канечне, дабірацца да Ушач далекавата, але для работнікаў арганізаваны падвоз. Дастойнымі аказаліся і сумы ў разліковых лістах.

Лічыцца, што ўздым зябліва дае магчымасць павысіць ураджайнасць амаль на трэць, бо на ўзараных з восені глебах менш расце пустазелле, гінуць шкодныя мікраарганізмы, а раслінныя рэшткі перагніваюць і ператвараюцца ў арганічнае ўгнаенне. А галоўнае, такі задзел спрыяе больш хуткаму правядзенню яравой сяўбы.

На працягу ўсяго сезона ў час такіх вось палявых сустрэч бачым, як напроста механізатарам даецца кожны працоўны дзень. На самым жа фінішы аграрнага марафона гэта асабліва прыкметна – па пацямнелых ад загару, абветраных тварах, агрубелых ад палявых рамонтаў і бясконцых гадзін за баранкай руках. А таму хочацца вылучыць месца на нашых старонках літаральна для кожнага з іх і шчыра падзякаваць людзям, якія абралі для сябе такую патрэбную зямную справу.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *