На Ушаччине прошёл районный субботник

Главное

Суботнік на ферме ў Глыбачцы.

У раённым суботніку прыняло ўдзел больш за 900 ушачан, работа ў першы лістападаўскі дзень кіпела ў розных кутках раёнах. Наводзіўся парадак на вуліцах, вытворчых тэрыторыях, воінскіх пахаваннях. Асаблівая ж увага была ўдзелена прадпрыемствам АПК: у вобласці прадаўжаецца маштабная кампанія па добраўпарадкаванні сельгасаб’ектаў. Жалезны парадак, пра які на нядаўняй нарадзе ў Віцебску гаварыў Прэзідэнт, у рэгіёне наводзяць талакой.

Напэўна, упершыню за апошнія дзесяцігоддзі літаральна на ўсе ўшацкія фермы і комплексы выехалі такія масавыя брыгады памочнікаў. Не сакрэт, што кадравы дэфіцыт на жывёлагадоўчых аб’ектах адчуваецца асабліва востра – і не толькі слабая дысцыпліна, а і элементарная нястача рабочых рук перашкаджаюць навесці тут належны парадак. Ушачане, з якімі давялося ў гэты дзень пагутарыць, успрынялі “камандзіроўку на сяло” з разуменнем. Былі і тыя, хто ўпершыню працаваў на такіх аб’ектах і на свае вочы ўбачыў, як нялёгка аграрыям здабываць мяса і малако.

На комплексе “Ільюшына”.

І пакуль навічкі знаёміліся з уладкаваннем фермаў, жывёла дзівілася на нязвыклую колькасць гасцей. А самыя смелыя наладжвалі кантакт: у Сержанах ладны белы бычок, што выйшаў на ранішнюю прагулку, ахвотна ласаваўся лустамі хлеба, якім яго частавалі прыбыўшыя памочніцы. На гэтым аб’екце “Ільюшынскага” ў дружную брыгаду аб’ядналіся супрацоўнікі “Беларусбанка”, “Белдзяржстраха”, падатковай інспекцыі, аддзела статыстыкі, санаторыя “Лясныя азёры”. А тон у працы задавалі прадстаўнікі дэпутацкага корпуса на чале з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшынёй райсавета Наталляй Марковіч, якая зазначыла, што ўсе сур’ёзна настроены на выкананне пастаўленых маштабных задач.

Кіраўнік раёна Сяргей Садоўскі ўзначаліў працоўны дэсант, які меў на мэце абнавіць ферму “Старое Сяло” гэтай жа гаспадаркі. Планы тут былі шырокія: у момант нашага прыезду дарожнікі і электрасувязісты падсыпалі гравіем пад’езд да будынкаў і рамантавалі дах, кааператары і камунгасаўцы чынілі агароджу і знішчалі зараснікі, дзяўчаты з “Белаграпрамбанка” ланцужком пераносілі пілаванне на подсціл кароўкам, а старшыня райвыканкама, узяўшы ў асістэнты свайго сына-школьніка, майстраваў клеткі ў прафілакторыі для цялятак. Працаёмкі працэс пабелкі ўнутраных памяшканняў узялі на сябе работнікі ТАА “Твестуба-ПРА” – адметна, што на суботнік выйшлі і прадстаўнікі прыватных прадпрыемстваў. Нямала тут было і тэхнікі. Так прасілі мы вадзіцеля камунгасаўскай вышкі Сяргея Манецкага, каб падняў нас у паветра для прыгожага ракурсу фотаздымкі, але той на правакацыю не паддаўся – правілы бяспекі парушаць адмовіўся. Ну і нічога – каларытных кадраў і так хапіла!

У Старым Сяле.

Шмат іх было зроблена на комплексе “Ільюшына”, дзе працавала самая вялікая зводная брыгада. Баявы настрой быў ва ўшацкіх энергетыкаў, якія дружна ўзяліся за малаткі і пілы.

“Памагаць аграрыям – значыць памагаць Радзіме. Мы гэта ўсведамляем – і выйшлі на суботнік усім калектывам”, – агучыў меркаванне калег Уладзімір Дубко.
Атрымаўшы ад першага намесніка старшыні райвыканкама Юліі Ладновай заданне на дзень, рушылі яго выконваць звыклыя да любой працы водаканалаўцы. “Ну а мы на фермах – лічы што штатныя работнікі!” – усміхнуліся нам супрацоўнікі ветстанцыі і райсельгасхарча.

Навядзенне парадку на яшчэ адным аб’екце гэтай гаспадаркі – МТФ у Жарах – пачалося падчас рэспубліканскага суботніка. Шчыравалі тут прадстаўнікі ДЭУ-37 і мясцовага сельвыканкама, яшчэ напрыканцы мінулага тыдня высеклі кусты і сухія дрэвы абапал дарогі, а ў момант нашага прыезду распачыналі “стратэгічную аперацыю” па знішчэнні вялізнай лужыны ля варот фермы: прывезлі гравію і з дапамогай крана, які вылучыў дырэктар “НікСілБуда” Мікалай Бабаедаў, планавалі ўкласці старыя пліты перакрыцця і такім чынам выраўняць рэльеф.

На ферме ў Матырыне.

Вялікі аб’ём работ выканалі і на МТФ “Глыбачка”. Памяшканні былой жывёлагадоўчай базы “Дземенца” зараз пустуюць, але ў перспектыве для свайго пагалоўя іх будзе выкарыстоўваць УП “Сафійскія дары”, і перш чым засяліць сюды жывёлу, трэба многае зрабіць. Рамонт даху, варот, агароджы і выгульных двароў, падключэнне да сістэмы водазабеспячэння, навядзенне парадку ўнутры кароўнікаў – шмат спраў менавіта для мужчынскіх рук, і ў суботу тут высадзіўся дэсант з моцнай паловы лясгаса, участка водаканала, камунгаса, інспекцыі прыродных рэсурсаў. “Чым зможам, тым дапаможам нашым аграрыям, працы хапае!” – не адрываючыся ад справы, зазначалі прадстаўнікі газавай службы, якія прыбылі ў Глыбачку прадстаўнічай камандай. Як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Цімафееў, які курыраваў работы на аб’екце, усё запланаванае выканаць за адзін дзень не ўдалося, але зроблены добры задзел.

А вось на комплексе ў Завячэллі складаных будаўнічых работ не намячалася, таму кіраўнік справамі райвыканкама Дзмітрый Баратынскі і намеснік дырэктара “Сафійскіх дароў” па жывёлагадоўлі Аляксей Ладноў атрымалі ў сваё падпарадкаванне пераважна жаночую брыгаду. Зрэшты, у яе працавітасці і стараннасці сумнявацца не даводзілася: спецыялісты райвыканкама і цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый фарбавалі памяшканні і стойлавае абсталяванне, ачышчалі тэрыторыю ад арганікі і смецця.
Падобны пералік задач выконвалі на “Маяку” фінансісты, сацработнікі, спецыялісты энергазбыту. Прадстаўнікі ЦРБ і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі шчыравалі ў Матырыне – рамантавалі вокны, дах і агароджу. На вялікадолецкай “Міхалкаўшчыне” былі рады работнікам спартыўнай сферы, мясцовага сельвыканкама, на “Цыганку” – памочнікам з лепельскага меліярацыйнага прадпрыемства. Шмат было зроблена на ферме ў Селішчы, дзе аб’ядналі свае намаганні работнікі дзіцячай школы мастацтваў, Кубліцкага лясніцтва і сельвыканкама. І канечне, на ўсіх аб’ектах напружаную змену правялі жывёлаводы: ім асабліва прыемна было бачыць, як відазмяняюцца фермы і комплексы.

Ну а думкі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў агучыў малады дырэктар “Ільюшынскага” Мікіта Завадскі: “Мы бязмерна ўдзячны нашым памочнікам! А са свайго боку пастараліся дастойна справіцца з арганізацыйнымі функцыямі, забяспечыць аб’екты матэрыяламі і ўсім неабходным”.

У Сержанах.

Канечне, да ідэальнага стану тут яшчэ далёка, але суботнік паказаў, што навесці парадак на фермах – магчыма.
Прыемна адзначыць, што ў раённым суботніку прыняло ўдзел і юнае пакаленне ўшачан. Так, вучні і педагогі Ушацкай школы наводзілі парадак не толькі каля ўстановы – на стадыёне і прышкольным участку, а і накіраваліся на гарадскія тэрыторыі. Напрыклад, пачысцеў вялікі двор па Ленінскай, 19, дружна працавалі сямікласнікі на ачыстцы ад лістоты маладога парку ля “Санты”, наводзіўся парадак на ўездзе ў гарпасёлак у мікрараёне Віцебскай. “На суботнік выйшлі каля 200 чалавек – навучэнцаў і работнікаў школы. Іх колькасць магла быць большай, але сёння праводзіцца раённы этап алімпіяды, дзе многія дэманструюць свае веды. Важна прывучаць дзяцей да працы, але гэта – задача не толькі школы, а і сям’і”, – падкрэсліла дырэктар Ушацкай СШ Алёна Ворса. З гэтым цяжка не пагадзіцца, бо некаторыя з бацькоў ушацкіх дзяцей наўмысна пакінулі іх дома, маўляў, яшчэ напрацуюцца. Але думаецца, што дзве гадзіны пасільнай работы аказаліся б куды больш карыснымі, чым патрачаныя на гульні ў тэлефоне.

Суботнік у Селішчы.

Актыўна папрацавалі на суботніку вучні і работнікі ўсіх сельскіх школ. Яны прыводзілі ў парадак свае тэрыторыі, а таксама аказвалі дапамогу аграрыям на мехдварах і зернесушыльных комплексах.

Вельмі шмат зроблена па навядзенні парадку ў многіх месцах. Напрыклад, не адну гадзіну шчыраваў дэсант работнікаў культуры ў Арэхаўне каля сядзібы Грабніцкіх, іх намаганнямі папрыгажэла і тэрыторыя былога Слабадскога клуба ля бойкай шашы. Лясгасаўцы ачысцілі любімы ўшачанамі дэндрапарк, работнікі міліцыі навялі парадак не толькі ля замацаваных воінскіх помнікаў, а і на месцах пахавання былых супрацоўнікаў РАУС. Дарэчы, на аб’екты воінскай славы ў гэты дзень накіраваліся прадстаўнікі многіх працоўных калектываў – каля сотні чалавек.

На комплексе “Завячэлле”.

Ужо пасля суботніка са словамі ўдзячнасці завітаў у рэдакцыю старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір Андрыковіч: “Аб тым, каб зрабіць больш зручным падыход да месца пахавання воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Ключонка, які загінуў у Афганістане, нас папрасіла яго матуля Ганна Тарасаўна. І мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву райвыканкама і сельсавета, работнікам УП ЖКГ, Кубліцкага лясніцтва і іх кіраўнікам Сяргею Герасімёнку, Вадзіму Кальчэўскаму за тое, што дапамаглі абсталяваць на Мажуйскіх могілках прыступкі і поручні”.

Працоўны дэсант Ушацкай школы.

У фінале нашага аповеду можам з упэўненасцю падвесці вынік, што суботнік аказаўся вельмі плённым, ушачане аб’ядналіся, каб зрабіць наш край больш чыстым і акуратным.

Наталля БАГДАНОВІЧ, Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *