31 октября Александр Лукашенко с рабочим визитом посетил Березинский биосферный заповедник

Главное Общество

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка працаваў у Лепельскім раёне, канкрэтна – у Бярэзінскім біясферным запаведніку, які ў гэтым годзе адзначыў векавы юбілей і адносіцца да сістэмы кіравання справамі Прэзідэнта. Месца для Беларусі ўнікальнае ва ўсіх сэнсах. Гэта асабліва ахоўваемая прыродная тэрыторыя з надзвычай багатай флорай і фаунай. Спецыялісты сцвярджаюць, што паветра тут у 300 (!) раз чысцей, чым у Мінску. А сапраўднай жамчужынай запаведніка з’яўляецца вёска Домжарыцы, якая размешчана ў цэнтры вялізнага ляснога масіва. Сёння тут жывуць каля 400 чалавек. Захавана і мадэрнізавана ўся неабходная сацыяльная інфраструктура, уключаючы дзіцячы сад, школу. Вядзецца жыллёвае будаўніцтва. Абноўлена вытворчая база, пабудавалі сучасны цэх перапрацоўкі драўніны.

Узор вёскі будучыні

Домжарыцы сёння – добры ўзор вёскі будучыні і прыклад для ўсіх аграгарадкоў. Так ацаніў убачанае Кіраўнік дзяржавы. Ён азнаёміўся з комплексным развіццём тэрыторыі запаведніка і цэнтральнай сядзібы вёскі, пабываў на новай дрэваапрацоўчай вытворчасці, у Доме экалагічнай асветы.
Запрашэнне наведаць Бярэзінскі біясферны запаведнік Аляксандр Лукашэнка атрымаў у пачатку кастрычніка, калі заслухоўваў даклад кіраўніка справамі Прэзідэнта Юрыя Назарава па развіцці такіх тэрыторый.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з добраўпарадкаваннем цэнтральнай сядзібы, наведаў Дом экалагічнай асветы, дзе яму далажылі аб перспектывах развіцця турызму ў сістэме Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. У цэлым па краіне прыгаданы напрамак у наступнай пяцігодцы павінен стаць нацыянальным праектам, а грашовыя паступленні ад галіны – павялічыцца ўдвая.

У Доме экалагічнай асветы.

Падведамасныя санаторна-курортныя і прыродаахоўныя ўстановы ў гэтым годзе ад турыстычных паслуг прынясуць выручку каля 285 млн рублёў з прыстойнай доляй экспарту паслуг. Кіраўнік спраў Прэзідэнта расказаў аб развіцці гэтай сферы на прыкладзе санаторыя “Сосны”, дзе створаны дадатковыя месцы для размяшчэння, добраўпарадкавана тэрыторыя, мадэрнізавана медбаза, прадастаўляюцца новыя паслугі. Па санаторыях плануецца падвоіць экспарт паслуг. Лічбы рэальныя. Па здраўніцах на прыродаахоўных тэрыторыях выручка ад турыстычных паслуг павялічыцца ў 2 разы да 2030 года.
Аляксандр Лукашэнка агучаныя планы падтрымаў: “У гэта трэба ўкладваць грошы. І, фарміруючы дзяржпраграму, трэба менавіта гэта будаваць, калі на гэта ёсць і будзе попыт”.
У Доме экалагічнай асветы Прэзідэнт з цікавасцю агледзеў музей запаведнай справы – адзіны ў Беларусі, які расказвае пра гісторыю аховы прыроды і навуковыя даследаванні запаведніка.

Стаўка на дрэваапрацоўку

Наступны пункт праграмы рабочай паездкі – дрэваапрацоўчы цэх Бярэзінскага біясфернага запаведніка. За кошт устаноўкі новых вытворчых ліній аб’ёмы перапрацоўкі тут павінны ўзрасці з 44 тысяч кубаметраў да 60 тысяч у год. Рост прыбытку плануецца больш чым у 3,5 раза, рэнтабельнасці – з 10 да 19 працэнтаў. Экспарт павінен павялічыцца з 1,8 млн да 3 млн долараў. Ужо цяпер прадукцыя прадпрыемства паспяхова прадаецца ў шэрагу краін СНД і нават у Кітаі. Па падліках спецыялістаў, тэрмін акупнасці праекта па мадэрнізацыі – 3,5 года. Прэзідэнт ставіць задачу: “Такія вытворчасці трэба тыражыраваць, бо акупнасць высокая. Віцебскую вобласць трэба “натыкаць” такімі вытворчасцямі”.
Акрамя вырабу якаснай будаўнічай дошкі, на прадпрыемстве наладзілі вытворчасць садовай мэблі і нават драўляных вырабаў, якія запатрабаваны ў побыце, напрыклад, апрацоўчыя дошкі.

Цэх перапрацоўкі драўніны – прыклад для астатніх.

Як развіваць аграгарадкі і турызм

Што датычыцца развіцця і добраўпарадкавання Домжарыц, Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў убачанае: “Дай бог, каб у нас такія былі аграгарадкі. Малайцы, што зрабілі такую вёску. Гэта правільна, гэта будучыня. Я буду прапагандаваць, каб людзі прыязджалі сюды і вучыліся, як развіваць аграгарадкі. Гэта ўзор, якой павінна быць вёска, якую мы хочам захаваць”.

Кіраўнік дзяржавы даручыў па-гаспадарску развіваць тэрыторыі запаведнікаў, займацца там не толькі прыродаахоўнымі мерапрыемствамі, параіў мясцовай уладзе будаваць, ствараць у запаведніку турыстычныя аб’екты, арганізоўваць месцы адпачынку для людзей: “Не трэба гэтай крутасці. Трэба ўсё зямное. Бліжэй да прыроды! Людзі нашы яшчэ не ацанілі і не зразумелі, дзе яны жывуць. Святое месца”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Наталля МАРКОВІЧ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
“У каторы раз Прэзідэнт агітуе суайчыннікаў на карысць вясковага побыту, жыцця за горадам, свайго кавалачка зямлі, дзе можна і знайсці сабе справу па душы, і дыхаць свежым паветрам, любавацца прыгажосцю беларускай прыроды. Але для гэтага неабходна ствараць умовы. Што і робіцца ў нас у Беларусі з году ў год. Калі ўсё ж акцэнтаваць увагу на Домжарыцах, то для справядлівасці варта адзначыць, што населенаму пункту пашанцавала: акрамя таго, што намаганнямі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, а таксама саміх вяскоўцаў створаны камфортны сельскі куток, дык яшчэ і размешчаны ён ва ўнікальным прыродным месцы. А вось другое, што ўжо пад сілу любому з аграгарадкоў – гэта здольнасць развіваць прыдатныя прапісцы вытворчасці акрамя сельскагаспадарчых. У Домжарыцах гэта дрэваапрацоўка, што цалкам зразумела і правільна: бо размешчаны яны ў выдатнай сыравіннай зоне. Але і ў іншых буйных вёсках ёсць магчымасць арганізаваць і развіваць невялікія вытворчасці, якія могуць быць прыбытковымі і выгаднымі. Калі казаць пра Ушаччыну, то ў нас ёсць усе перадумовы для развіцця турызму і менавіта на гэта робіцца стаўка ў апошнія гады. Ушацкай прыродзе, вялікай колькасці азёр можна пазайздросціць!”

Дар’я МІЛАЯ, дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Ушацкага раёна:
“У распрацаванай Стратэгіі развіцця Ушацкага раёна шмат увагі ўдзелена турызму, і гэта вельмі правільна. Цікавасць да нашага края расце, усё больш турыстаў прыязджае на Ушаччыну. Спрыяюць гэтаму і нашы вядомыя брэндавыя патрыятычныя і спартыўныя мерапрыемствы. Але нямала і тых, каго прыцягвае проста ўнікальная прырода. Мы прывыклі да чыстага паветра і прыгожых краявідаў, а для жыхароў буйных гарадоў – гэта дзіўна і ўнікальна. Пазітыўна ўспрымаю словы Кіраўніка дзяржавы аб тым, што турызм у наступнай пяцігодцы павінен стаць нацыянальным праектам, і наша ўстанова пастараецца гэтаму спрыяць”.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *