Диалог, полезный для всех. Что волнует жителей деревни Ковалевщина Ушачского района?

Общество

Уменне і неабходнасць весці жывы дыялог з людзьмі, непасрэдна на месцах садзейнічаць аператыўнаму вырашэнню надзённых праблем жыхароў – абавязковае патрабаванне для прадстаўніка ўлады. На такія прыярытэты ў рабоце з насельніцтвам нацэльвае кіраўнікоў усіх узроўняў Прэзідэнт нашай краіны, адпаведнай палітыкі прытрымліваецца і кіраўніцтва раёна. А таму натуральна, што ў працоўным графіку старшыні раённага Савета дэпутатаў Вольгі Мікалаеўны Захарэнка амаль штодня запланаваны візіты ў розныя населеныя пункты раёна. Каб дыялог з іх жыхарамі быў больш канструктыўны, у некаторыя паездкі яна запрашае кіраўнікоў раённых службаў: такім чынам людзі могуць з першых вуснаў пачуць адказы на самыя хвалюючыя пытанні.

У бягучым месяцы свае праблемы разам са старшынямі раённага Савета дэпутатаў і Сарочынскага сельвыканкама, кіраўнікамі жыллёва­камунальнай і дарожнай службаў абмяркоўвалі жыхары Кавалеўшчыны. Гэты населены пункт для візіту быў абраны невыпадкова: вёска належыць да Ваўчэнскай выбарчай акругі №21, і яе жыхары з’яўляюцца выбаршчыкамі Вольгі Мікалаеўны, таму старшыня раённага Савета дэпутатаў асабліва зацікаўлена ў тым, каб літаральна ўсе пытанні вяскоўцаў вырашаліся станоўча. А ў жыхароў Кавалеўшчыны яны ўзнікаюць, аб чым сведчаць перыядычныя звароты да раённага кіраўніцтва па “прамых тэлефонных лініях”.

Набалелай праблемай з’яўляецца ўтылізацыя бытавых адходаў. Жыхары, якія працуюць у райцэнтры, возяць пакеты са смеццем у бліжэйшыя кантэйнеры, астатнія ўтылізуюць адходы па прынцыпе “як прыйдзецца”. Дырэктар УП ЖКГ С.Б.Завадскі патлумачыў вяскоўцам, што для абсталявання ў іх населеным пункце кантэйнернай пляцоўкі трэба напісаць заяву, пасля чаго будзе заключаны дагавор і вызначана месца ўстаноўкі, якое павінна задаволіць усіх жыхароў вёскі. Аплата ж гэтай паслугі будзе залежыць ад колькасці людзей, якія мусяць ёй карыстацца. Зараз паслуга па вывазе смецця пераведзена на 100­працэнтную аплату па сабекошце, аднак, як паказвае практыка ўстаноўкі кантэйнераў у падобных вёсках, жыхарам яна абыходзіцца прыкладна ў 10­20 тысяч за месяц. Суму ніяк не назавеш астранамічнай, тым не менш нават сярод сабраўшыхся на сустрэчу вяскоўцаў знайшліся тыя, хто катэгарычна адмовіўся карыстацца кантэйнерамі і, адпаведна, плаціць за вываз смецця. У сувязі з гэтым старшыня сельвыканкама Л.Я.Птушка нагадала, што такія грамадзяне будуць знаходзіцца пад асаблівай увагай кантралюючых службаў, і калі парушаць санітарныя правілы, атрымаюць штраф. С.Б.Завадскі прапанаваў яшчэ адзін варыянт рашэння пытання: калі не ўдасца дамовіцца наконт устаноўкі кантэйнераў, можна заключыць дагавор на абслугоўванне смеццявозам, які будзе прыходзіць па выбраным вяскоўцамі графіку – зразумела, гэта паслуга таксама платная.

Як і ў большасці населеных пунктаў, ёсць у жыхароў Кавалеўшчыны нараканні на стан дарог. Як патлумачыў дырэктар ДРБУ­105 А.І.Коцур, сродкі на планавы рамонт у апошні час не выдзяляюцца, а што датычыцца грэйдзіравання і чысткі ад снегу цэнтральнай дарогі населенага пункта, то гэтыя работы праводзяцца рэгулярна. Па словах кіраўніка прадпрыемства, каля года таму ажыццяўлялася і яе падсыпка. Куды горшы стан дарогі на так званы “пасёлак”, дзе жыве значная частка вяскоўцаў. Яна не знаходзіцца на балансе ДРБУ, і рашыць пытанне з прывядзеннем яе ў лепшы стан няпроста – магчыма, варта будзе задзейнічаць сродкі самаабкладання. А вось яшчэ адно “транспартнае” пытанне, хочацца спадзявацца, будзе вырашана на працягу бягучага года. Ва ўсялякім выпадку, менавіта такі тэрмін вызначыў А.І.Коцур на ўстаноўку прыпыначнага пункта, які плануецца размясціць ля павароту на Кавалеўшчыну. І тады жыхары вёскі будуць мець аўтобусныя зносіны з райцэнтрам: разглядаюцца два магчымыя варыянты: або ў некаторыя дні да гэтага прыпынку будзе працягнуты гарадскі маршрут, або ў чацвер ці пятніцу тут будзе прыпыняцца аўтобус Ушачы­Мосар.

– Безумоўна, падобныя сустрэчы з’яўляюцца карыснымі для ўсіх бакоў, і практыка “жывога” дыялогу прадстаўнікоў улады з людзьмі абавязкова атрымае працяг у іншых населеных пунктах раёна, – разважае В.М.Захарэнка. – Канечне, далёка не ўсё, чаго жада­юць вяскоўцы, можа быць рэальна і хутка выканана. Да таго ж, многія мясцовыя пытанні людзі здольныя вырашыць самі – напрыклад, арганізаваўшы суботнік па добраўпарадкаванні, як гэта робіцца ў шэрагу вёсак раёна. У гэтым плане вельмі многае залежыць ад старэйшыны населенага пункта, яго аўтарытэта і арганізатарскіх здольнасцяў, ну а ў першую чаргу, безумоўна – ад жадання саміх жыхароў зрабіць сваю вёску больш прыгожай і ўтульнай.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *