Как бороться с борщевиком?

Экология

Прачытаў у “Патрыёце” артыкул вучня нашай Глыбачанскай школы Мішы Сапегі – і мне стала прыкра, што часам расліны могуць “атручваць” жыццё людзям. А адбываецца гэта таму, што мы не ведаем свайго “ворага”, хоць прэса, у тым ліку і “Патрыёт”, шмат пісала і піша пра гэтую расліну. Баршчэўнік для Беларусі расліна новая: яе радзіма – паўночная Грузія і Стаўраполле. Калі я адпачываў у Есентуках, то ў наваколлі часам сустракаў гэтую расліну, але нідзе не чуў, каб мясцовыя жыхары пракліналі яе, як у нас.

У 70-я гады мінулага стагоддзя я пазнаёміўся з гэтай раслінай, калі працаваў аграномам саўгаса “Глыбачаны”. У той час дырэктарам працаваў Пётр Ніканоравіч Плаксіцкі. Ён не толькі літаральна перабудаваў нашу вёску, ператварыўшы яе ў горад, але і падняў вытворчасць. У той час асноўнай сіласнай культурай у нас была кукуруза. Сілас з яе атрымліваўся добры, але яна давала толькі 100-150 цэнтнераў з гектара. І Пётр Ніканоравіч пачаў шукаць больш ураджайныя сіласныя культуры. З горада Суйда, дзе размяшчалася апорная база Ленінградскага сельгасінстытута, было завезена шмат кармавых культур і ў іх ліку баршчэўнік Сасноўскага, які і стаў пасля выпрабавання асноўнай сіласнай культурай, таму што ён даваў па 1000-1200 цэнтнераў з гектара зялёнай масы і патрабаваў разоў у пяць менш угнаенняў, чым кукуруза.

І саўгас за 3-4 гады ўдвоіў вытворчасць мяса і малака, знізіўшы іх сабекошт. Але высяваючы баршчэўнік на сілас, мы заўважылі, што ён хутка распаўсюдзіўся ў наваколлі і яго няпроста знішчыць. Давялося вывучыць яго біялогію, прычым выявілася, што ён монакарпік, а гэта значыць, што пладаносіць ён адзін раз у жыцці, пасля чаго расліны, што адпладаносілі, гінуць. А пладаносіць ён на 3-7-м годзе жыцця. А гэта значыць, што карчаваць яго няма сэнсу: не больш як за 7 гадоў усе яго зараслі загінуць пры ўмове, калі не даць абсыпацца насенню. А зрабіць гэта прасцей за ўсё, калі ссякаць адцвіўшыя, але не выспеўшыя яшчэ (каб не давалі ўсходаў) ягоныя семкі. Ссякаць адцвіўшыя расліны трэба ў фазе так званай малочна-васковай спеласці. У нашай зоне адцвіўшыя расліны баршчэўніку трэба ссякаць у першай дэкадзе ліпеня. Калі гэта зрабіць раней, то адцвіўшыя расліны не загінуць, а дадуць новыя кветканосы-парасонікі, а калі пазней, то семкі такіх раслін, абсыпаўшыся, дадуць новыя ўсходы.

Вось і ўвесь сакрэт: карчаваць баршчэўнік не трэба: ён сам сябе “выкарчуе” і на любой яго плантацыі максімум праз 7 гадоў, а практычна праз 4-5 – баршчэўніку не будзе.

Так што я не раю Мішу Сапегу ісці на “карчоўку” – трэба пачакаць месяц.

Яўген АКСЯНОВІЧ.

Ад рэдакцыі: Яўген Васільевіч прапанаваў стварыць атрады, якія падчас цвіцення баршчэўніку ссякалі б кветканосы. Зараслі расліны такім чынам давядзецца пацярпець, але пры сістэмнай рабоце праз пяцігодку расліна, па меркаванні агранома, вырадзіцца сама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *