Владелец крестьянско-фермерского хозяйства «ЛитАл» Алексей Литвин приглашает в свою агроусадьбу единомышленников

Ушаччина туристическая

Ён лічыць сябе прафесійным прадпрымальнікам, суткі на тыдні пасціцца і ведае сотню карысных рэцэптаў, пакінуў шумную сталіцу і вярнуўся ў роднае Зарэчча, можа паказаць, дзе знаходзіўся горад Крэчат, устанавіў крыж на месцы былой царквы, прадумаў адметную ад іншых турыстычную “начынку” для сваёй аграсядзібы. Няпоўны пералік адметнасцяў уладальніка сялянска-­фермерскай гаспадаркі “ЛітАл” Аляксея Аляксандравіча Літвіна, пра кожнае з якіх можна пісаць асобны артыкул, ну а сёння мы проста паспрабуем намаляваць партрэт гэтага патрыёта сваёй малой радзімы.

Атрымаць такую спадчыну і не задумацца аб турызме, сапраўды грэх. Зарэчча, што прапісалася паміж возерам і ракой, з даўніх часоў было ўлюбёным месцам дачнікаў. Яшчэ ў першую хвалю адраджэння вёскі ў канцы 80­х тут набывалі домікі масквічы і піцерцы, тут пісаў карціны і ствараў свой музей мастак  Уладзімір Маскоўскіх, ну і ўшачане не імкнуліся пазбавіцца ад доміка ў гэтай вёсцы. У Літвіноў так і стаіць бацькоўская хата на ўскрайку вуліцы, а насупраць, праз дарогу, ля самага возера і лазня. Каб ёй не было сумна, побач пабудаваў свой гасцявы дом і Аляксей Аляксандравіч. Усё з добрага драўлянага бруса: кухня, спальныя пакоі, лесвіца і тэрасы. Усё дабротна і прыгожа. У холе багаты камін, прасторна і ў лазні з парылкай. Карацей кажучы, умовы тут, сам­насам з дзікай прыродай, як у атэлі мінімум з трыма зоркамі. А калі ўлічыць, што вось яно ў акне, у метры ад дзвярэй – возера, што няма натоўпаў турыстаў, то напэўна і на ўсе пяць пацягне.

Не мог не падумаць пра турызм наш герой, тым больш што прафесійны прадпрымальнік. Прафесійны, таму што скончыў у свой час інстытут народнай гаспадаркі (дарэчы, паступіў туды асэнсавана, 9 гадоў адпрацаваўшы рабочым на заводзе) і сур’ёзна займаўся будаўнічым бізнесам. Вялікія грошы, уплывовыя знаёмыя, багацце, страты і здраду, усё гэта прайшоў Аляксей Аляксандравіч, усім перахварэў. І сёння хоць і мае мноства дзелавых сувязяў, пры неабходнасці выязджае ў сталіцу, аднак я б сказала, што крэда памяняў. Ён хутчэй не прадпрымальнік, а філосаф, таму што не грошы, зусім не грошы з’яўляюцца жыццёвай каштоўнасцю. Ён і падліча, і ацэніць, аднак жыве змястоўней, сваім багатым унутраным я.

– Запрашаць да сябе я мяркую выбарачных турыстаў, далёка не ўсіх. Хачу, каб гэта былі сябры, знаёмыя, аднадумцы, людзі, з якімі б было цікава паразмаўляць. Я і таксу вызначаць не збіраюся. Кожны заплаціць столькі, колькі палічыць патрэбным. Яшчэ хачу абавязкова зрабіць паласу здароўя, каб людзі прыязджалі сюды аздараўляцца: актыўны лад жыцця, спакой, прыгожыя краявіды, здаровая простая ежа.

Сам Аляксей Аляксандравіч менавіта так і жыве. Усё проста і набліжана да таго, як было ў нашых продкаў. Многа фізічна працуе і ходзіць пешшу, адціскаецца 64 разы ад падлогі, надае перавагу кашам, агародніне. Кажа, што аб’ехаўшы паўсвету, у любым кутку першае, што ён рабіў – вызначаў маршрут для прабежак. На сабе перакананы, што няма нічога здаравей і лепей для арганізма, чым натуральныя малочныя прадукты, якія пастаянна і ў любым узросце елі нашы дзяды. Дарэчы, дзяды Аляксея Аляксандравіча пражылі за сто год. Таму абвяргае трактаты пра шкоду малака ў сталым узросце. Нават сур’ёзныя распіраторныя захворванні ён лечыць дзедаўскімі спосабамі, надаючы перавагу такім прадуктам, як таплёнае каровіна масла, барановы тлушч, мёд. Абавязкова робіць кактэйль Болатава, які настойваецца на сываратцы. Гэты і ўсе астатнія далікатэсы даюць свае кароўкі і авечкі, якіх трымаў і па 140 галоў. З бараніны для гасцей уласнаручна рыхтуе шыкоўнае рагу з агароднінай.

Аляксей Аляксандравіч паведаў вельмі многа карысных парад, а дакладней, адказваў на ўсе пытанні па самых розных захворваннях. Літаральна кожная травіна, што расце побач, мае гаючыя ўласцівасці і дзеліцца імі з чалавекам.   Лячыцца так, канечне, складаней, чым выпіць таблетку, як і наогул складана трымаць сябе ў руках і не дазваляць празмернасці. Ну а пра Аляксея Аляксандравіча ведаюць далёка за межамі раёна, паколькі ў спецыяльных часопісах і газетах пра здаровы лад жыцця ён таксама расказвае пра свае спосабы падтрымліваць сябе ў форме. Выглядае ж гэты хударлявы рухомы малады пенсіянер маладжава і галоўнае, цела жыве гарманічна з душой.  Мабыць таму, што некалі сумаваць, ён пастаянна заняты. Хапае спраў і па гаспадарцы, і ў гасцявым доміку, дзе вельмі многае зроблена ўласнымі рукамі, і ў наваколлі. Не дае Аляксей Аляксандравіч разгуляцца баршчэўніку, прычым не толькі на сваёй тэрыторыі, але і побач. “Хто, калі не я”, – кажа.

Вельмі прыемна, што ад другога ўшачаніна, які вырашыў займацца турызмам, пачула гэтую фразу. Гэта пра адносіны да сваёй зямлі. А напэўна інакш і быць не можа – той, хто прапагандуе прыгажосць свайго кутка іншым, і павінен  па­асабліваму любіць яе сам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *