Какая работа проводится на Ушаччине для привлечения туристов и отдыхающих?

Ушаччина туристическая

Пытанню рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная” на 2016-­­2020 гады ва Ушацкім раёне надаецца значная ўвага. Што сёлета зроблена ў гэтым накірунку? Як зараз выглядае экспарт турыстычных паслуг раёна і якія моманты трэба ўлічыць, каб завяршыць год з загадзя намечанымі вынікамі? Гэтыя і некаторыя іншыя пытанні разглядалі на бягучым тыдні ўдзельнікі каардынацыйнага савета: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.Сыроўчанка, іншыя спецыялісты турыстычнай галіны раёна, а таксама прадстаўнікі арганізацый, якія аказваюць грамадзянам названыя паслугі.

А абмеркаваць ім, сапраўды, было што. Сёлета ў раёне праведзена значная колькасць мерапрыемстваў турыстычнага напрамку – у іх прынялі ўдзел больш за 3600 чалавек. Нашы прадстаўнікі прымалі ўдзел у конкурсах, семінарах, выставах самага рознага ўзроўню, у тым ліку міжнароднага. Усе мы памятаем і тое, як гасцінна сустракала Ушаччына прадстаўнічую латвійскую дэлегацыю. Прыцягненню ў наш край турыстаў садзейнічалі адкрыццё ў вёсцы Замошша новай аграэкасядзібы “Марусіна хатка”, праведзенае добраўпарадкаванне кемпінга на базе “Мікалаеўскага пасада”, санаторыя “Лясныя азёры”, а таксама стварэнне разнастайнай рэкламнай прадукцыі – брашур, сувеніраў, карт Ушацкага раёна. Дарэчы, яна карыстаецца значнай папулярнасцю – ад яе рэалізацыі сёлета атрымана больш за 1200 дэнамінаваных рублёў.

І ўсё ж цалкам станоўчай сітуацыю з развіццём турыстычнай галіны раёна пакуль не назавеш. Праблемным пытаннем застаецца невыкананне аб’ёму экспарту турыстычных паслуг. Адолеў вызначаны план лясгас – праўда, у агульнай суме ўклад арганізацыі ў экспарт аказаўся нязначным. Не справіліся з заданнем па атрыманні прыбытку ў 1 тысячу долараў жыллёва­­камунальная гаспадарка, ТДА “ВікінгТурыстык”, раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Неаптымістычна выглядае сітуацыя ў санаторыі “Лясныя азёры” – галоўнага экспарцёра турыстычных паслуг на Ушаччыне. Зараз тут не назіраецца такога ажыятажу на адпачынак, аздараўленчыя працэдуры, які быў некалькі гадоў таму. На сённяшні дзень здраўніца запоўнена толькі напалову. Пра канкрэтныя крокі па прыцягненні адпачываючых расказала кіраўнік установы М.А.Калядка. Ужо наладжана супрацоўніцтва здраўніцы з такімі буйнымі прадпрыемствамі краіны, як “Мілавіца”, “Нафтан”, “Каапгандаль”. Інфармацыя пра санаторый актыўна распаўсюджваецца як у Беларусі, так і ў многіх гарадах Расіі (сярод адпачываючых 70 працэнтаў – жыхары менавіта гэтай краіны). А зняты нядаўна фільм пра ўшацкую здраўніцу паглядзець можа любы жадаючы – на відэахостынгу “YouTube”, сайтах санаторыя і газеты “Патрыёт”.

Падводзячы вынікі сустрэчы, І.Ф.Сыроўчанка адзначыла, што ў няпростай эканамічнай сітуацыі трэба максімальна ўважліва падыходзіць да кожнай магчымасці прыцягнуць на Ушаччыну турыстаў. У прыватнасці, развіваць аб’екты прыдарожнага сэрвісу, добраўпарадкоўваць зоны адпачынку, а таксама рэкламаваць турыстычны патэнцыял раёна, у тым ліку праз аказанне насельніцтву экскурсійных паслуг.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *