Ушачанин Артём Горбатенко принял участие в 10-ом Минском полумарафоне

Cпорт

Для большасці з нас (асабліва для тых, каго заданне фізрука прабегчы тры кругі па стадыёне прыводзіла ў роспач) паняцце “марафон” – гэта нешта звышнатуральнае, элітна-алімпійскае. І нават калі далучыць да назвы прыстаўку “паў-” і адпаведна зменшыць класічную 42-кіламетровую дыстанцыю ўдвая – усё роўна атрымліваецца “непад’ёмная” адлегласць. Аднак мерапрыемства, пра якое мы мусім расказаць, даказвае, што пераадоленне такой трасы можа стаць яркім і масавым святам, аб’яднаць прафесійных бегуноў і простых аматараў здаровага ладу жыцця, паказаць, што беларусы – спартыўная і пазітыўная нацыя!

Размова ідзе пра Мінскі паўмарафон, які ў мінулую нядзелю прайшоў у беларускай сталіцы. Адна з самых маштабных падзей спартыўнага года сабрала больш 25 тысяч удзельнікаў з 15 краін свету. Сёлета ў яго рамках ладзіліся забегі на розныя дыстанцыі: навічкі маглі паспрабаваць сябе на трох- і пяцікіламетроўцы, сямейным старце на 1500 метраў, больш падрыхтаваныя бегуны заявіліся на дыстанцыю 10,5 кіламетра. Малодшаму ўдзельніку спартыўнага свята не было і года, а старэйшаму споўнілася 95.

Самым прэстыжным, канечне, быў паўмарафонскі забег і прыемна, што на яго старт выйшаў і прадстаўнік нашага раёна Арцём Гарбаценка (на здымку злева). Начальнік Ушацкага ўчастка электрасувязі са спортам сябруе з дзяцінства, а асаблівыя яго дасягненні звязаны з футболам: гуляў за моцныя прыдзвінскія клубы, а сёлета, напрыклад, выступаў за віцебскі “Газавік” і стаў уладальнікам “бронзы” ў групе “А” чэмпіянату вобласці. Вядома ж, для футбаліста бегавая падрыхтоўка – ключавы элемент: як сведчыць статыстыка, за матч палявыя ігракі пераадольваюць у сярэднім па 10 кіламетраў. Але прабегчы ўдвая больш і на максімальнай хуткасці – справа зусім іншая…

Паўдзельнічаць у паўмарафоне Арцём марыў даўно і вось сёлета падаў заяўку. Кажа, што хацеў выпрабаваць сябе і акунуцца ў атмасферу свята.

– Падрыхтоўка, канечне, неабходна. Для мяне прабежкі некалькі раз на тыдні па ўшацкіх дарогах – выдатны спосаб адпачыць пасля напружанага працоўнага дня. Проста трэба знайсці свой тэмп і старацца яго прытрымлівацца, – распавядае Арцём. – Стартавалі мы ля стадыёна “Дынама”, дыстанцыя праходзіла па цэнтральных вуліцах Мінска – Палац Незалежнасці, іншыя славутасці – атмасфера проста неверагодная, адчуваеш гонар за сваю краіну, за людзей, якія побач, хочацца бегчы і бегчы! Цяжкавата стала хіба што на апошніх 3-4-х кіламетрах, але эмоцыі былі такія пазітыўныя, што гэта дадавала сіл. А фініш на бегавых дарожках галоўнага стадыёна краіны дакладна запомніцца на ўсё жыццё! Задаўся мэтай: у наступным годзе вярнуцца яшчэ больш моцным і палепшыць паказаны вынік!

Дарэчы, кожны з удзельнікаў паўмарафона атрымаў памятны медаль, а самых крэатыўных бегуноў, якія выйшлі на трасу ў яркіх вобразах (былі тут і “юныя піянеры”, і Бэтмэн, і нават Дзядуля Мароз са Снягуркай) арганізатары адзначылі падарункамі. Цікавым новаўвядзеннем стаў праект “Палавінка на паўмарафоне”: несямейныя мужчыны і жанчыны маглі апрануць на руку бранзалет блакітнага ці ружовага колеру і завесці знаёмствы. Як падкрэсліў старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан, магчыма, у бліжэйшым будучым Мінскі паўмарафон стане пляцоўкай для прызнання ў каханні і стварэння сям’і. Бо спорт – гэта мір, сяброўства і яднанне!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *