Большой потенциал депутатского корпуса. Депутаты всех уровней на очередной сессии обсуждали вопросы, которые касаются каждого жителя Ушаччины

Общество

У мінулую пятніцу, 18 верасня, у гарпасёлку адбылося маштабнае мерапрыемства – упершыню прайшоў раённы сход дэпутатаў мясцовых Саветаў дваццаць сёмага склікання, на якім прысутнічалі народныя абраннікі ўсіх узроўняў: ад самага нізавога – дэпутатаў сельскіх Саветаў дэпутатаў – да прадстаўнікоў Ушаччыны ў Ніжняй і Верхняй палатах беларускага Парламента. У сходзе прынялі ўдзел наш дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар даччынага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Дзяржбудэкспертыза па Віцебскай вобласці” Мікалай Мікалаевіч Канявалаў.

На сумеснае пасяджэнне сходу дэпутатаў, а таксама сямнаццатай сесіі Ушацкага раённага Савета дэпутатаў былі запрошаны прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага мясцовага кіравання – старэйшыны вёсак, члены раённага выканаўчага камітэта і начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў усіх форм уласнасці, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і кіраўнікі рэлігійных арганізацый усіх канфесій, якія зарэгістраваны ў раёне. Першыя рады залы былі адведзены тым, каму ў хуткім будучым вырашаць лёс краіны – членам Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна.

У зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці былі запоўнены ўсе месцы, і пры такім вось шырокім удзеле грамадскасці абмяркоўваліся пытанні, якія датычацца літаральна кожнага жыхара Ушаччыны: выкананне Праграмы сацыяльнаэканамічнага развіцця Ушацкага раёна на 2011-2015 гады і стане спраў на падведамаснай тэрыторыі; аб рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў 27 склікання па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва; аб ходзе выканання ва Ушацкім раёне Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, а таксама Закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва. Была абмеркавана і зацверджана інструкцыя аб прысваенні звання “Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна”. Гэта была ўнікальная магчымасць задаць пытанні жыхароў свайго населенага пункта ці то дэпутатам, ці прадстаўнікам выканаўчай улады. І ўдзельнікі форуму ёй скарысталіся. На працягу трох гадзін вялося ажыўленае абмеркаванне па сутнасці будучыні Ушаччыны і ўсёй Беларусі.

Прыцягваць інвестыцыі, шукаць рынкі збыту

Старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч падрабязна азнаёміў з выкананнем Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за пяцігодку, падкрэсліўшы як выкананыя напрамкі, так і няздзейсненыя. Напрыклад, будзе выканана праграма па вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах, экспарце тавараў і намінальнай налічанай заработнай плаце. Чакаецца, што ў канцы 2015 года яна складзе 4650 тысяч рублёў, планавалася 4583,7. Па такіх паказчыках, як экспарт тавараў па тэрыторыі, паслуг, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, рознічны тавараабарот гандлю і грамадскага харчавання, увод у эксплуатацыю жылля заданне хоць і не выканана, аднак забяспечана іх станоўчая дынаміка. А вось у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не ўдалося захаваць тэмпы росту 2010 года. (Падрабязна пра выкананне Праграмы мы раскажам у бліжэйшых нумарах).

Сугучным тэме першага пытання было і выступленне Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Спікер Парламента агучыў перад актывам раёна тыя задачы, без вырашэння якіх рэспубліцы проста не застацца на плыву. Асноўнае – гэта выпуск канкурэнтаздольнай якаснай прадукцыі, паколькі краіне, каб мець валюту, развівацца, неабходна прадаваць 70 працэнтаў ад выпускаемага. Гэта зусім няпростая задача, паколькі кожная дзяржава думае пра развіццё ўласнай вытворчасці і не стаіць на месцы. Не застаюцца ўстойлівымі і традыцыйныя рынкі збыту. Прывёў У.П.Андрэйчанка прыклад будаўніцтва ў Пскоўскай вобласці свінакомплексу, які па аб’ёме выпуску свініны раўняецца ўсім комплексам нашай краіны. Таму зараз так актыўна вядзецца Прэзідэнтам, урадам, парламентарыямі пошук новых рынкаў збыту.

На яскравых прыкладах Уладзімір Паўлавіч паказаў тыя незанятыя нішы, якія па плячы прыватнаму сектару: “Уявіце сабе, палачкі для марожанага мы завозім з Украіны, трацім валюту, што перашкаджае заняцца іх выпускам на Ушаччыне – лясным краі”. Малы бізнес у раёне займае пакуль што толькі 19 працэнтаў у аб’ёме выручкі (дарэчы, Праграмай было запланавана 16,8), тады як у краінах Еўрасаюза ён дасягае 70. Менавіта на прыватную ініцыятыву, прыцягненне інвестыцый, адкрыццё новых вытворчасцей, развіццё аграэкатурызму, стварэнне дадатковых працоўных месцаў і разлічвае краіна, у якой і далей будуць стварацца ўмовы для развіцця малога бізнесу.

Дарэчы, перш чым пачалося пасяджэнне, Уладзімір Паўлавіч азнаёміўся з выставай дасягненняў Ушаччыны ў фае. Ён разглядаў прадукцыю, цікавіўся праблемамі і літаральна кожнаму настойліва раіў шукаць дадатковыя рынкі збыту, выходзіць за межы раёна. “Я абавязкова пабываю на прадпрыемстве, калі патрэбна мая падтрымка – паспрыяю вырашэнню пытання”, – такімі словамі заканчвалася размова з прадстаўнікамі кожнага прадпрыемства.

А дапамагаў і дапамагае раёну Уладзімір Паўлавіч нямала. Добра вядомы яму агароднінасушыльны завод, мадэрнізацыя на якім праводзілася пры падтрымцы дэпутата, таму і засмучае дэпутата, што не працуе прадпрыемства ў тры змены, як планавалася.

Раён скасаваны не будзе
Уладзімір Паўлавіч адказаў і на пытанне, якое час ад часу пачынае актыўна абмяркоўвацца ўшачанамі – аб скасаванні Ушацкага раёна як адміністрацыйнай адзінкі. “Такое пытанне нават не падымалася і з’яўляецца яўным домыслам мясцовага насельніцтва. Мы добра ведаем, што ліквідацыя раённых цэнтраў прыводзіць да заняпаду тэрытарыяльнай адзінкі, міграцыі насельніцтва, што і стала, напрыклад, з Улай, Дзісной і іншымі былымі раённымі цэнтрамі. Больш таго, ва Ушаччыну ўкладаюцца вялікія грашовыя сродкі, каб тут працавала і годна жыла моладзь. У вас будзе пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, аналагаў якому няма на Віцебшчыне, мяркую, што ў наступным годзе мы адсвяткуем наваселле. Мы адрамантавалі раённую бальніцу, школу, сёлета – адзін з дзіцячых садоў, праклалі людзям газ, водаправод. Усё гэта было не пад сілу раённаму бюджэту, улічваючы яго датацыйнасць. Давайце прадумаем, якія аб’екты яшчэ патрэбны, і ўключым іх у планы. Аднак і самім трэба павышаць прыбытковасць прадпрыемстваў, павялічваць даходы раёна, якія і ідуць на сацыяльныя патрэбы насельніцтва.

Ля выставы твораў нашых знакамітых землякоў парламентарыі прыгадалі славутых пісьменнікаў Ушаччыны. “Вось і чакаюць ушачане, каб і наш раён стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства, – узняла пытанне старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Уладзімір Паўлавіч пагадзіўся, што літаратурная спадчына Ушаччыны дае для гэтага падставу.

Вельмі многія аспекты развіцця раёна абмяркоўваліся на сходзе. Скарысталася магчымасцю задаць пытанне, хвалюючае мясцовае насельніцтва, і старэйшына вёскі Двор Пліна Надзея Восіпаўна Дунец. “Развейце нашы хваляванні наконт закрыцця мясцовай школы”. Старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч падкрэсліў, што раённая ўлада на працягу апошніх гадоў не ідзе на аптымізацыю сеткі школьных устаноў. Не збіраюцца і ў адносінах Плінскай школы, было б толькі каму яе наведваць. Дарэчы, такая ж, адмоўная, пазіцыя як кіраўніцтва раёна, так і У.П.Андрэйчанкі і наконт аптымізацыі іншых сацыяльных аб’ектаў. Аднак магчыма гэта будзе толькі пры выкананні адной з асноўных задач Праграмы – спынення негатыўнай дэмаграфічнай тэндэнцыі.

Працаваць на апераджэнне, быць прыкладам

Выступленне старшыні райсавета В.М.Захарэнка аб рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў 27 склікання па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва датычылася практычна кожнага, хто прысутнічаў у зале – 110 дэпутатаў раённага і сельскіх Саветаў. З красавіка 2014 года на 16 сесіях раённага Савета і 57 сельскіх было разгледжана адпаведна 77 і 134 пытанні. Прайшло 16 пасяджэнняў прэзідыума і 27 пасяджэнняў пастаянных камісій. Дэпутаты ўсіх узроўняў праводзяць асабістыя прыёмы – для гэтага вызначаны адзіны дзень – кожны другі аўторак месяца, сходы грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах, “прамыя тэлефонныя лініі”, робяць дэпутацкія запыты, звароты. Яны наперадзе ва ўсіх грамадска-палітычных кампаніях, раённых мерапрыемствах, святах вёсак, сельскіх сходах, падчас Дзён работы з насельніцтвам. Быць адзіным механізмам з органамі выканаўчай улады, вывучаць праблемы насельніцтва, прыцягваць грамадзян да ўсіх праводзімых мерапрыемстваў па паляпшэнні жыццядзейнасці, навядзенні парадку на зямлі – галоўная задача кожнага народнага абранніка, а таксама старэйшын вёсак. Вольга Мікалаеўна прыгадала многа прыкладаў удалага спалучэння агульнай работы. Дзякуючы старэйшыне вёскі Гарадзец Валянціне Пятроўне Валяйцёнак і актыўнасці жыхароў па зборы сродкаў самаабкладання для жыхароў вёскі пабудаваны мост, праведзена добраўпарадкаванне. Старэйшына вёскі Пятніцы Пётр Іванавіч Грышчанка арганізаваў суботнік на могілках, сочыць за станам дарогі да іх, па яго звароце на аўтобусным прыпынку быў пабудаваны крыты павільён. Мікалай Алегавіч Рахманенка, Таццяна Барысаўна Бондарава, Андрэй Мікалаевіч Малахаў, Любоў Антонаўна Мікіцевіч, Людміла Іванаўна Крывёнак – гэта далёка не поўны спіс дэпутатаў сельскіх Саветаў дэпутатаў, сапраўдных актывістаў і памочнікаў старшыняў сельвыканкамаў у вырашэнні мясцовых пытанняў. А аб тым, што менавіта на нізавым звяне – у сельвыканкамах здымаецца большасць праблемных пытанняў грамадзян, сведчыць узросшая да іх колькасць зваротаў. Так і павінна быць – мясцовыя пытанні трэба здымаць на месцах, прыслухоўваючыся да меркаванняў жыхароў і з іх асабістым удзелам.

А вось у вырашэнні больш складаных раёну дапамагаюць дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, член Савета Рэспублікі Мікалай Мікалаевіч Канявалаў і, канечне, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Яны праводзяць прыёмы грамадзян, наведваюць працоўныя калектывы, прымаюць удзел у работах сесій, з’яўляюцца ўдзельнікамі дабрачынных акцый, аказвалі дапамогу мацярам загінуўшых воінаў, у зборы сродкаў на добраўпарадкаванне помнікаў. Вольга Мікалаеўна падзякавала У.П.Андрэйчанку за той прыклад актыўнай дэпутацкай дзейнасці, непадробнай увагі да людзей, які ён паказвае для дэпутатаў раённага звяна, за ўнікальную магчымасць вучобы дэпутацкага корпуса падчас удзелу ў пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў. І, канечне, за тое, што дынамічнае развіццё Ушаччыны ў складаны для краіны час (будаўніцтва новых аб’ектаў, мадэрнізацыя, капітальны рамонт) стала магчымым толькі дзякуючы яго падтрымцы.

Вольга Мікалаеўна падкрэсліла, што дэпутаты ўсіх узроўняў аб’ядналі намаганні для вырашэння праблем нашых грамадзян, што ў дэпутацкага корпуса ёсць вялікі патэнцыял, а наперадзе яшчэ мноства намечаных задач. Дэпутатам раённага і сельскіх Саветаў трэба больш дэталёва ўнікаць у працэсы, якія адбываюцца на прадпрыемствах, цікавіцца, у якіх умовах і нават з якім настроем працуюць людзі. Бо вынікі прадпрыемстваў залежаць не толькі ад эканамічнай сітуацыі ў краіне і свеце, але перш за ўсё ад адносін работнікаў да сваіх абавязкаў.

Працаваць на апераджэнне, вырашаць пытанні на пачатковым этапе, зыходзіць з інтарэсаў чалавека і разам з тым з актыўным удзелам насельніцтва, і, канечне, быць прыкладам – да гэтага заклікала старшыня раённага Савета дэпутатаў увесь актыў раёна.

Усім разам аб’яднацца, каб захаваць станоўчае, захаваць мір і стабільнасць у краіне і далей працаваць на павышэнне дабрабыту чалавека – вось галоўны лейтматыў сходу.

Вольга КАРАЛЕНКА.



2 комментария по теме “Большой потенциал депутатского корпуса. Депутаты всех уровней на очередной сессии обсуждали вопросы, которые касаются каждого жителя Ушаччины

  1. После выборов район расформируют… вот посмотрите…

  2. Ну вот!Ушачский район на последнем месте по зарплатам в РБ!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *