В школах Ушачского района прозвенел последний звонок

Общество

Ва ўсіх школах Ушаччыны для вучняў 9, 11 класаў празвінеў апошні званок. Радаснымі нотамі гучаў ён для запрошаных на ўрачыстасці першакласнікаў, якім яшчэ доўга крочыць па прыступках школьнага жыцця. Шчымлівым матывам кранаў сэрцы тых, для каго гэтыя лінейкі сталі апошнімі…

11 “А” з класным кіраўніком Л.Абадковай.

Прыбраныя юнакі і дзяўчаты з духмянымі букетамі, ажыўленыя гутаркі, песні родам з дзяцінства – на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, ля самай шматлікай школы раёна ў чацвер панавала святочна-хвалюючая атмасфера. З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік дырэктара Галіна Уладзіміраўна Хоміч. Яна павіншавала ўсіх з заканчэннем навучальнага года, пажадала яркіх, насычаных канікулаў, а выпускнікам – удачы на парозе самастойнага жыцця і правільнага выбару прафесіі. А каб прастымуляваць да новых поспехаў у вучобе, уручыла дыпломы і пахвальныя лісты больш чым 30 школьнікам, якія вучыліся на выдатна, праявілі сябе ў навуцы, спорце, творчасці.

Асаблівы сэнс набыло свята апошняга званка для 42 учарашніх адзінаццацікласнікаў. Разам з класнымі кіраўнікамі Людмілай Сяргееўнай Абадковай і Людмілай Васільеўнай Трафімавай пад гучныя апладысменты прысутных рабілі па плошчы традыцыйны “круг гонару”. Самыя юныя школьныя таварышы прысвячалі ім вершы, дарылі папяровых галубкоў з віншаваннямі.

“Здаецца, толькі ўчора вялі старэйшую Ілону ў першы клас, а сёння на ёй ужо стужка выпускніцы”, – казалі мнагадзетныя бацькі Марыя і Аляксей Антуновічы. Старалася не выдаць сваіх хваляванняў з нагоды заканчэння школы яе сынам Іванам Драгуном ушачанка Вольга Хамянок: ёй прадстаяла ад імя бацькоў даць наказ экс-адзінаццацікласнікам. З гонарам сачылі за тым, як дачка Ксенія атрымлівае чарговую ўзнагароду, Алег і Таццяна Крахоткі. Падтрымлівалі дзяўчыну і абедзве яе бабулі: Ніна Леанідаўна Кабуш і Тамара Васільеўна Крахотка.

Раздзяліць з выпускнікамі, іх блізкімі асаблівы момант прыйшлі прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама, упраўлення ДАІ Віцебскага аблвыканкама, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Ушацкага лясгаса. Дарэчы, апошні падрыхтаваў школе прэзент: спартыўны інвентар, які хутка змогуць апрабаваць наведвальнікі летніх лагераў.

Права даць апошні званок ва Ушацкай школе было дадзена “зорачкам” вучобы – адзінаццацікласніцы Кацярыне Мартынюк і першакласніцы Ксеніі Лемеш. Пасля ж яго выпускнікі разам з малодшымі вучнямі па традыцыі ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка (на здымку).

* * *

Па-­сямейнаму цёпла і шчыра праходзіла свята апошняга званка і ў іншых школах раёна. Так, у Глыбачанскую завітала, бадай, самая прадстаўнічая дэлегацыя: шасцярых выпускнікоў віншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Маргарыта Віктараўна Варава, старшыня сельвыканкама Віктар Віктаравіч Шаршнёў, спецыялісты мясцовай сельгасарганізацыі і РАНС. Столькі ж навучэнцаў пакінуць сёлета Арэхаўскую школу (на здымку). Падчас урачыстасці слёзы змахвалі не толькі іх бацькі, але і класны кіраўнік Яўгенія Юр’еўна Пацэйка. У прыгожым вальсе закружылі ля ўстановы, якая за 11 гадоў навучання стала роднай, выпускнікі Ільюшынскай СШ. Хапіла яркіх эмоцый і ў Вялікадолецкай, у якой сёлета толькі 3 выпускнікі. Усе шчыра радаваліся ўзнагародам аднакласнікаў і сяброў, жадалі былым адзінаццацікласнікам шырокай жыццёвай дарогі і поспехаў на ўсіх іспытах.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *