Юные дюдоисты Ушачской ДЮСШ приняли участие в дебютном спортивном турнире

Cпорт

Хлопчыкі, якія толькі ў гэтым навучальным годзе сталі выхаванцамі аддзялення барацьбы дзюдо Ушацкай дзіцяча-­юнацкай спартыўнай школы, выйшлі ў мінулую пятніцу на татамі, каб прыняць удзел у сваім дэбютным спартыўным турніры. У першынстве груп пачатковай падрыхтоўкі ДЮСШ прынялі ўдзел юныя падапечныя Веры Васільеўны Кілінай і Святланы Мікалаеўны Фядосенкі. Трэба сказаць, што па напружанасці паядынкаў і  кіпенні эмоцый гэтыя спаборніцтвы далі б фору дарослым турнірам – пачынаючыя барцы і іх шматлікія балельшчыкі так шчыра радаваліся перамогам і так горка перажывалі няўдачы, што не абышлося без слёз. Аднак самых апантаных прайграныя паядынкі толькі разахвоцілі. Цікавым было высвятленне лепшых у самай лёгкай вагавой катэгорыі – да 21 кілаграма. Саступіўшы ў схватцы за першае месца Кірылу Рэуту, самы невялікі па масе цела спартсмен Захар Хвашчэўскі адразу ж пачаў разам з трэнерам аналізаваць свае памылкі. Трэцяе месца ў гэтай катэгорыі занялі Герман Каваленка і Павел Ярмош. У групе, дзе мацнейшага выяўлялі хлопчыкі, чыя вага не перавышае 24 кілаграмы, лепшым стаў Мацвей Міхаль, другое месца ў Жэні Крыскевіча, трэцюю прыступку п’едэстала падзялілі Даніла Шэўчанка і Яраслаў Марковіч, які, да слова, паабяцаў не прагульваць ніводнай трэніроўкі, каб у наступны раз стаць пераможцам. У катэгорыі, большай на два кілаграмы, “золата” атрымаў Ілья Волах, “срэбра” – Ігар Падгола, “бронзу” – Ягор Заруба і Дзіма Бугай. У хлопчыкаў вагой да 30 кілаграмаў першынстваваў Павел Аўдочанка, за ім размясціліся Захар Валенцік і Міша Хілько. У “самай цяжкай” вагавой катэгорыі – 33 кілаграмы – не было роўных Глебу Праваду, на другім месцы – Мацвей Іўліеў, на трэцім – Алег Федарэнка і Дзіма Спірыдзёнак.

Нагадваць пра першы ў спартыўнай кар’еры турнір хлопчыкам будуць дыпломы і памятныя падарункі, сродкі на якія выдзеліла раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Няма сумненняў, што неўзабаве некаторыя з названых сёння імёнаў будуць значыцца ў першых радках выніковых пратаколаў спаборніцтваў значна вышэйшага рангу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *