В Ушачах прошли соревнования по плаванию среди коллективов района

Cпорт

Турнір плыўцоў сярод іншых раённых спаборніцтваў вылучаецца сваёй “кампактнасцю” – заплывы тут самі па сабе даволі хуткія, ды і ўдзельнікаў адносна малады для Ушаччыны від пакуль яшчэ прыцягвае няшмат. У мінулую суботу на адкрыты чэмпіянат раёна сабраліся прадстаўнікі шасці працоўных калектываў, а паколькі дзве зборныя былі аб’яднаныя, на водных дарожках змагаліся за перамогу чатыры каманды.

Плаванне – спорт азартны і відовішчны, і ў гэты дзень не абышлося без сюрпрызаў. Зрэшты, у каманднай эстафеце фаварыты пацвердзілі свой статус: зборная райаддзела ўнутраных спраў і школы мастацтваў у складзе Віталя Карэнскага, Уладзіміра і Вольгі Чумаковых нікому не пакінула шансаў, “срэбра” дасталася яшчэ адной аб’яднанай камандзе, за якую выступалі выратавальнікі Міхаіл Ярмош і Мікалай Баратынскі, а жаночы этап закрыла работніца аўтазаправачнай станцыі Ілона Рудзёнак, ну а “бронзу” заваявалі камунгасаўцы, крыху апярэдзіўшы каманду лясгаса.

У вось у асабістым заплыве мужчын інтрыга трымалася да апошніх метраў: на самым фінішы перамогу ў Віталя Карэнскага вырваў плывец з Наваполацка Раман Кандрацьеў. Малады чалавек трапіў у стартавы пратакол, можна сказаць, выпадкова: некалькі дзён таму прыехаў адпачыць на ўшацкі комплекс, убачыў аб’яву пра маючы адбыцца чэмпіянат і вырашыў далучыцца. Як аказалася, Раман мае званне майстра спорту, у свой час выступаў за зборную вобласці, але, як нам прызнаўся, лет 10 ужо не спаборнічаў, вось і захацеў праверыць свае сілы. “Бронзу” асабістага заліку атрымаў лясгасавец Віктар Волах.

У барацьбе за жаночае “золата” канкурэнтак у І.Рудзёнак не аказалася, аднак асабліва хочацца адзначыць уладальніцу другога месца – Аксану Маркевіч (на здымку). Да ліку спартсменак яна сябе не адносіць, але кажа, што з тых, хто вырас на льнозаводзе, мала хто не ўмее плаваць – побач жа чароўнае Вечалле! “На жаль, гэтым летам на пляж выбралася толькі аднойчы – пасада майстра на лесасеках вольнага часу пакідала нямнога. Плыць сёння было няпроста: аддала шмат сіл у эстафеце і на фінішы асабістай дыстанцыі рухалася ўжо праз “не магу”, – прызнаецца дзяўчына. Яе валявыя якасці не засталіся незаўважанымі: прадстаўніца лясгаса стала ўладальніцай спецыяльнага прыза, зацверджанага раённым аб’яднаннем прафсаюзаў. Ну а пераможцам і прызёрам пра гэты турнір будуць нагадваць дыпломы і кубкі ад РФСК.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *