На выездном заседании райисполкома анализировали итоги работы животноводства за первый месяц 2016 года

Сельское хозяйство

У аўторак адбылося выязное пасяджэнне райвыканкама, на якім былі прааналізаваны вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за студзень 2016 года.

На базе фермы Цыганок КУСГП “Вялікадолецкае” спецыялісты ветэрынарнай і племянной станцыі расказалі і паказалі кіраўнікам, галоўным заатэхнікам і ветурачам гаспадарак нюансы лячэння гінекалагічна хворых кароў, утрымання нованароджаных цялят, а таксама групы дарошчвання. Старшыня райвыканкама В.В.Родзіч выбарачна задаваў спецыфічныя пытанні, правяраючы, наколькі добра спецыялісты ведаюць тэхналагічны рэгламент, а значыць і свае абавязкі. Дарэчы, гэта абавязковая ўмова любых семінараў, вучобы, праверак, якія праводзяцца райвыканкамам. У рабоце выязнога пасяджэння прыняў удзел начальнік упраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, галоўны ветэрынарны ўрач і галоўны ветэрынарны інспектар па Віцебскай вобласці А.М.КАЗАК.

Кармленне і абавязковы мацыён

Толькі на адной ферме Цыганок больш за 40 першацёлак аказаліся хворымі эндаметрытам. Наступствы ж гэтай распаўсюджанай пасляродавай інфекцыі самыя розныя – ад зніжэння надояў да поўнага бясплоддзя, а значыць выбракоўкі кароў. Менавіта таму значная частка часу на практыцы прысвячалася метадам лячэння і прафілактыкі. Пакрокава, дэталёва, наглядна спецыялісты паказалі прысутным, што і калі трэба рабіць, якія прэпараты прымяняць. Хвароба паспяхова лечыцца, а каб правільна падабраць метад, асноўнае – сачыць за станам жывёлы ў першыя дні пасля расцёлу, змяраць тэмпературу, не дапускаць далейшага развіцця інфекцыі. Для ветурачоў прагучала многа спецыфічнай інфармацыі, аднак большасць з таго, аб чым гаварылася – рэчы агульнавядомыя і не патрабуючыя спецыяльных ведаў. Напрыклад, тое, што першацёлкі да і пасля расцёлаў патрабуюць асаблівага харчавання. Таму і праяўленне эндаметрыту трэба шукаць у тым ліку і ў кармушцы жывёлы. У “Цыганку” кармленне не адпавядала норме – ляжаў адзін кукурузны сілас, каровам жа патрэбны камбікорм, шрот, патака або праколванне вітамінаў. Ці хоць што­небудзь з гэтага.

Яшчэ адно абавязковае патрабаванне – штотыднёвыя прагулкі на вуліцы. Гарэзліва скакалі цялушкі ля цюкоў саломы падчас выгулу, тым самым абвяргалі сумніўныя доказы жывёлаводаў, што слабыя, кволыя, яны могуць і не дайсці да загону. На самой справе гэта хутчэй апраўданне ўласнай ляноты і грубае парушэнне таго ж рэгламенту па ўтрыманні. Прагулкі – гэта не толькі мацыён, а значыць і натуральны масаж і як след – прафілактыка эндаметрыту. А яшчэ і самы лепшы час выяўлення кароў у ахвоце, а з гэтым у гаспадарках нашага раёна таксама вялікія праблемы. Таму і патрэбна арганізаваць прагулкі літаральна для ўсіх, а не выбарачных гуртоў. Тым больш што затраты на гэту частку дзённага распарадку патрэбны самыя мінімальныя.

Вырасціць здаровых цялят

У прафілакторыі для нованароджаных цялят паказвалі новы метад кармлення – малодзівам праз спецыяльны зонд, якія да гэтага часу павінны быць у кожнай гаспадарцы. Якой мы вырасцім карову, залежыць ад утрымання цяляці з першых дзён жыцця. Даказана, што малодзіва – гэты ўнікальны прадукт харчавання, які намнога багацей малака і ўтрымлівае ўсе неабходныя для малых пажыўныя рэчывы. Паступіць першая партыя малодзіва абавязкова павінна ў першыя гадзіны пасля нараджэння (самая высокае засваяльнасць), паколькі гэта яшчэ і ўнікальны ахоўнік імуннай сістэмы (захворваемасць цялят зніжаецца на 70 працэнтаў). У нованароджаных цялят жа няма імуннай аховы супраць бактэрыяльнай флоры навакольнага асяроддзя.

У “Вялікадолецкім” малодзіва замарожваюць у пластыкавых бутэльках, а потым разаграваюць і ўводзяць малым. Кіраўнікі, якія не маюць профільнай адукацыі, рабілі запісы ў блакноты, ну а дырэ­ктар ААТ “Агра­Селішча” В.В.Кажан – ветурач па адукацыі, не толькі расказаў, як лечаць кароў на месцы, аднак і паказаў разам з ветурачом гаспадаркі, як паіць нованароджаных цялят з зонда. Асаблівая ўвага была звернута і на выкарыстанне спецыяльнага камбікорму КР‑1. Вельмі дарагі па кошце, таму і выдаваць яго трэба цялятам пакрыху, каб прывыкалі, а не насыпаць поўныя кармушкі, дзе ён страціць свае пажыўныя якасці ці расцягнецца пацукамі.

Пахваліў А.М.Казак работнікаў “Вялікадолецкага” за догляд цялят групы дарошчвання. Чысценькія, жвавенькія, яны выдатна адчувалі сябе ў сухім памяшканні на глыбокім подсціле. Прычым гэта не было паказухай да пасяджэння – работнікі гаспадаркі позна даведаліся пра візіт.

Правальны студзень

Працаваць з першых дзён, не паўтараць памылак мінулых гадоў, калі менавіта зімовыя месяцы каменем цягнулі назад гадавыя прагнозныя паказчыкі. Менавіта такая задача ставілася кіраўніцтвам раёна на выніковай сесіі не толькі перад сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Аднак распачалі год гаспадаркі дрэнна. Толькі ў “Райаграсэрвісе”, “Дземенцы” (пераважна з­за невысокіх мінулагодніх паказчыкаў) і зусім невялікі па “Ільюшынскім” назіраўся рост валоўкі, усе астатнія дапусцілі падзенне да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года. Самы высокі надой на карову – па “Вялікадолецкім”, аднак таксама не дасягае 10 літраў. Па раёне ж – толькі 6,4 і ў выніку 88,6 працэнта валавога надою да мінулага года. А ў 2015­м, дарэчы, было дапушчана падзенне адносна 2014 года, і на карову мы надаілі крыху болей 2700 кілаграмаў. Лічба не проста нізкая, а ганебная і самая нізкая ў краіне.

Мала таго, што няма малака, дык і аддаецца за бясцэнак. У “Глыбачанах” за студзень 69 працэнтаў здадзена першым гатункам, практычна аддадзена дарма: страты – 83 мільёны рублёў. Што гэта для гаспадаркі? Практычна палова месячнага фонду заработнай платы. А за 10 дзён лютага амаль усё малако – 89 працэнтаў – пайшло першым гатункам, у чым кіраўніцтва не прамінула “аддзячыць” работнікаў Вяркудскай фермы – страты часткова кампенсуюцца з зарплат. 45 працэнтаў у студзені такім жа “рэкордным” гатункам было прададзена ў КУСГП “Арэхаўна”.

І гэта не мяжа таго, у чым “вылучыліся” ў студзені ўшацкія жывёлаводы. Першы месяц года прынёс і рэкорднае невытворчае выбыццё, у некаторых гаспадарках падзеж склаў 30 працэнтаў ад расцёлаў. Прычым, падзеж не толькі нованароджаных цялят, якія маглі з’явіцца на свет з паталогіяй, а і немалых ужо гадаванцаў, як на ферме “Загор’е” і комплексе “Маяк”.

Каго падманваем?

Тэарэтычная і практычная часткі пасяджэння, зразумела, пастаянна пераклікаліся. Бо нават калі і трапным быў адказ спецыялістаў у метадах лячэння, ён усё роўна не пацвярджаўся практыкай, як у тым жа “Селішчы” (хворыя эндаметрытам усё роўна былі). Аднак у большасці выпадкаў у гаспадарках або наогул няма спецыялістаў (урача­гінеколага нават у райветстанцыі) ці яны з­за складанасці і вялікай адказнасці проста не жадаюць займацца лячэннем гінекалагічна хворай жывёлы. Таму і прагучалі на пасяджэнні парады даплачваць асемянатарам ці іншым спецыялістам, паколькі не будзе здаровай жывёлы, не будзе пакрыцця і прыплоду.

На пасяджэнні старшыня райвыканкама падымаў кіраўнікоў і спецыялістаў як раённых службаў, так і гаспадарак. У кожнай адкрыта разбіраліся ў прычынах правальнага студзеня. І практычна паўсюды прычына аднолькавая. Часткова яна ў адсутнасці канцэнтратаў, дабавак, медыкаментаў, але асноўная – у адсутнасці сістэмнага тэхналагічнага догляду, утрымання, дойкі. Гэта значыць, усё ў тым жа чалавечым фактары. Здзівіў адказ заатэхніка “Вялікадолецкага” на пытанне аб прычынах вялікай колькасці хворай жывёлы. “А я тут пры чым?” – здзіў­лялася жанчына, не разумеючы, што яна ў адказе літаральна за ўвесь стан у жывёлагадоўлі.

Парадку няма ні ў рабоце з жывёлай, ні з паперай. Ва ўсялякім выпадку і В.В.Родзіч, і А.М.Казак лёгка знайшлі прабелы ў лічбах, якія не “пляшуць”: “З­за ліпавай справаздачнасці мы не можам высветліць і прычын такой работы. Каго падманваем?”

– Я да вас прыехаў невыпадкова: правядзенне выязных пасяджэнняў райвыканкамаў, прысвечаных жывёлагадоўлі – ініцыятыва намесніка старшыні аблвыканкама В.В.Аскеркі. – Падказаць шляхі, прааналізаваць прычыны, дапамагчы тым, хто жадае і працуе – такая пастаўлена задача. А вось цягнуць і падтрымліваць стратныя прадпрыемствы ніхто не будзе, няма за што падтрымліваць. Не зможаце ўтрымаць жывёлагадоўлю, і раслінаводства нікому не будзе патрэбна, – паведаміў прысутным пазіцыю абласнога кіраўніцтва Аляксандр Міхайлавіч Казак.

Начальнік жа райсельгасхарча і старшыня райвыканкама, звярнуўшыся да кіраўнікоў і спецыялістаў, у першую чаргу “Вялікадолецкага”, выказаліся больш празрыста. “Разваліць гаспадарку проста. Сабраць назад можа і не атрымацца. За вамі калектывы, людзі, для якіх гаспадарка – адзінае рэальнае месца працы і заробку”. Праўда, пра гэта ўжо столькі разоў гаварылася! Ці будуць зрухі, пра гэта можна будзе сказаць праз месяц.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *