Празднование Дня Победы в Ушачах. Мемориальный комплекс «Прорыв» открыт после масштабной реконструкции

Общество


Для беларускага народа Дзень Перамогі – свята вечнае, надзвычай светлае і святое. Колькі б ні мінула вёснаў. Колькі б ні засталося жывых сведак тых падзей. Ветэраны і новыя пакаленні беларусаў прыходзяць 9 Мая да велічных манументаў і маленькіх магіл. Збіраюцца разам ва ўсіх старонках Беларусі. Нас, маладых і сталых, яднае бязмерная павага да мужнасці вызваленцаў Радзімы. А гэта гучнае пачуццё сплецена з тысяч шчымлівых успамінаў пра сваіх родных.

Для нашага раёна асаблівую веліч святу надавала важная гістарычная падзея: мы адкрывалі пасля праведзенай рэканструкцыі нашу святыню – мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Гэта не проста падзея – гэта яркае пацвярджэнне прыярытэтаў каштоўнасцей нашай дзяржавы, імкненне да гістарычнай праўды і да таго, каб асноўнае цэментуючае звяно ўсіх пакаленняў, усіх славянскіх народаў – Вялікая Перамога – была вечнай.

Такога маштабнага мерапрыемства Ушаччына не бачыла з часоў адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Прарыў” – 30 чэрвеня 1974 года. 9 мая 2016 года чырвоным радком упісана ў гісторыю побач з гэтай датай. Мемарыял адзначыў сваё другое нараджэнне і стаў галоўнай пляцоўкай абласнога святкавання 71­й гадавіны Вялікай Перамогі ў Айчыннай вайне. Ва ўрачыстасці на Ушаччыне прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта па Віцебскай вобласці Аляксандр Рыгоравіч Пазняк, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, прарэктар па вучэбнай рабоце, дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Валянцінавіч Шаўрук, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, адзін з аўтараў мемарыяла – заслужаны архітэктар Беларусі Юрый Міхайлавіч Градаў, народны артыст БССР Генадзь Міхайлавіч Гарбук, а таксама ўвесь актыў Віцебскай вобласці і дэлегацыі з усіх раёнаў.

Галоўнымі ўдзельнікамі ўрачыстасці былі, безумоўна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Глыбока сімвалічна, што адноўлены “Прарыў” змаглі пабачыць яго непасрэдныя ўдзельнікі, партызаны Полацка­Лепельскай партызанскай зоны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, Мікалай Дзмітрыевіч Клачок, Міхаіл Сцяпанавіч Іваноў, Надзея Ягораўна Кальверш, а таксама ветэраны з іншых раёнаў Віцебскай вобласці. Бо адноўлены ў такі няпросты для эканомікі краіны мемарыял – гэта сведчанне бязмернай павагі да пакалення вызваленцаў, прызнанне таго, што ў Беларусі ніколі не будзе перапісана гісторыя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, што ўсе наступныя пакаленні беларусаў будуць прыходзіць на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, каб вучыцца патрыятызму і любові да сваёй Айчыны.

Больш трох тысяч чалавек сабралася ў гэты дзень на адкрыцці мемарыяла, каб ускласці кветкі да пліт з імёнамі загінуўшых партызан і ўшанаваць іх памяць хвілінай маўчання. Усяго ж на святкаванні Дня Перамогі на Ушаччыне прысутнічала каля 7 тысяч чалавек. Менавіта на ўшацкай зямлі сустрэць гэтае знакавае свята прыехалі з дзецьмі, партрэтамі родных­франтавікоў ураджэнцы раёна, а таксама госці з іншых краін. Атмасфера агульнага свята адчувалася з раніцы да кульмінацыі – святочнага салюту. Можна ўпэўнена сказаць – такога маштабнага дзейства на ўшацкай зямлі не праводзілася з часоў адкрыцця “Прарыву”. А ўдзельнік адкрыцця ў 1974 годзе Ю.М.Градаў зазначыў, што па ўзрушанасці, святочным настроі сёлетняе мерапрыемства нават пераўзышло першапачатковае адкрыццё.

Па ўсіх каналах беларускага тэлебачання, на ўсіх сайтах буйных агенцтваў і рэспубліканскіх газет прагучалі ўражлівыя лічбы легендарнага Прарыву, прыгаданы подзвіг змагароў Полацка­Лепельскай партызанскай зоны са сталіцай ва Ушачах. Мемарыяльны комплекс “Прарыў”, рэканструкцыя якога праводзілася на рэспубліканскім узроўні, гучаў у адным радзе з Брэсцкай крэпасцю, Курганам Славы і Хатынню.

Галоўная ўвага ветэранам

Святкаванне на Ушаччыне 9 Мая пачалося з мітынгу ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка. Старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, вітаючы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прыгадаў подзвіг змагароў Ушацкай партызанскай зоны, падкрэсліў, што для ўшачан стала справай гонару рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, запэўніў, што сённяшняе пакаленне ўшачан будзе працоўнымі дасягненнямі годна працягваць справу ветэранаў.

Адразу пасля мітынгу адбылася сустрэча кіраўніцтва Ушацкага раёна з ветэранамі. Былыя партызаны ў сваіх кароткіх прамовах расказвалі пра ўдзел у партызанскім руху, а таксама шчыра дзякавалі Віктару Віктаравічу Родзічу, Вользе Мікалаеўне Захарэнка за непадробны клопат да іх, падкрэслівалі, што ў незалежнай Беларусі пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі працягваецца развіццё краіны, мірнымі справамі множыцца дабрабыт людзей – галоўнае, за што змагаліся яны.

“Прарыў” на паштовых марках

У музеі народнай славы тым часам чакалі гасцей, бо менавіта тут праходзіла цырымонія гашэння паштовай карткі з выявай мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Выпускаючы паштовыя маркі і карткі да знамянальных дат, юбілейных мерапрыемстваў, РУП “Белпошта” заўсёды праводзіць падобныя ўрачыстасці з удзелам кіраўніцтва Міністэрства сувязі, прадстаўнікоў дырэкцыі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства, але 9 Мая ва Ушачах неабходнасці ў іх прысутнасці не было, бо ў цырымоніі гашэння прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Аляксандр Рыгоравіч Пазняк, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў і кіраўнік раёна Віктар Віктаравіч Родзіч. Яны паставілі свае подпісы на ўзоры карткі, адзначылі яе спецыяльным каляндарным штэмпелем з гравіроўкай “Прарыву”. Пасля гэтага прадукцыя стала прыгоднай для паштовага абароту. Віцебскі філіял РУП “Белпошта” да адкрыцця нашага мемарыяла выпусціў першыя 500 картак, якія можна выкарыстоўваць для папаўнення калекцый, віншаванняў ветэранаў, родных і знаёмых. Дарэчы, многія з гасцей свята тут жа скарысталіся гэтай магчымасцю – ля музея працавала палатка нашых паштавікоў, дзе картку з “Прарывам” можна было набыць за сімвалічны кошт, а адпраўка па рэспубліцы з нагоды свята ажыццяўлялася бясплатна. Некаторыя ж наведвальнікі адпраўлялі віншаванні і за межы нашай краіны. Такім чынам работнікі сувязі ўнеслі свой уклад у прапаганду мемарыяла, прыцягненне ўвагі да гісторыі Ушаччыны­партызанкі.

Цырымонія гашэння карткі праходзіла ўжо пасля таго, як ганаровыя госці ра­зам з кіраўніцтвам раёна наведалі экспазіцыі музея. Губернатар адзначыў яго выключнасць для захавання памяці аб народнай барацьбе супраць акупантаў: “Экскурсія пакідае моцнае ўражанне нават у людзей, якія бывалі тут не адзін раз, што і казаць пра тых, хто пабываў тут упершыню!” Музей захоўвае ўнікальныя фонды аб партызанскім руху. М.М.Шарснёў пакінуў удзячны водгук у кнізе для гасцей, падзякаваў дырэктару музея Наталлі Пятроўне Бугай за дастойны прыём і жывое, цікавае выкладанне гераічнага мінулага нашага раёна.

Памяць мацней за час

Вялікай славутасцю нашай краіны, своеасаблівым звонам памяці пра гераічны подзвіг пакалення пераможцаў, унікальнай школай для выхавання юных грамадзян Беларусі назваў падчас мітынга­рэквіема “Памяць мацней за час” ушацкі мемарыял старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў. “Ёсць падзеі, да якіх па­асабліваму рыхтуешся, яны нясуць вялікі пазітыўны зарад. Да такіх належыць адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Прарыў” пасля праведзеных рэстаўрацыйных работ”, – адзначыў губернатар вобласці. Ён прапанаваў ушанаваць памяць загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання, выказаў шчырыя словы прызнання ветэранам за іх ваенныя подзвігі і мірную працу. Сваю ўдзячнасць Мікалай Мікалаевіч адрасаваў персанальна навуковаму кіраўніку праекта Юрыю Міхайлавічу Градаву, старшыні Ушацкага райвыканкама Віктару Віктаравічу Родзічу і старшыні раённага Савета дэпутатаў Вользе Мікалаеўне Захарэнка, кіраўніцтву прадпрыемства “Віцебскгандальбуд”, прадстаўнікам працоўных калектываў раёна і вобласці, усім, хто пералічыў сродкі на рэканструкцыю і прымаў удзел у работах.

Пра значны ўклад у перамогу партызан Полацка­Лепельскай зоны і жыхароў Ушаччыны расказаў непасрэдны ўдзельнік прарыву ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. “Гэтая зямля, палітая крывёю загінуўшых, стала для нас, жывых, свяшчэннай”, – адзначыў наш зямляк і дадаў, што зараз ён упэўнены: мемарыял будзе нагадваць пра ратны подзвіг партызан не адно дзесяцігоддзе. Ён падзякаваў абласной і раённай уладзе за рэканструкцыю мемарыяла.

Сусветную значнасць перамогі над фашызмам падкрэсліў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. “Гэта падзея не можа быць падвергнута карозіі часу і палітычнай дэвальвацыі. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца духоўнай і маральнай каштоўнасцю нашай нацыі”. Уладыка адзначыў, што выстаяць і перамагчы ў тых умовах мог толькі народ гераічнага духу, і нам, нашчадкам Перамогі, недастаткова толькі ўшаноўваць памяць герояў. Мы павінны браць у іх прыклад служэння сваёй Айчыне.

Шмат цікавага ўдзельнікі мітынгу даведаліся з прамовы заслужанага архі­тэктара Беларусі, аднаго з аўтараў мемарыяла Юрыя Міхайлавіча Градава, які прыгадаў эпізоды стварэння мемарыяла, расказаў пра задумы аўтараў, новыя элементы комплексу. “Як бачыце, тут з’явіўся вадаём, у якім адбіваецца неба – на мой погляд, гэта ўзбагаціла мемарыял”, – адзначыў навуковы кіраўнік праекта.

Узнёсласці дзейству дадалі вакальныя нумары ў выкананні ветэранскіх харавых калектываў з Ушач і Полацка, яркае выступленне дзяўчат­барабаншчыц, ну а кульмінацыйным момантам стала ўскладанне кветак да Вечнага агню і мемарыяльных пліт з прозвішчамі загінуўшых.

Прайсці шляхам партызан

Гэта вытрымка з выступлення Ю.М.Градава, якая характарызуе задачу комплексу. Ён створаны, каб “прымусіць” прачуць. Каб падымаючыся праз вузкі праход на верхнюю пляцоўку, задумацца аб тым, наколькі крохкі наш свет.

9 Мая шэрыя пліты сталі чырвонымі ад гваздзікоў і пурпуру вянкоў. Ускласці іх прыйшлі калектывы Ушацкага раёна, а таксама дэлегацыі ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці. Сюды прыбылі сотні ўшачан, для якіх “Прарыў” – гэта даніна памяці ўсім партызанам, радок на шэрай пліце з імем роднага чалавека, а таксама помнік прапаўшым без вестак.

Сям’я Сцежкіных прыехала на мемарыяльны комплекс не ў складзе дэлегацыі Глыбоцкага раёна, а па ўласным жаданні. Даведаліся праз сродкі масавай інфармацыі, што будзе праходзіць абласное свята, і сабраліся ледзь не ў поўным складзе. Нявестка Анатоля Мартынавіча, якая называе памерлага партызана татай, два яго ўнукі і праўнук. Старэйшыя не адзін раз былі на мемарыяле і раней разам з былым партызанам, які выйшаў жывым з прарыву і прыязджаў ледзь не штогод ва Ушацкі раён, каб пакласці кветкі на пліту побач з імем брата і іншых баявых сяброў. Абодва ўраджэнцы вёскі Гараны Ушацкага раёна, Анатолю Мартынавічу ў 1944 было ўсяго дваццаць. “Малады быў, таму і не баяўся нічога, – неаднойчы расказваў ён родным, а таксама дадаваў: “Бог бярог”. А вось старэйшага брата не ўбярог.

У складзе афіцыйнай дэлегацыі Глыбоччыны сёлета не было ўдзельнікаў Полацка­Лепельскай партызанскай зоны, хоць вельмі многія ветэраны суседняга раёна ўдзельнічалі ў партызанскім руху. Затое была легендарная асоба – Ніна Кірылаўна Целеш – адзіная зараз у Беларусі жанчына­франтавічка, што прайшла ад Сталінграда да Берліна і цяпер яшчэ ў страі. На фронце ў зенітна­пражэктарным палку, дзе служыла сувязісткай, яна спаткала сваё каханне. Сёння ёй 94 і яна сустракае разам з усімі 71­ы Дзень Перамогі, прычым чацвёрты раз – на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. А старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Браніслававіч Развадоўскі на мемарыяле ўжо ў сёмы раз. Для яго “Прарыў” – знакавае месца, на якім праводзяцца ўсе буйныя патрыятычныя акцыі Віцебшчыны.

– Вельмі жадае прыехаць на мемарыяльны комплекс член Віцебскай гарадской ветэранскай арганізацыі Галіна Рыгораўна Замаліна, – расказвала яе старшыня. – Легендарная жанчына, снайпер, сувязная з пазыўным “Бярозка”, яна ўдзельнічала ў партызанскім руху і з’яўляецца прыкладам для нас, як і сам мемарыял – святое месца для ўсіх жыхароў Прыдзвіння. Памятаю, як ён пакарыў мяне ў 1982 годзе, тады на “Прарыве” праходзіў шырокі злёт удзельнікаў Ушацкай партызанскай зоны. Таму наша задача – выхоўваць на іх прыкладзе моладзь.

Гэта наша Брэсцкая крэпасць, наша віцебская Хатынь

Шматлікія ўзнагароды на пінжаках Леаніда Вячаслававіча Мікшты і Станіслава Іосіфавіча Ставіцкага надавалі ім падабенства з ветэранамі Вялікай Айчыннай, і толькі больш малады ўзрост сведчыў пра тое, што баявыя медалі яны атрымалі за ўдзел у іншых, больш нядаўніх ваенных дзеяннях. Але ж старшыня Браслаўскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і яго намеснік не па чутках ведаюць, што такое подзвіг, смерць і баявое сяброўства, якое яны захавалі з далёкага 1981­га, калі трапілі ў адзін прызыў. Станіслаў Іосіфавіч прыгадаў, што быў на ўшацкім мемарыяле ў школьныя гады. Магчыма, і атрыманыя тут уражанні дапамаглі сфарміраваць светапогляд і рысы характару, якія потым дазволілі выстаяць у жорсткіх афганскіх выпрабаваннях.

Ну а вось хто ведаў пра дзейнасць партызанскай зоны амаль усё – гэта дэлегаты з Лёзна. “Дык легендарная брыгада Аляксея фарміравалася ў нас, як не ведаць пра ўшацкі “Прарыў”, – адказалі лёзненцы ледзь не хорам. А калі чаго і не ведалі, дык ім дарогай расказала старшыня Крынкаўскага сельвыканкама Людміла Іванаўна Іванова. Дзявочае яе прозвішча Мароз, яна з Кавалеўшчыны, таму, канечне, неаднойчы была на “Прарыве”. “Для мяне наш мемарыял – гэта аналаг Хатыні, не менш. Ён як эліксір, які сабраў, абагульніў моц уздзеяння ўсіх помнікаў аб партызанах. У мяне на тэрыторыі сельсавета 9 воінскіх пахаванняў і музей Аляксею Данукалаву ў Кавалях. Нягледзячы на адлегласць, ва ўсіх раёнах Віцебшчыны ёсць агульнае – супраціўленне фашызму і ў прыватнасці ў нашай Ушацкай партызанскай зоне. На жаль, усё меней становіцца ўдзельнікаў тых падзей, у нашым сельсавеце засталася толькі адна партызанка, сувязная Надзея Захараўна  Антонава. Аднак ёсць і будзе наш “Прарыў”.

– Для мяне “Прарыў” – гэта віцебская Хатынь, не меней. Такога велічнага мемарыяла, прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне, не ведаю, – выказвала свае ўражанні старшыня раённай ветэранскай арганізацыі з Расон Іна Іванаўна Павядайла. – Для дэлегацыі з нашага раёна, дзе таксама зараджаўся партызанскі рух – гонар пабываць на такім  велічным свяце, а ўзнёслыя ўражанні ад адкрыцця “Прарыву” застануцца назаўсёды.

Не магла дачакацца ўздыму на верхнюю пляцоўку прадстаўніца дэлегацыі з Верхнядзвінска Іна Сцяпанаўна Марачкоўская. Былы трэці сакратар Ушацкага райкама партыі была адным з арганізатараў адкрыцця мемарыяла, ініцыятарам закладання сімвалічнай алеі з дубоў. “Усхвалявана да слёз сустрэчай з землякамі і гэтым памятным для мяне месцам. Святочнасць дзейства перанесла мяне ў 1974 год. Спадабалася новае аблічча комплексу. Ганаруся, што наш “Прарыў” быў і застаецца галоўнай пляцоўкай Віцебшчыны ў патрыятычным выхаванні моладзі”.

Пераважная большасць удзельнікаў з дэлегацыі Міёрскага раёна на “Прарыве” была ўпершыню, акрамя намесніка дырэктара адной са школ раёна Жанны Зяноўеўны Драбо. Яна была на мемарыяле 32 гады таму школьніцай, аднак і праз гэты час памятала пра яго велічнасць. А вось у словы выступаючых удзельнікаў урачыстасці ўслухоўвалася асабліва ўважліва. “Тады мы былі без экскурсавода, таму не ведалі многіх дэталяў пра жыццё ў партызанскай зоне, а сёння яшчэ больш ганаруся нашым народам. Гэта ўнікальныя факты, што Ушачы жылі ў час вайны па савецкіх законах, што выходзілі газеты і маляваліся карціны. Гэта выдатна, што на Віцебшчыне, недалёка ад нас ёсць такое знакавае месца, куды мы абавязкова прывязём сваіх вучняў. Хаця на “Прарыве” трэба быць не адзін раз – цяпер, калі мне ўжо за сорак, я больш востра адчуваю, што перанёс наш народ”.

У музей напачатку свята, калі было яшчэ не вельмі людна, накіраваўся Іван Мікалаевіч Пухальскі. Больш дзесяці год прайшло з таго моманту, як ён пасля смерці свайго бацькі, партызана Мікалая Васільевіча, перадаў установе культуры яго партызанскі гармонік і іншыя асабістыя рэчы. А на свята Перамогі мужчына вёў да музея сваіх яшчэ зусім невялікіх унукаў, каб расказаць ім пра баявое мінулае прадзеда. Многія ўшачане ў гэты дзень накіраваліся да музея, суправаджаючы сваякоў, знаёмых і сяброў, якія прыехалі да іх з­за межаў раёна.

Маленькі палачанін Міша, якому крыху больш за паўтара гады, на “Прарыве” ў вялікай колькасці ўдзельнікаў свята не згубіўся. Наадварот, быў аб’ектам увагі, якую прыцягваў сваёй ладнай вайсковай формай, і часта трапляў у аб’ектыў фота­ і тэлекамер. Мама зусім юнага “гвардзейца” Наталля Носава лічыць свята Перамогі свяшчэнным і, даведаўшыся аб адкрыцці пасля рэканструкцыі мемарыяла ў суседнім раёне, не магла не наведаць урачыстасць.

Велічнасцю комплексу былі ўражаны і члены дэлегацыі Докшыцкага раёна, асабліва тыя, хто пабываў тут упершыню:

– Я шмат чула пра “Прарыў” раней, – дзялілася ўражаннямі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Докшыцкага райвыканкама Аксана Іванаўна Гапанёнак. – Толькі ўсіх маштабаў не ўяўляла, пакуль сёння не наведала ваш славуты мемарыял. Разумею, як няпроста прыйшлося вам падчас яго аднаўлення, але яно таго каштуе – “Прарыў” вельмі ўражвае! Буду раіць усім сваім сябрам і знаёмым пабываць на гэтым месцы і абавязкова ўзяць з сабой дзяцей.

Давялося ўбачыць на адкрыцці і каларытных маладых людзей у байкерскім адзенні – Дзень Перамогі на “Прарыве” вырашылі сустрэць прадстаўнікі мотасадружнасці “Полацк­Наваполацк”. А тым больш прыемна было даведацца, што актывісты маладзёжнай групоўкі Ігар Полазаў і Кацярына Тускенус – нашы землякі, ураджэнцы Пад’язна і Глыбачкі – менавіта яны запэўнілі сваіх сяброў, што кожны паважаючы сябе байкер проста павінен пабываць на “Прарыве”.

Не мог быць у іншым месцы

“Я проста не мог у гэты дзень быць у іншым месцы!” – прызнаўся народны артыст БССР Генадзь Гарбук. Не спыніла нават роля ў вячэрнім спектаклі роднага Купалаўскага тэатра, якую даручыў дублёру. З прарывам у гэтага чалавека свае стасункі – дзесяцігадовым хлопчыкам ён разам з мамай, братам і татам – партызанам брыгады імя Чапаева – прайшоў праз вогненную заслону і цудам застаўся жывы. “Добра памятаю, як той ноччу сядзелі ў балоце, а на досвітку кінуліся разам з усімі ў вогненнае пекла – той “салют” з трасіруючых куль застаўся ў вачах на ўсё жыццё. Як ніколі не сцерці іншыя ўспаміны тых дзён. Праз суткі пасля прарыву размясціліся на начлег пад елкай, і я ўбачыў пад бліжэйшымі дрэвамі каля двух дзясяткаў мужчын – “Мама, партызаны спяць! Гэта ж небяспечна, трэба іх разбудзіць!” – крыкнуў я і пабег у той бок, не зважаючы на матуліна “Генка, стой!” А разгледзеўшы “спячых”, закрычаў ад жаху – ва ўсіх былі крывавыя палосы на горле: так немцы дабівалі параненых…

Захаваўся ў памяці і час, праведзены ў лагеры для палонных, куды трапілі пасля прарыву. Не памерці тады з голаду дазволіў шчаслівы выпадак – знойдзеная ў зямлі нечая “схованка” з бульбай і буракамі. Крыху пазней, калі вярнуліся ў родную вёску Горы, зноў жа цудам не памерлі ад тыфу. А самы шчаслівы ўспамін хлопчыка – момант вызвалення іх вёскі. “Пачуў, што ў бок жытнёвага поля бягуць людзі. Ведаў, што гэта немцы – па характэрным гуку: “ляпанні” каскі і скрыні з процівагазам, якія звычайна віселі ў іх пабач на поясе. А хутка да жыта падышлі двое ў форме, і ў мяне сэрца ёкнула – няўжо нашы? Падмацаваў здагадку рокат з боку вясковай дарогі, дзе ўжо паказаліся савецкія танкі. Колькі ж радасці было ва ўсіх! З нашай вёскі на фронт чалавек 40 пайшло, а вярнулася можа пяцёра… А таму Дзень Перамогі для мяне самае галоўнае свята, а гэты мемарыял – найпершая святыня”.

Расказвае Генадзь Міхайлавіч і пра сваё блізкае знаёмства з архітэктарам комплексу Анатолем Анікейчыкам, з якім яны разам вучыліся ў Беларускім тэатральна­мастацкім інстытуце. “Ён быў вельмі таленавіты: да прыкладу, яго дыпломная работа – бюст Бетховена – была настолькі дасканалая, што яе адразу забралі ў музей. Анатоль быў сам вельмі эмацыянальны чалавек, таму і творы ў яго атрымліваліся нібыта рухомыя, як гэты наш партызан – глядзіш на яго і разумееш, што ніхто перад ім не ўстаіць. Як не ўстаялі фашысты перад мужнасцю нашых людзей”.

Адклаў усе справы і прыехаў адзначыць з ушачанамі вялікае свята і артыст, бард Анатоль Длускі. Ён спяваў патрыятычныя песні падчас вячэрняга канцэрта “Салют Перамогі” на мемарыяльным комплексе “Прарыў”.

Нам пашчасціла пад мірным небам жыць

Спадабалася літаральна ўсё

Прадстаўнік сенненскай дэлегацыі старшыня Нямойтаўскага сельвыканкама Анатоль Леанідавіч Бараноўскі быў на мемарыяле незадоўга да пачатку рэканструкцыі і яго вельмі здзівіла, як кардынальна змяніўся комплекс за такі кароткі час. “Прыязджаў сюды з групай сваіх пажылых землякоў, для якіх мы ладзім цікавыя падарожжы – гэта адзін з напрамкаў мініпраекту “Мы разам”, што рэалізуецца ў нашым сельсавеце. Цалкам падтрымліваю думку губернатара пра тое, што “Прарыў” абавязкова павінен быць уключаны ў галоўныя турыстычныя маршруты Беларусі”.

– Я ўпершыню як у горадзе, так і на мемарыяле, – расказваў старшыня грамадскага аб’яднання воінаў­інтэрнацыяналістаў Аршанскага раёна. Мяне ўзрушыла наведванне “Прарыву” – велічнасць як комплексу, так і самога мерапрыемства. Можна сказаць, фізічна прасякнуўся духам таго часу, адчуваннем партызан. Я ваяваў у Афганістане. Вельмі складана было і памятаю, як падбадзёрвалі мяне лісты бацькі­франтавіка. “Не раскісай, табе ўжо дваццаць адзін, а мне было ўсяго сямнаццаць”.

– Мне падабаецца тут літаральна ўсё! – была ў захапленні ад свята ўраджэнка Ушаччыны Людміла Азаранка, якая пакінула наш раён адразу пасля заканчэння школы, але наведваецца на малую радзіму пры кожнай магчымасці. – Ганаруся як сваім ушацкім паходжаннем, так і сучаснымі землякамі. – Вы малайцы, стварылі сапраўднае народнае свята, якое не пакіну, пакуль не пабываю на ўсіх пляцоўках! Паверце, мне ёсць з чым параўнаць, бо ў Салігорску я 25 год адпрацавала на “Беларуськаліі” ў ідэалагічнай вертыкалі, таму ўзровень арганізацыі мерапрыемстваў ацаніць магу – на “выдатна”!

Уважліва ўглядалася ў абноўленыя пліты з імёнамі ўдзельнікаў прарыву жыхарка Багушэўска Сенненскага раёна Марыя Раманаўна Балабоўка. Ушацкае прозвішча жанчына атрымала ад мужа Генадзя – калісьці прыехала ў наш раён на працу, стварыла сям’ю. Але праз некалькі год выехалі з раёна, каб вяртацца сюды зноў і зноў, у тым ліку і на “Прарыў”, дзе пахаваны продак мужа.

Новае аблічча комплексу

Мемарыял набыў новае аблічча. Ён атрымаў граніт. Больш манументальнымі сталі пліты з імёнамі загінуўшых, паміж імі з’явіліся зоркі – месцы для ўскладання вянкоў. Амаль у цэнтры верхняй  пляцоўкі – Вечны агонь. І нават калі ён не гарыць – яго полымя  бачна ў языках чырвонай клумбы. Не было раней і зямлянак – іх тры, якія дапамогуць маладому пакаленню даведацца, у якіх умовах жылі і ваявалі партызаны. Недалёка ад іх і партызанская школа.

І калі ў цемры не бачна ігры шэра­чырвонага колеру і водблескаў бронзы партызана (раней скульптура была шэрай), то з’яўляецца падсветка – і ён зноў бяжыць, вырываецца з цемры.

Менавіта ўвечары зусім па­іншаму выглядае комплекс. Па­першае, тут з’явілася асвятленне шашы. І пры той колькасці народу, якая сабралася на  вячэрні канцэрт і салют, участак дарогі насупраць “Прарыву” нагадваў гарадскі і вельмі ажыўлены бульвар. А калі там пачуліся гукі духавога аркестра, гледачы расселіся на свабодныя месцы, а дзятва па­ранейшаму працягвала асвойваць зеніткі і БТРы – стала зразумела, што комплекс поўнасцю стаў адпавядаць той задачы, якая і ставілася перад пачаткам рэканструкцыі. Надаць новыя элементы, каб наблізіць яго да сучасных пакаленняў. Зрабіць так, каб сюды і надалей хацелася прыходзіць і прыводзіць сваіх дзяцей.

А галоўнай кульмінацыяй свята стаў “Салют Перамогі” на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Ён атрымаўся вельмі відовішчным – дзесяць хвілін над фігурай партызана неба асвятлялі рознакаляровыя ўспышкі агеньчыкаў. Гэта дзейства не пакінула абыякавымі нікога. Тысячы ўшачан любаваліся мірным небам на мемарыяле. Няспынным патокам рухалася калона машын з нашчадкамі партызан, якія прайшлі гэты шлях пад кулямі ў 1944­м.

З другім нараджэннем – мемарыяльны комплекс “Прарыў”!

На вуліцах райцэнтра

У гэты дзень на вуліцах райцэнтра было весела і мнагалюдна – у розных кропках разгарнулі сваю работу тэматычныя пляцоўкі на самы розны густ. Ажыўлена было на плошчы, дзе ладзілася выстава транспартных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Юныя наведвальнікі ахвотна прымяралі на сябе ролю вадзіцеля пажарнай машыны, “хуткай дапамогі” ці спецтэхнікі лясгаса.

Цэлы дзень звінелі звонкія дзіцячыя галасы ў любімым месцы маленькіх ушачан – скверы гарпасёлка. Тут для хлопчыкаў і дзяўчынак было арганізавана мноства разнастайных забаўляльных праграм. Атрымаць прызы за кемлівасць і спрыт можна было на дзіцячых гульнявых пляцоўках у “Горадзе дзяцінства”. Папулярнасцю ў дзяцей карысталіся конкурс малюнкаў на асфальце, імправізаваная лоўля рыбы.

Пакуль дзеці весяліліся, дарослыя разгарнулі на цэнтральнай вуліцы гарпасёлка сапраўдны горад майстроў! Тут можна было паглядзець і набыць вырабы ўмельцаў Дома рамёстваў і клуба “Адраджэнне”.

Дэманстравалі свае творчыя здольнасці, частавалі гасцей смачнымі стравамі на падворках сельсаветаў прадстаўнікі органаў мясцовай улады, устаноў культуры і адукацыі раёна. Немагчыма было прайсці міма імправізаванага Дрэва памяці, падрыхтаванага настаўнікамі і вучнямі Вяркудскай школы, якое падчас свята “прырастала” новымі лісточкамі – каляровымі стужкамі з імёнамі ваяваўшых дзядоў і прадзедаў. Спецыяльна да святочнай даты Плінская школа вырабіла аўтэнтычныя касцюмы з мешкавіны і саломкі. У вобразе народных артыстаў нязвыкла было бачыць многіх педагогаў Ушацкай школы – пад гукі гармоніка настаўніка фізічнай культуры Аляксандра Тарасені кідаліся ў танцы ўсе прахожыя. А падлічыць колькасць прыпевак, выкананых за дзень на Вялікадолецкім падворку Пятром Алексяёнкам, увогуле было немагчыма.

А вось ля музея панавала ўжо крыху іншая атмасфера. З “салдацкага прывалу” даносіліся ваенныя песні і прыпеўкі, працавалі палявая пошта і медчасць, тэматычная літаратурная выстава. Шмат крэатыўных знаходак у гэты дзень прапанавалі актывісты райкама БРСМ. Так, напрыклад, кожнаму жадаючаму яны малявалі на твары ці руцэ сімвалічныя знакі Перамогі, выяву сцяга Рэспублікі Беларусь.  Увагу ўсіх, хто ўдзельнічаў у мерапрыемствах ці проста праходзіў міма, прыцягваў устаноўлены ля музея макет мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, зроблены з гіпсу па аналогіі з помнікам. Непадробную ўвагу і цікавасць ва ўшачан розных узростаў выклікала выстава баявой зброі. Каб патрымаць яе ў руках і ўявіць сябе байцом, нават выстраілася чарга.

Шчыра дзякавалі ўшачане удзельнікам ансамбля “Талака”, якія некалькі гадзін забаўлялі іх на адкрытай танцавальнай пляцоўцы. Асабліва спадабалася выступленне Тамары Дзмітрыеўне Барадзёнак. І не дзіўна, паколькі прафесійныя артысты выканалі песню на яе словы. “Прыязджайце да нас яшчэ, а мы вам напішам новыя песні,” – казала пасля фотасесіі паэтка.

Да апоўначы гучала музыка ў райцэнтры – ушачане святкавалі самы знакавы для краіны дзень.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *