Что ждёт гостей фестиваля «ЭкстримПрорыв» на турнире по армрестлингу?

Cпорт

Адным з захапляльных відовішчаў сёлетняга “ЭкстрымПрарыву” стане турнір па армрэстлінгу. Нарэшце ў праграме з’явіўся від спорту, які доўгі час паспяхова развіваўся на Ушаччыне і прынёс нашым землякам нямала гучных перамог!

Прадставіць яго на фестывалі прамоўшн “Арматура”, які аб’ядноўвае спартсменаў, трэнераў, арганізатараў, балельшчыкаў і ўжо некалькі год ладзіць яркія спартыўныя шоу ў розных гарадах Расіі. А вось у Беларусі гэта будзе дэбютны турнір праекта. Паспрабаваць свае сілы ў асобным заліку на правую і левую руку змогуць усе, хто падаў заяўку на ўдзел. Гледачоў чакаюць таксама сем відовішчных паядынкаў вядомых атлетаў, прычым у нас з вамі будзе магчымасць пабалець за былога выхаванца Ушацкай ДЮСШ, майстра спорту па гэтым відзе Васіля Харака (на здымку злева).

Кульмінацыяй дзейства стане сустрэча суперзорак – заслужанага майстра спорту, чэмпіёна свету і Еўропы расіяніна Сяргея Токарава і мацнейшага беларускага армрэстлера Вячаслава Шараговіча – майстра спорту міжнароднага класа, які таксама мае “золата” сусветнага першынства. Удзел у шоу прымуць і іншыя медыйныя госці, у ліку якіх – легенда армрэстлінгу Дзяніс Цыплянкоў. Гледачы змогуць пагутарыць з зоркамі, сфатаграфавацца, атрымаць аўтографы.

“Для мяне, як і для многіх ушачан, гэты турнір – чаканая і прыемная падзея, – падзяліўся з намі былы дырэктар і трэнер Ушацкай спартшколы Ігар Клімашэўскі. – За час дзейнасці аддзялення падрыхтавана 10 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь, 21 КМС, нашы выхаванцы заваявалі 12 медалёў на першынствах свету і Еўропы. Многім хлопцам і дзяўчатам мы дапамаглі стаць моцнымі і загартаванымі, абраць актыўны лад жыцця – а менавіта ў гэтым галоўная задача як сілавых, так і іншых відаў спорту”.

Дарэчы, турнір “Арматура” на “ЭкстрымПрарыве” курыруе адзін з самых паспяховых вучняў Ігара Уладзіміравіча – майстар спорту Аляксандр Лабань. Аматары фестывалю ведаюць яго і як пераможцу і галоўнага арганізатара спаборніцтваў па сілавым экстрыме.

“Сёлета мы ў пяты раз збяром ва Ушачах наймацнейшых атлетаў Расіі і Беларусі: на пляцоўку выйдуць 5 багатыроў з Тулы і Башкартастана, Смаленска і Краснадарскага краю, волаты з Салігорска, Верхнядзвінска, Пастаў, Віцебска і Брэста, – анансуе падзею Аляксандр. – Прадставім унікальную праграму “Людзі супраць машын”, паспрабуем устанавіць новыя рэкорды, правядзём і конкурсы для гледачоў. Абяцаем: будзе вельмі цікава!”.

Яшчэ раздумваеце – ці браць білеты на галоўную лакацыю фэсту? Далучайцеся да дружнай балельшчыцкай каманды: прадэманструем усім, што Ушачы – сапраўдная сталіца спорту і экстрыму!

Праграму фестывалю чытайце на старонках наступнага нумара “Патрыёта”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *