Турнир по дзюдо памяти Станислава Шедько собрал более 200 юных спортсменов в Ушачах

Cпорт

У нядзелю яркія здымкі з залы нашага спарткомплексу разляцеліся па стужках сацыяльных сетак розных беларускіх гарадоў і раёнаў. Турнір па дзюдо, прысвечаны заснавальніку гэтага віду ва Ушачах Станіславу Шэдзько, даўно заняў месца ў ліку самых масавых і прэстыжных юнацкіх спаборніцтваў, а сёлетні мемарыял сабраў больш 200 удзельнікаў з дзевяці каманд вобласці і горада Мінска.

Яго нязменная традыцыя – прысутнасць ганаровых гасцей. Вось і ў гэты раз падтрымаць юных спартсменаў прыехалі дачка С.Шэдзько Ганна, зоркі айчыннага дзюдо і самба Анастасія Архіпава і Наталля Снежань, якія ніколі не плануюць іншых спраў на 25 мая (дзень нараджэння Станіслава Анатольевіча), бо ведаюць, што правядуць яго ва Ушачах. Прывітаў удзельнікаў турніру намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў.

Паядынкі праходзілі на чатырох татамі, і прасачыць за схваткамі ўсіх нашых землякоў было складана, аднак адчувалася, што яны вельмі стараюцца. Пра тое, што выступленне ўшачан аказалася дастойным, сведчыць 13 залатых медалёў. Усяго 24 кілаграмы важыць Віка Дрозд, але з элегантнай лёгкасцю выйграла фінал. А вось яшчэ адной Вікторыі – Пятніцы, каб апраўдаць сваё імя давялося праявіць цярпенне і характар ва ўпартых паядынках удзельніц да 29 кілаграмаў. Як правіла, шмат моцных дзюдаістаў прадстаўлена ў сярэдніх вагавых катэгорыях юнакоў – таму вельмі парадавала “золата” Савелія Раманоўскага. Апроч прыгаданых дзюдаістаў вышэйшыя ўзнагароды ў нашу скарбонку паклалі Арцём Бандарэнка, Платон Трахімёнак, Вячаслаў Лабёнак, Марк Карымаў, Юрый і Ганна Пугач, Яўгенія Крывёнак, Вікторыя Шарлай, Дар’я Кіслякова і Варвара Лецкая. На другую прыступку п’едэстала ўзняліся Арцём Сісковіч, Максім Паршонак, Іван Юргевіч, Вікторыя Федарэнка, Аляксандра Храмёнак, Валерыя Акулёнак, Ангеліна Алексяёнак і Ніка Міхаль, на трэцюю – Вадзім Хвошч, Павел Клачок, Глеб Грынцэвіч, Яўген Собалеў, Павел Крывёнак, Герман Быкаў, Павел Марковіч, Максім Цвяцінскі, Багдан Памялкоў, Анастасія Серадзенка, Святлана Крупеня, Валерыя і Кіра Карэйша, Паліна Шарлай, Ганна Мядзведская, Марыя Хамёнак і Дарына Муравіцкая.

Юныя барцы хваляваліся, але, напэўна, яшчэ больш перажывалі іх бацькі – дарэчы, сярод іх былі і тыя, хто таксама займаўся дзюдо ва Ушацкай спартшколе. “Калісьці да мяне на заняткі хадзілі мама Юры і Ані Пугач, таты Вікі Пятніцы і Ромы Лабёнка, а цяпер тут выступаюць іх дзеткі. Такім чынам можна сказаць, што на гэтым, 28-м па ліку турніры на татамі выйшла ўжо трэцяе пакаленне тых, каму Станіслаў Анатольевіч адкрыў дарогу ў чароўны свет спартыўных адзінаборстваў”, – разважае Вера Кіліна. Адна з першых выхаванак трэнера, яна дастойна працягвае на Ушаччыне яго справу разам з такімі ж захопленымі калегамі Святланай Фядосенка, Кацярынай Маркевіч, Крысцінай Зуевай.

Горда ўзнялася на п’едэстал за сваім медалём маленькая Маша Архіпава – магчыма, дачка неаднаразовай чэмпіёнкі свету і Еўропы ці хтосьці з іншых юных трыумфатараў ушацкага мемарыялу праз некалькі год будуць праслаўляць Беларусь на міжнароднай арэне, а значыць, недарэмна ўкладалі душу ў любімы спорт С.Шэдзько і яго паслядоўнікі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *